Святы Мікалай, літургічны ўспамін якога ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 6 снежня, не з’яўляецца толькі “святым падарункаў”. Яго атрыбутамі не з’яўляюцца поўная торба, алені і грубы смех. Найперш гэта вялікі заступнік, які пры сваім зямным жыцці праславіўся як мудры біскуп, цудатворца і чалавек вялікага сэрца і дабрыні.
Гэты папулярны святы нарадзіўся ў III ст. у Грэцыі і быў плодам руплівых малітваў сваіх бацькоў. З самага пачатку адзначаўся вялікай чуласцю да чалавечай нядолі. Яго жыццё авеяна мноствам легенд. Паданні кажуць, што ён уратаваў трох дзеваў ад сапсаванасці і паспрыяў іх шлюбу, заступаўся за пакрыўджаных несправядлівымі суджэннямі, выратаваў сваёй малітвай тонучых рыбакоў, служыў хворым і ўваскрасіў трох маладых людзей.
Заўважыць чалавека...
Мікалай быў адзіным дзіцём. Яго бацькі доўга чакалі нараджэння сына. Яны былі вельмі заможнымі людзьмі. Таму можна сцвярджаць, што ў Мікалая ні ў чым не было недахопу, ён меў усё, што хацеў або што давалі яму бацькі. Ён не павінен быў дзяліцца з братамі і сёстрамі, з роднымі, выхоўваўся ў дастатку. Аднак…
Мікалай становіцца святаром, а пасля смерці бацькоў увесь маёнтак раздае бедным. Для нас гэта незразумелы, для некаторых, напэўна, дзіўны і нават нерацыянальны ўчынак. Як можна, маючы маёнтак – усё аддаць чужым людзям?
Святы Мікалай вучыць нас, сучасных людзей, дзяліцца і заўважаць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Набліжаюцца святы – рэкламаваныя, насычаныя аздабленнямі, а таксама прыгажосцю, спецыфічнай атмасферай. Усё гэта не толькі засланяе для нас сэнс святаў, але і спрыяе таму, што мы не заўважаем людзей, якім патрэбна падтрымка, прысутнасць ці звычайная чалавечая дапамога.
Прысутнасць постаці святога Мікалая ў час святаў Нараджэння Пана невыпадковая. Ён нагадвае нам, што дабрынёй мы павінны дзяліцца з іншымі, таксама і акрамя сям’і, акрамя сяброў ці знаёмых. Гэта нярэдка будзе для нас цяжкім! Падобна як святы, мы павінны будзем ад чагосьці адрачыся. Пераламаць нежаданне, страх…
...i праявіць да яго любоў
Святы Мікалай асацыюецца ў многіх людзей са звычаем адорвання падарункамі. Аднак, як паказвае жыццё, у гэтым мы павінны быць вельмі асцярожнымі і далікатнымі, бо вельмі часта канцэнтруемся на тым, што матэрыяльнае, і забываем пра духоўны бок. Таму таксама не важна, хто што дае; ці гэта будзе якаясьці дробязь, забаўная рэч, кніжка… Галоўнае – сама інтэнцыя і праяўленне любові, павагі і клопату. Бо сутнасць адорвання – гэта наследаванне святога Мікалая і спазнанне таго, аб чым пісаў святы Павел. Апостал народаў вучыў, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць.
Ва ўзаемным адорванні важная найперш наша памяць і жаданне дзяліцца з іншымі. Варта задумацца над гэтай праўдай. Гэта павінен зразумець як той чалавек, які дае падарунак, так і той, які яго атрымлівае.
Тут не ідзе гаворка аб “рэваншы” падарункаў і абавязку аддзячыць. Часам дастаткова радаснага “дзякуй”, добрага слова ці цёплай размовы. За дабро не трэба спадзявацца на адплату ці ўзнагароджанне. Святы Мікалай адорваў бедных ціха і таемна. Ён даваў з сэрца і цешыўся, калі яго дар прыносіў камусьці радасць.
Кожны з нас можа быць у сваім асяроддзі святым Мікалаем. Ціхая, спакойная дапамога заўсёды патрэбная.
Кс. Юрый Марціновіч