Клара была родам з багатай, арыстакратычнай і адной з самых магутных сямей Асізі. Яна павінна была выйсці замуж за заможнага і ўплывовага двараніна, але, будучы юнай дзяўчынай, у 1212 г. прыняла пострыг. Падчас яе кананізацыі было сказана, што Клара была святой ўжо ва ўлонні маці, якая падчас цяжарнасці наведала Святую зямлю. Там, молячыся пра будучыню дзіцяці, яна пачула голас: "Ты народзіш дзіця, якое асвеціць сусвет!" Маці назвала нованароджаную дзяўчынку Кларай (Chiara), што азначае светлая.
Маці Клары была набожнай жанчынай, клапацілася пра тых, хто ў патрэбе. Згодна з яе прыкладам Клара вучылася быць добрай да слуг, якія выконвалі чорную працу ў высакародных сем'ях Асізі. Гэта навучыла Клару ўспрымаць людзей, не робячы сацыяльных адрозненняў.
З ранняга ўзросту Клара любіла падоўгу маліцца і нічога не хацела ведаць пра свецкае жыццё. У той час у Асізі расла слава Св. Францішка, і яго палымяныя пропаведзі трапілі ў адпаведную глебу - у душу Клары. Св. Францішак ацаніў высокія духоўныя якасці дзяўчыны, сілу веры і стаў пераконваць яе прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу.
Пасля складання абетаў, нядоўгі час, праведзены Кларай у пэўным славутым манастыры, аказаўся вельмі каштоўным для яе. Дзяўчына ўбачыла мінусы ў валоданні ўласнасцю; таксама Клара адзначыла, што тут працягваюць дзейнічаць класавыя прымхі. Яна ж мела другое бачанне манаскай супольнасці. Маладая манахіня верыла, што ўсё - і багатыя, і бедныя - роўныя перад Богам.
Праз пэўны час яна заснавала жаночы манаскі Ордэн Кларысак (Ordo Sanctae Clarae), маральны кодэкс якога гучаў так: "беднасць, цнатлівасць, паслухмянасць". Да моманту заснавання гэтага ордэна жаночыя манастыры заўсёды прытрымліваліся "Статуту", напісанага для іх мужчынамі. Клара, адстойваючы "прывілей беднасці", якога дагэтуль не патрабаваў ні адзін жаночы манастыр, вырашыла напісаць "Статут" сама. Адважна, з павагай да касцёльнай улады, яна пабожна апісала лад жыцця, да якога адчувала сябе пакліканай, і перадала на разгляд Папе Інакенцію IV. Адабрэнне "Статуту" св. Клара атрымала, знаходзячыся ўжо на смяротным ложы, 9 жнiўня 1253 года.
Св. Клара з'яўляецца заступніцай швачак, радыё і тэлебачання.
Апрацавала А. Марцішэўская