6 мая прыпадае ўспамін св. апосталаў Філіпа і Якуба, якія, пасля ўкрыжавання Езуса, старанна распаўсюджвалі Божае Слова і ўзмацнялі Касцёл, а жыццё скончылі мучаніцкай смерцю.
Св. Філіп, рыбак па роду заняткаў, бацька некалькіх дачок, нарадзіўся ў Бетсаідзе над возерам Генэзарэт. Калі Езус, ідучы па Галілеі, сказаў яму: "Ідзі за Мной", Філіп адразу пакінуў сям'ю і пайшоў за Хрыстом. Адчуваючы радасць, што ён стаў вучнем Хрыста, Філіп пайшоў да свайго настаўніка Натанаэля і сказаў: "Глядзі, мы знайшлі Таго, пра каго казаў Маісей і прарокі. Гэта Езус з Назарэта." Натанаэль, перакананы, што Месія не можа быць родам з мястэчка, якім пагарджалі габрэі, неахвотна пайшоў за Філіпам. Калі Хрыстос зірнуў на яго, адразу назваў яго па імі і сказаў: "Глядзіце, гэта сапраўдны габрэй, у якім няма нічога фальшывага". Натанаэль запытаўся, адкуль Езус яго ведае. Хрыстос адказаў: "Яшчэ да таго, як Філіп паклікаў цябе, я бачыў цябе пад фігавым дрэвам". Гэтыя словы пераканалі Натанаэля, што ён бачыць перад сабой Месію. "Настаўнік -, сказаў ён, - ты сапраўды Сын Божы, Ты Цар Ізраэльскі".
У пустыні, дзе Езус цудоўным чынам 5 хлябамі і 5 рыбамі накарміў 5 тыс. чалавек, Ён запытаўся ў Філіпа: "Дзе мы возьмем хлеб, каб насыціць іх?" Гэтае пытанне павінна было ўсвядоміць Філіпу, ці верыць ён у моц Езуса. Апостал не зразумеў гэтай думкі, аднак ахвотна ахвяраваў усё, што меў пры сабе.
Калі Езус расставаўся з апосталамі, ён паабяцаў ім, што глыбей, чым дагэтуль, дазволіць ім пазнаць Айца нябеснага. Тады Філіп сказаў: "Пане, пакажы нам Айца Свайго, і гэтага будзе дастаткова". На што Езус адказаў: "Хто мяне бачыць, той бачыць і Айца майго".
Гісторыя Касцёла апавядае, што Філіп быў сведкам унебаўшэсця Езуса Хрыста і бачыў спасланне Святога Духа, пасля чаго праз доўгі час абвяшчаў Евангелле ў Палесціне, за што быў пераследаваны. Падчас адной з місій апостала схапілі, падверглі катаванням, пасля чаго ўкрыжавалі, перавярнуўшы дагары нагамі. Смерць доўга не наступала, і апостала забілі камянямі.
Святога апостала Якуба называюць Малодшым з мэтай адрознення яго ад св. апостала Якуба Старэйшага, які быў братам св. Яна Евангелісты. Св. Якуб быў родзічам Езуса, і таму, паводле габрэйскай традыцыі, яго называлі "братам" Хрыста. Дарэчы, св. Якуб знешне быў вельмі падобны да Езуса, і некаторыя нават блыталі іх. Вядома, што пасля ўкрыжавання Хрыста шматлікія вернікі імкнуліся ўбачыць апостала Якуба, як жывы вобраз Езуса Хрыста.
Уваскрослы Езус даручыў св. Якубу ўладу над Касцёлам у Ерусаліме. Стаць першым біскупам Касцёла было вялікім гонарам, але таксама трэба было мець вялікую мужнасць, каб заняць гэтую пасаду ў горадзе, дзе ўкрыжавалі Езуса, і дзе было шмат ворагаў хрысціянства. Абавязкі біскупа св. Якуб выконваў з мудрасцю і няспыннай стараннасцю; вёў убогі стыль жыцця: насіў сціплую вопратку, хадзіў басанож, не спажываў ані мяса, ані рыбы, ані віна, шмат часу праводзіў у малітве. Гледзячы на тое, як паводзіць сябе апостал, габрэі моцна ўшанавалі біскупа, пачалі называць яго Справядлівым і намагаліся пры магчымасці пацалаваць край яго адзення.
У 59 годзе святы напісаў "ліст каталіцкі", у якім крытыкаваў тых габрэяў, якія наўмысна памылкова перакладалі тэксты св. Паўла, каб даказаць, што толькі вера вядзе да збаўлення, а ўчынкі не маюць ніякага значэння. "На што спатрэбіцца, - вучыў св. Якуб, - калі хто скажа, што мае веру, але яго ўчынкі з гэтай верай не супадаюць. Ці такая вера збавіць каго-небудзь? Як цела без душы з'яўляецца мёртвым, так мёртвай з'яўляецца і вера без учынкаў".
Як пад уплывам учынкаў апостала расла колькасць хрысціян, у такой жа ступені павялічвалася варожасць некаторых габрэяў у стаўленні да св. Якуба. Аднойчы, за знявагу габрэйскіх законаў, біскупа Якуба прыгаварылі да катаванняў. Апостала завялі на дах аднаго з будынкаў і пасля таго, як ён не згадзіўся адмовіцца ад веры ў Хрыста, скінулі ўніз. Святы апостал не загінуў, але пасля падзення стаў на калені і пачаў маліцца: "Божа, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць". Апостала закідалі камянямі. Так скончыў сваё жыццё мучанік на 86 годзе жыцця, пасля 30 гадоў біскупскай паслугі.
Св. Філіп з'яўляецца заступнікам кандытыраў, св. Якуб - рыбакоў, аптэкараў, пілігрымаў, жабракоў. Разам святыя апосталы лічацца апякунамі капялюшнікаў.
Падрыхтавала А. Марцішэўская