Св. Людвік Грыньён дэ Манфор нарадзіўся у 1673 г. у Францыі, ў шматдзетнай набожнай сям'і. Пасля святарскіх пасвечанняў знаходзіўся ў ліку некалькіх абшчын т. зв. "бедных святароў". Падчас нясення святарскай паслугі ў г. Нанце ўступіў у канфлікт са святарамі са свайго асяроддзя з-за імкнення раздзяліць умовы жыцця з ізгоямі грамадства. Людвіку прыйшлося пакінуць Нант і накіравацца ў Пуацье, дзе яго таксама чакалі выпрабаванні.
З-за перашкод, якія ўчынялі яму некаторыя прадстаўнікі мясцовага духавенства - янсеністы*, Людвіку нярэдка даводзілася прапаведаваць за горадам, на прыродзе, а з-за адсутнасці кафедры ён часам звяртаўся да прысутных з дрэва.
Пасля службы ў Пуацье дэ Манфор заняўся місыйнай дзейнасцю, зведваючы нягоды і дасягаючы толькі скромных вынікаў. Але з цягам часу яго пропаведзі пачалі набіраць моц і найбольш значнай яго працай стаў "Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі", дзе ён развівае канцэпцыю духоўнага рабства, як добраахвотнага і давернага аддання сябе Марыі і піша:
"Сапраўдная набожнасць да Найсвяцейшай Панны Марыі святая, яна вядзе душу да пазбягання граху і пераймання дабрадзейнасцей Найсвяцейшай Панны Марыі, асабліва Яе глыбокай пакоры, жывой веры, сляпога паслушэнства, нястомнай малітвы, ўсебаковага ўмярцвення, Боскай чысціні, Яе глыбокай міласэрнасці, Яе гераічнага цярпення, Яе анёльскай слодычы і Боскай мудрасці. Вось дзесяць асноўных цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі".*
Дэ Манфорт абвяшчаў немагчымасць прамога шляху да Езуса, мінаючы Панну Марыю, і тлумачыў гэта воляй Бога, грахоўнасцю чалавека і недасканаласцю нашых добрых спраў. Св. Людвік з'яўяляецца заснавальнікам Манфартанскага таварыства Панны Марыі, у аснову статуту якога былі пакладзены беднасць, малітва, паслухмянасць, распаўсюджванне адукацыі, апека над хворымі, міласэрнасць у стаўленні да бліжняга.
Успамін святога - 28 красавіка.
Па спасылцы знойдзеце малітвы паводле св. Людвіка і літанія да святога.
* вучэнне паслядоўнікаў галандскага біскупа Янсенія. Галоўныя асновы гэтага вучэння: адмаўленне свабоднай волі і вера ў прадвызначэнне.
*набыць "Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі" можна ў магазіне пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі (вул.К. Маркса,4)
Падрыхтавала А. Марцішэўская