Нарадзіўся св. Вацлаў каля 904 г. у замку ў Чэхіі. У хрысціянскім духу Вацлава выхавала яго бабуля Людміла. У 921 г. памёр бацька Вацлава чэшскі князь Вратыслаў, і апеку над падлеткам Вацлавам і рэгенцтва атрымала яго маці Драгаміра. Ненавідзячы хрысціянства, яна загадала забіць свякроў, але крывавае кіраванне Драгаміры неўзабаве скончылася, і ўжо праз год Вацлаў стаў чэшскім герцагам.
Ён усімі сваімі сіламі падтрымліваў хрысціянства, і дзякуючы яго намаганням Касцёл у Чэхіі далучыўся да Рыма. Вацлаў, які пабудаваў у Празе велічную катэдру святога Віта, вызначаўся глыбокаю пабожнасцю і вёў аскетычны лад жыцця, дзякучы чаму стаў вялікім прыкладам для сваіх падданых. 28 верасня 929 г. малодшы брат Вацлава Баляслаў, выхаваны маці ў паганстве, жадаючы захапіць пасад, забіў Вацлава, калі той выходзіў з касцёла. Рэліквіі святога Вацлава — апекуна Чэхіі — спачываюць у пражскай катэдры св. Віта і прыцягваюць вялікую колькасць пілігрымаў.
З жыццём св. Вацлава звязана шмат легендаў, адна з якіх (найбольш старажытная) распавядае пра выпадак, калі імператар Генрых запрасіў св. Вацлава на дваранскі сход. Вацлаў моцна спазняўся, што вельмі разгневала імператара, і ён загадаў пад страхам смерці не саступаць месца Вацлаву, калі той прыбудзе ў залу. Вацлаў прыехаў на трэці дзень сходу, і да здзіўлення ўсіх прысутных, месца Вацлаву саступіў сам імператар. Паводле легенды імператар Генрых убачыў ззяючы крыж на чале Вацлава і двух анёлаў, якія суправаджалі яго.
Паводле catholic.by, prahafx.ru