Святы Барталамей з'яўляецца адным з дванаццаці апосталаў, якіх выбраў сабе Езус сярод некалькіх дзясяткаў вучняў. Пра яго Хрыстос сказаў: "Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці" (Ян, 1:47).
У Евангеллі сустракаюцца два імя гэтага апостала: Барталамей і Натанаэль. Апосталы Мацвей, Лука і Марк ужываюць імя Барталамей, што значыць "сын Таламея". Імя Натанаэль ужывае св. Ян. Гэта габрэйскае імя, якое азначае "Бог даў".
Нарадзіўся св. Барталамей на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп.
Пра лёс Барталамея (Натанаэля) пасля Унебаўшэсця Езуса вядома няшмат. Некаторыя біёграфы пісалі, што пасля Спаслання Духа Святога Барталамей накіраваўся ў Індыю, дзе абвяшчаў Слова Божае. Некаторыя прыпісваюць яму місіянерскую дзейнасць у Арабіі, Эфіопіі, Персіі і Арменіі. Апокрыфы адносна жыцця св. Барталамея распавядаюць, што падчас абвяшчэння Евангелля ў Арменні, па загаду караля гэтай краіны, Барталамея схапілі і ўкрыжавалі за ягоную дзейнасць. Ад св. Ізыдора распаўсюдзілася меркаванне, што перад самай смерцю са св. Барталамея жыўцам садралі скуру. Таму на шматлікіх абразах св. Барталамея прадстаўляюць з пашкоджанай скурай і нажом - ягонымі атрыбутамі.
Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах.
А. Марцішэўская