“Айцец Максіміліян Кольбэ пацвердзіў сваім пакутніцтвам права Бога на жыццё нявіннага чалавека, даў сведчанне Хрысту і любові”.
Максіміліян Кольбэ нарадзіўся ў 1894 г. у польскім горадзе Здунская Воля. Значны духоўны ўплыў на фармаванне яго асобы аказала маці – Марыя Кольбэ, з якой Максіміліян заўсёды падтрымліваў цесную сувязь.У 1907 г. Максіміліян Кольбэ паступіў у францішканскую семінарыю ў Львове. Праз тры гады ўступіў у супольнасць айцоў францішканаў, атрымаўшы першае манаскае імя – Максіміліян. У Львоўскім касцёле Маці Божай Беззаганнай ён даў абет: усё сваё жыццё прысвяціць Маці Божай. Пасля Львова а. Максіміліян паехаў вучыцца ў Рым, дзе атрымаў доктарскія дыпломы па тэалогіі і філасофіі. У Рыме ён прыняў вечныя шлюбы і атрымаў другое імя – Марыя. Там раскрыўся яго талент да фізіка-тэхнічных навук. Будучы святы нават працаваў над праектам касмічнага карабля. Аднак самым галоўным у яго жыцці было манаскае пакліканне – наследаванне спраў Беззаганнай Маці Божай. У 1917 г. разам з некалькімі айцамі францішканамі а. Максіміліян заснаваў апостальскае таварыства “Рыцарства Беззаганнай”, галоўнай мэтай якога было пашырэнне хрысціянства ў свеце праз пасрэдніцтва Маці Божай. У 1922 г. па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці айцоў францішканаў а. Максіміліян Кольбэ пераехаў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з а. Мельхіёрам Фардонам, якога яшчэ пры жыцці называлі анёлам, бо ён, чым толькі мог, дапамагаў усім.
Пасля Гродна а. Максіміліян працаваў у Польшчы, Японіі. Яго плённая праца ў рэчышчы свайго паклікання працягвалася да пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з іншымі айцамі францішканамі а. Максіміліян Кольбэ быў арыштаваны нацыстамі. Але ў снежні 1939 г. манахаў выпусцілі. У 1941 г. гестапа паўторна арыштавала а. Максіміліяна і адправіла ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцім. Праз некалькі месяцаў з гэтага лагера збег вязень, таму было вырашана забіць 10 вязняў. А. Максіміліян Кольбэ выпадкова падслухаў разважанні аднаго з гэтых 10 чалавек, які бедаваў таму, што пакіне ў самоце сваю сям’ю. І а. Максіміліян прыняў рашэнне праз галодную смерць у карцэры аддаць сваё жыццё замест гэтага чалавека. Расказвалі, што Максіміліян Кольбэ падтрымліваў у карцэры астатніх: яны спявалі рэлігійныя песні, маліліся. Калі праз два тыдні дзверы карцэра адкрылі, то ўбачылі мёртвымі ўсіх, акрамя Максіміліяна Кольбэ. Тады яму зрабілі смяротную ін’екцыю.
У 1982 г. у Ватыкане на плошчы св. Пятра а. Максіміліян Кольбэ быў кананізаваны каталіцкім Касцёлам. На ўрачыстай св. Імшы прысутнічаў уратаваны ім вязень Асвенціма Францішак Гаёўнічак.