Марыя абрала лепшую долю. Марта рыхтавала стол для гасцей. Так бывае. «Хіба хочаш? Павінен» - часта можна пачуць прымаўку-апраўданне.
Марта была старэйшай сястрой ў той сям'і, дзе нарадзіліся таксама Марыя і Лазар. На яе старшынство ўказвае не столькі яе клопаты па гаспадарцы, як евангельскія словы, што Марта «прыняла Яго ў дом» (Лк 10,38). Яна была там «паўнапраўная».
Марту і Марыю нярэдка ўспрымаюць як проціпастаўленне, хоць на самой справе яго няма, і гэта першы ўрок, які варта атрымаць з ўрыўка аб прыёме Езуса ў доме Марты і Марыі (Лк 10,38-42). Людзі схільныя адабрэнне чагосьці аднаго ўспрымаць як асуджэнне іншага. Але ў хрысціянстве гэта далёка не спраўджваецца. Скажам, Валадарства Божае - безумоўна лепшае за цяперашняе быццё «ў выгнанні»; але ці з-за гэтага зямное жыццё з'яўляецца чымсьці дрэнным? Думаць так, значыць ісці ў кірунку маніхейства. Прыгажосць «будучай Нарніі» зусім не адмаўляе таго, што і тут ёсць тое, за што варта змагацца, што варта было б любіць, таму што само жыццё з'яўляецца чымсьці бязмерна каштоўным у вачах Бога.
Другім урокам можна назваць тое, што гаспадарчыя клопаты не абавязкова адводзяць чалавека ад веры. Святая Марта, сімвал і заступніца ўсіх хатніх гаспадынь, была простая ў сваіх паводзінах (дзіва што, падысці да Езуса і сказаць Яму - слухай, ці Табе ўсё роўна, што я загружаная працай? А ну скажы сястры, каб ішла мне дапамагаць!). А таксама - простая ў і сваёй веры. Не хто іншы, як Марта прызнала Езуса Месіяй (Ян 11). І, калі зыходзіць з логікі «не ўчыніў там Езус цудаў многіх з-за іх нявер'я» (Мц 13,58), то ў гэтым выпадку Лазар быў уваскрэшаны на падставе таго, што Марта веру мела.
Па правансальскай легендзе, пасля Ушэсця Госпада сям'я Марыі, Марты і Лазара перабралася ў Францыю. Лазар стаў біскупам Марсэлю, а жыццё Марты завяршылася ў Тарасконі, дзе яна і была пахавана. Ушанаванне св. Марты пачалося на Усходзе ў V ст., на Захадзе - у VIII ст. Св. Марту прызнаюць заступніцай хатніх гаспадынь, уладальнікаў гатэляў, прыбіральшчыц, пасудамыек. Не раз гаворыцца пра «спалучэнне харызмы Марты і Марыі» - так званае « сузіранне праз працу», калі чалавек знаходзіцца ў малітоўным стане, не пакідаючы фізічнай працы.
У іканаграфіі прадстаўлена ў сціплым уборы, з ключамі на поясе. У выяўленчым мастацтве нярэдка малююць Марту, якая вядзе ўтаймаванага дракона або ўціхамірвае яго - гэта звязана з легендай, што св. Марта перамагла пачвару, якое жыло ў Тарасконе. Яе атрыбуты - драўляная лыжка, кухонныя прыналежнасці, кніга, ружанец.