«За што ты мяне ўдарыў?» - запытаў Езус салдата, які разбіў яму скулу. Сапраўды, за што. Калі я зрабіў дрэннае - дакажы. Але хрысціян ва ўсе часы забівалі без доказаў, што яны «зрабілі дрэннае». Што такога змаглі зрабіць хрысціяне ва Угандзе, што кароль Мванга пасадзіў на кол і спаліў жыўцом дзеячаў англіканскай місіі?
Яны вучылі ўгандыйцаў чытаць, пісаць і маліцца. За што былі спалены зажыва 22 каталікі разам з Каралям Луангаю? Караля Лувангу - за тое, што ратаваў прыдворных хлопчыкаў ад педафіліі караля. Іншыя - за тое, што былі ахрышчаны, у тым ліку і двое хлопчыкаў, выратаваных ад дамаганняў, якім яшчэ не было 13 гадоў.
Афрыка - кантынент, не чужы хрысціянству, пачынаючы з вялікай Александрыйскай школы мысліцеляў. Але гэта Паўночная Афрыка. Уганда жа ўпершыню пачула Добрую Вестку ў апошняй трэці XIX стагоддзя.
«Белыя айцы» кардынала Лавіжэры прыбылі сюды ў 1879 годзе з пропаведдзю, навучаннем і медыцынскай дапамогай. Са сваёй маральнай навукай. За часы кіравання караля Мтэсі місія дзейнічала добра. А калі каралём стаў Мванга, хрысціяне ператварыліся для яго ў сталы дакор і супраціў яго распусным схільнасцям. Акрамя таго, угандыйскі кароль ставіўся да ўсіх прыезджых з падазрэннем, баючыся, што яны данясуць аб яго паводзінах брытанскаму ўраду, ад якога Уганда чэрпала фінансавую дапамогу. Таму, уласна, першымі ён знішчыў англікан. Прыдворны каталік, дварэцкі Іосіф Мукаса Балікудэмбэ, супрацівіўся забойству англіканскага біскупа Джэймса Ханнінгтона. Тады кароль «экуменічна» распарадзіўся пакараць смерцю і яго. Новым кіраўніком стаў Караль Луанга, таксама каталік. Калі кароль даведаўся, што Луанга ахрысціў і абараняе хлопчыка, на якога Мванга «паклаў вока», выбухнуў вялікі прыдворны крызіс. Кароль выклікаў ўсіх сваіх прыдворных і загадаў хрысціянам выйсці наперад. Такіх аказалася 15 чалавек разам з пяццю нядаўна ахрышчанымі Луангаю. Іх спыталі, ці яны жадаюць застацца хрысціянамі, ці жывымі. Ні адзін не адрокся. Раз'юшаны Мванга загадаў забіць абсалютна ўсіх хрысціянаў у сваім двары, як каталікоў, так і пратэстантаў. Больш за тры дзесяткі вернікаў спалілі жыўцом у мястэчку Намугонго.
25-гадовы Караль Луанга прыняў хрышчэнне ў лістападзе 1885 года года і загінуў у чэрвені 1886. Ён не быў «заслужаным каталіком», не паспеў. Але стаў сімвалам хрысціян Чорнай Афрыкі і заступнікам Афрыканскага каталіцкага моладзевага руху (Каталіцкай Акцыі). 35-гадовы Іосіф Мукасей Балікудэмбэ быў першым міністрам караля Мванга. Банабакінту быў старшынёй некалькіх пасёлкаў, Андрэй Каггва - прыдворным капельмайстрам. 50-гадовы Мацвей Калемба - каралеўскім суддзёй і намеснікам акругі. Не варта думаць, што такі скажэнец кіраўнік здольны сапраўды шанаваць сваіх служыцеляў ...
Каталіцкі Касцёл «не мае права» абвяшчаць святымі тых вызнаўцаў веры, якія не належалі да яго, хоць і крывёю пацвердзілі сваю прыналежнасць да Хрыста. Таму ў гэты дзень мы ўспамінаем «Караля Луангу і яго паплечнікаў, мучанікаў», не пералічваючы, хто з іх быў каталіком. Маліцца можна за ўсіх.
Пераследы, я гэтым групавым забойствам, працягваліся яшчэ некаторы час. Але адразу пасля таго, як яны сціхлі, ва Угандзе ў 1890 годзе прызналі сябе каталікамі амаль 2200 вернікаў і з'явілася 10 тыс. катэхумэнаў. Да 1906 году лік каталікоў узрос да ста тысяч ...
Папа Павел VI абвясціў Луангу і таварышаў святымі ў 1964 годзе, а ўжо 1969 іх імёны былі ўключаныя ў агульнакасцельны каляндар.