Кацярыне Сіенской, гэтай сціплай італьянскай дзяўчыне, належыць выбітнае месца ў гісторыі ХIV стагоддзя. Аскетычнае падзвіжніцтва Кацярыны пераўзыходзіць сваёй суровасцю, сваімі памерамі і фізічнымі вынікамі ўсё, што можна прывесці з гісторыі сярэднявечнага манаства, і разам з тым суправаджаецца высокімі экстатычнымі з'явамі, пэўна засведчанымі і дакладна апісанымі. У ХIV ст. імкненне да аскетызму пачынае згасаць, свецкі лад мыслення і жыццёвыя інтарэсы сталі моцна адрываць людзей. З'яўляюцца іншыя задачы і ідэалы - ідэя нацыянальнай дзяржавы, адраджэнне антычнай адукацыі з яе глыбокай пашанай прыгажосці і філасофскай думкі. Разам з верай у ідэю Божага царства падае і аўтарытэт той установы, якое заклікана яго ажыццявіць на зямлі, - Касцёла. Італія жа ў гэты час была ахоплена чумой, расколам і палітычнымі беспарадкамі. Тыя дні былі настолькі цёмныя, што многія святыя і навукоўцы лічылі, што прыйдзе канец свету. Святары пакідалі Рым, адправіўшыся ў Авіньён. І тады, сярод смуты і нязгоды ў Касцёле, Бог указаў на Кацярыну, хваравітую і напаўпісьменную дзяўчыну, якая стала захавальніцай забытага людзьмі ідэалу.
Кацярына Бенінказа, якая сёння з'яўляецца доктарам Касцёла і адной з найбольш шанаваных святых, нарадзілася ў 1347 г. у сям’і фарбавальшчыка з Сіены ў Італіі. У маладым узросце Кацярына, супраціўляючыся жаданню бацькоў выдаць яе замуж, уступіла ў трэці ордэн дамініканцаў. У кляштары з цягам часу дзяўчына распазнала свой жыцёвы шлях.
Сваё духоўнае пакліканне яна бачыла ў актыўнай дзейнасці, накіраванай на рэфармаванне Касцёла і на ўсталяванне міру ў падзеленай Італіі.
Натхнёная верай, дачка сіенскага рамесніка пачала навучаць сваіх духоўных кіраўнікоў, стала дарадцам цароў і настаўніцай пап. Ня самалюбства, але любоў кіравала ёй; гэтая любоў дала ёй сілу і ўладу над яе ўласным знемагаючым целам і над воляй іншых. У сілу гэтай любові яна ўлагодзіла Італію, ацаліла Касцёл і умацоўвала тэакратыю, вярнуўшы папу з Авіньёнскага палону на пасад св. Пятра.
Да сённяшніх дзён захавалася каля чатырохсот яе лістоў да моцных гэтага свету, пралатаў і менш важных асобаў. Аднак галоўнай яе працай сталі "Трактат аб Божым Провідзе", напісаная ў форме дыялогу, які яна вяла з Богам у стане містычнага экстазу. Кацярына памерла 29 красавіка 1380 і была кананізавана ў 1461. У 1939 Кацярына была абвешчана святой, апякункай Італіі і Еўропы.
рэліквіі св. Кацярыны ў касцёле Сан-Даменіко ў Сіене
"Любоў ніколі не застаецца бяздзейснай, але заўсёды выяўляецца ў вялікіх справах". (св. Кацярына Сіенская)
Падрыхтавала А. Марцішэўская