Бывае, што найбольш вядомае з'яўляецца адначасова найменш вядомым. Шмат у чым гэта тычыцца Евангелляў, апосталаў і евангелістаў. Напэўна не ўсе звярталі ўвагу, што ў Евангеллях - два аўтара Яна. Бо адзін - апостал Ян, а другі - "Ян званы Маркам" (Дз 12,25). І што евангеліст Марк - не апостал у нашым разуменні, як адзін з дванаццаці.
Юнак Йоханан па мянушцы Маркус (па-латыні - "молат") быў пляменнікам Барнабы (Клс 4,10), магчыма - лявітам, як і Барнаба, або быў паслугачом ў сінагозе. Яго маці Марыя была важнай для Евангелля асобай: хутчэй за ўсё, менавіта ў яе доме, у памяшканні для гасцей, адбылася Апошняя Вячэра, а таксама цалкам магчыма, што ёй належаў і той кавалак саду на Алейнай гары, дзе Езус у апошні раз знаходзіўся з вучнямі. Сам Марк ў Евангеллі ўспамінае факт, пра які замоўчваюць іншыя евангелісты: юнак, якога ледзь не схапілі, але ён збег, пакінуўшы ў руках праследавацеляў покрыва (Мк 14,51-52). Гэта можа быць указаннем на яго самога. Па звычаі, адзін са слугаў або малодшых сыноў дома начаваў у садзе або на полі, як вартаўнік ад чужых і злодзеяў.
Святы Пётр называе Марка сваім сынам (1 П 5,13), хутчэй за ўсё з прычыны таго, што ён яго ахрысціў. Вячэрнік (Святліца) служыла апосталам сховішчам пасля смерці Настаўніка: менавіта туды адправіўся св. Пётр пасля таго, як анёл вывеў яго з вязніцы (Дз 12, 11-17). Там св. Пётр навучаў юнага Марка ўсяму, што ведаў і памятаў аб словах і дзеяннях Хрыста, а хлопец слухаў і напаўняўся здзіўленнем, што пазней адбілася ў напісаным ім Евангеллі, якое яшчэ называюць "Евангеллем цудаў". Менавіта Марк засяродзіў увагу на аздараўленнях, уваскрасеннях, прароцтвах, аб’яўленнях, а не на пропаведзі, багаслоўскім тлумачэнні місіі Хрыста. Магчыма, ён імкнуўся не столькі растлумачыць, чаму і навошта, як паказаць Езуса цудатворцам, што мацней прыцягвае людзей, асаблiва не пасвечаных у глыбіні тэалогіі. Марк кажа не толькі пра вялікую колькасць цудаў, але і пра тое, што вучні і паслядоўнікі Хрыста атрымаюць у спадчыну таксама і Яго лёс - пакутаваць, як і Настаўнік. Марк бачыў смерць св. Пятра, свайго бацькі і настаўніка ў веры, таму легкадумныя пропаведзі "тут цуды, тут класна" былі яму чужымі.
Менавіта Св. Марк стаў родапачынальнікам такога літаратурнага жанру, як Евангелле. Ён першы выкарыстаў словы "Добрая Вестка" - "Евангеліён". Яго Евангелле карацейшае за іншыя, не самае лепшае з пункту гледжання мовы, але ён усё роўна - першы.
Паданне кажа, што Св. Марк загінуў "у восьмы год Нерона" у Александрыі. Там яго цела захоўвалася да 828 года, калі правіцель-мусульманін вырашыў разбурыць яго храм, а мармуровыя пліты і калоны выкарысталі на будоўлю. З боязі, што цела евангеліста будзе апаганена і знікне, двое купцоў употай яго вывезлі ў Венецыю, прыкрыўшы скрыню свінінай, каб мусульмане не рабілі мытнага дагляду. План атрымаўся, а св. Марка стаў заступнікам Венецыі.
Сімвал св. Марка - крылаты леў. Св. Марк дае ў сваім Евангеллі моцнае, яркае ўражанне пра цуды Хрыста, падкрэсліваючы гэтым царскую веліч Госпада. У яго Езус Хрыстус не "сын Давідаў", як ў Мацвея, а Сын Божы, Уладар, Цар сусвету. Менавіта таму ў іканаграфіі сімвалам св. Марка з'яўляецца леў - каралеўская жывёла, сімвал моцы і сілы.
Падрыхтавала с. Віргінія