Міласэрнасць – гэта вялікая таямніца Бога і вялікая складанасць у людскіх вачах. Яна ўтрымлівае ў сабе тое, з чым мы маем найбольшыя цяжкасці: спачуванне, прабачэнне, пакаянне...
Міласэрнасць - гэта радыкальная тэма. Біблія на сваіх старонках гаворыць як пра Божую міласэрнасць адносна людзей, так і пра выражэнне міласэрнасці паміж людзьмі. Але калі спускаемся да фундаментальнага ўзроўню, аказваецца, што гэты падзел губляе сэнс, паколькі атрымліваецца: калі мы сапраўды разумеем, чым з’яўляецца міласэрнасць, і хочам рэалізаваць яе ў сваім жыцці, адначасова пазнаем, што за ўсё гэта мы абавязаны Богу. Няма іншых падстаў для таго, каб я быў міласцівы да іншага чалавека, акрамя таго, што я сам першпачаткова спазнаў Божую міласэрнасць. І няма іншага шляху для хрысціянства, чым шлях міласэрнасці, таму што кожны чалавек патрабуе добрай навіны ад Бога, які прыйшоў, каб выратаваць свет, а не судзіць яго (Ян. 12, 47).
Гідам па Божай міласэрнасці ў Новым Запавеце з’яўляецца св. Лукаш. Сярод іншых аповедаў пра жыццё Хрыста менавіта аўтар Евангелля і Дзеяў апосталаў найбольш сканцэнтраваўся на дабрыні, якой Езус адорваў грэшнікаў. Лукаш не толькі, як Марк, пісаў пра цуды, якія здзейсніў Езус, не толькі, як Ян, падкрэсліваў любоў як матыў Божага дзеяння ў свеце, не толькі, як Мацвей, адкрываў нам Царства Божае. Лукаш пераказаў нам змест найпрыгажэйшых момантаў сустрэч Езуса з грэшнікамі і захаваў фундаментальнае, прыведзенае ў прытчах, вучэнне Езуса наконт міласэрнасці.
Менавіта ў гэтым Евангеллі - і толькі ў гэтым – знаходзяцца апісанні сустрэч Езуса з грэшніцай, якая абмыла Яму ногі алеем (7, 36-50), эпізод з кіраўніком мытнікаў Закхеем (19: 1-10), аповед пра добрага лотра, які спачувае Езусу на крыжы (23, 40-43). Толькі Лукаш напісаў дзве цудоўныя прыпавесці Езуса пра Божую міласэрнасць. Адна распавядае пра Міласэрнага Самараніна (10, 25-37), другая - пра міласэрнага бацьку і двух братоў (15, 11-32). Абедзве паказваюць, як на самой справе выглядае сустрэча чалавека з Богам. Лукаш узгадвае гэтыя прыпавесці ў той частцы Евангелля, дзе Езус прадстаўлены як вандроўны настаўнік. "А калі набліжаліся дні ўшэсця Ягонага ад людзей, - кажа аўтар - Ён захацеў ісці ў Ерусалім”(9, 51). Не сам горад, аднак, з’яўляецца яго мэтай, але тое, што павінна адбыцца там. Евангелле на працягу наступных дзесяці раздзелаў распавядае пра падарожжы Езуса, падчас якіх Хрыстус паказвае тое, як таямніца міласэрнасці спаўняецца ў канкрэтных, добра вядомых нам жыццёвых сітуацыях. І менавіта адно з казанняў св.Лукаша заканчваецца заклікам любіць ворагаў нашых: " Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. " (Лк 6: 27-36).
Паводле deon.pl