Св. Юзаф быў старым ці маладым? Большасць вядомых нам статуй і вобразаў уяўляюць св. Юзафа як старога з сівой барадой, які ўзяў пад апеку Марыю, пастанавіўшы трымаць да Яе такую дыстанцыю, з якой лекар падносіць немаўля з калыскі.
Відавочна мы не маем ніякага гістарычнага пацверджання ўзросту св. Юзафа. Некаторыя апакрыфічныя тэксты ўяўляюць яго як старога, Айцы Касцёла з IV стагоддзя дастаткова жорстка прытрымліваліся гэтай легенды. Мастак Гвідо Рэні паступіў падобным чынам, прадстаўляючы св. Юзафа як старца з сівымі валасамі.
Але калі мы паспрабуем углыбіцца ў падставы таго, чаму хрысціянскае мастацтва павінна прадстаўляць св. Юзафа як старога, то адкрыем, што яго ўзрост павінен лепш аберагаць дзявоцтва Марыі. Такім вось спосабам узнікла меркаванне, што старасць з'яўляецца лепшым апекуном дзявоцтва, чым маладосць. Адсюль вынікае, што мастацтва несвядома зрабіла Юзафа мужам чыстым і бязгрэшным, менавіта дзякуючы старому ўзросту, а не ўлічваючы годнасці яго характару. Падобным чынам можна было б выказаць меркаванне, нібы найлепшым спосабам паказаць, што чалавек не здольны на крадзеж, з'яўляецца прадстаўленне яго без рук.
Такое меркаванне ігнаруе факт, што не толькі моладзь, але і мужчыны старэйшага ўзросту могуць мець недазволеныя прагненні. Зузанну ў садзе спакушалі менавіта старцы. Але, што больш, прадстаўленне св. Юзафа старым садзейнічае таму, што ён паўстае перад намі як чалавек, у якога не засталося досыць жыццёвых сіл, а не як той, хто панаваў над імі, улічваючы волю Бога і Яго святыя намеры. Паказваць Юзафа чыстым толькі таму, што яго цела перайшло ў век старэння, падобна да таго, калі б хто ўсхваляў горны паток, які ўжо даўно перасох. Касцёл не пасвячае ў святары чалавека, якому не хапае жыццёвых сіл. Касцёл патрабуе мужчын, якім ёсць што ў сабе апаноўваць, а не прыгнечаных старым узростам, якія не маюць у сабе энергіі і не патрабуюць "апанавання". Таксама і з Богам. Акрамя таго, здаровы сэнс загадвае верыць, што наш Гасподзь хацеў бы мець названым бацькам каго-небудзь, хто быў быў здольны несці ахвяру, а не таго, хто быў бы да яе прымушаны.