Найпрыгажэйшая постаць для ўрачыстасці - гэта ціхі выканаўца волі Божай. Евангеллі не збераглі для нас ніводнага яго слова, толькі некалькі ўспамінаў пра яго. У прыватнасці, што св. Юзаф Абраннік быў справядлівы.
Апокрыфы кажуць, што ён быў удаўцом сталага ўзросту і згадзіўся на "прызначэнне" мясцовай юдэйскай супольнасці - стаць мужам (апекуном) дзяўчыне-сіраце, чые бацькі даўно памерлі. Не ўсе біблісты згаджаюцца з легендай аб сталым узросце Юзафа. Яна можа быць толькі "людзкім водгукам", своеасаблівым стэрэатыпам, які ўзнік дзеля падмацавання ідэі аб адсутнасці іх шлюбнай блізкасці і, адпаведна, чысціні Марыі.
Евангеллі выводзяць яго радавод ад цара Давіда, але ў Мацвея і Лукі ён падаецца па-рознаму, таму "біяграфіі" як такой мы не знойдзем. Гэта толькі агульны доказ яго паходжання з роду Давіда. Прафесію Юзафа таксама вызначаюць па-рознаму: ад цесляра да землямера. Апошні раз мы сустракаем успамін аб ім, калі Езусу было 12: бацькі ўзялі яго з сабой на свята, а потым шукалі сярод сваякоў. Пасля гэтага у агульных рысах лічыцца што Юзаф памёр.
Для новазапаветнага, хрысціянскага мыслення важна тое, што ён быў "праведны, справядлівы, добры" - dikaios. У чым жа заключалася справядлівасць Юзафа? Ён не захацеў ... быць праведным. Па юдэйскім законам, ён быў абавязаны абвясціць цяжарнасць заручанай з ім Марыі, якая ўзнікла яшчэ да іх сумеснага жыцця, каб супольнасць яе забіла камянямі да смерці. Бо такая ёсць праведнасць таго, хто прытрымліваецца Закону. Юзаф жа задумаў патаемна адпусціць сваю абранніцу.
Дзень урачыстасці св. Юзафа, верагодна, звязаны са старажытнарымскім святам багіні Мінервы - апякункі рамёстваў. Яго адзначалі 19 сакавіка разам са святам Юпітэра і Юноны - заступнікаў сталіцы і дзяржавы. Па меры таго, як хрысціянства навяртала людзей, "навяртаўся" і каляндар. Развіццю літургічнага культу св. Юзафа садзейнічала актыўная дзейнасць францішканцаў, у прыватнасці, сам Папа Сікст IV (былы францішканец) увёў гэтае свята 1479 у літургічны каляндар. Папа Грыгорый XV абвясціў яго ў 1621 годзе днём успаміну, Бенедыкт ХІІІ уключыў у 1726 годзе імя Юзафа ў літанію Усіх Святых, а Пій ІХ усталяваў у 1847 годзе свята "св. Юзафа - Апякуна Касцёла".
У іканаграфіі св. Юзаф прадстаўлены з Дзіцяткам Езусам на руках, ліліяй у руцэ. Яго атрыбуты - цяслярскія прылады, мех з вадой, посах вандроўніка, які распусціўся на свята Ясэя, светач, вінаград.
с. Віргінія