Кожны год у пачатку сакавіка пры любым надвор'і кірмаш у Вільні расцвітае кветкамі і вербамі святога Казіміра. А пачалося гэтае свята чатыры стагоддзі назад.
Кароль Казімір Ягелон (1427–1492) меў ад жонкі Альжбеты, малодшай дачкі цэсара Свяшчэннай Рымскай імперыі Альберта ІІ, пяць сыноў: з іх Уладзіслаў, Ян Ольбрахт, Аляксандр і Жыгімонт І сталі каралямі, Фрэдэрык – кардыналам арцыбіскупам Гнезненскім. Другому сыну, Казіміру, які нарадзіўся на світанку 3 кастрычніка 1458 г., выпала праславіцца як святому, стаць апекуном Вялікага Княства Літоўскага. Казімір Ягелон выбраў у якасці "другога бацькі" для сваіх сыноў гісторыка, пісьменніка-гуманіста і дыпламата Яна Длугаша (1415–1480). Ён адмовіўся ад пасады кароннага падканцлера, арцыбіскупа пражскага, і застаўся сціплым кракаўскім канонікам. Быў каралеўскім паслом у Рыме, Чэхіі і Венгрыі, удзельнічаў у заключэнні вечнага міру з крыжацкім законам. Ён першы прывёз у Кракаў творы антычных класікаў, напісаў гісторыю Каралеўства Польскага, у якой падаў шмат звестак пра падзеі ХV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім.Наведаўшы як паломнік Палестыну, ён выбраў адзіноту і святы спакой. Каралеўскі кракаўскі двор з магнацкімі інтрыгамі і забавамі кароль лічыў не лепшым месцам падрыхтоўкі да жыцця спадкаемцаў трона і выбраў для выхавання маладых каралевічаў ціхі замак у Старым Сончу. Там яны вялі размеранае і сціплае жыццё з рэдкімі забавамі. Калі кароль з сям'ёй прыязджаў у Вільню, Длугаш вывозіў юнага Казіміра для малітвы і працы ў Медніцкі замак.
Длугаш, верагодна, не рыхтаваў сына караля для духоўнай кар'еры. Больш за тое, у 1471 г., калі Казіміру было ўсяго 13 гадоў, венгры выбралі яго сваім каралём, і юны каралевіч з яшчэ маладзейшымі братамі і войскам накіраваўся ў Венгрыю. Аднак там другая партыя дваранства з 1457 г. падтрымлівала Мацея Корвіна, і палякі, не адважыўшыся пачаць міжусобную вайну перад тварам блізкай турэцкай пагрозы, мусілі вярнуцца назад. Магчыма, гэты эпізод яшчэ больш звярнуў позірк Казіміра да нябеснага Валадарства. Тым не менш, кароль пакінуў Казіміра ў Вільні замест Яна Альберта (за якога ў 1477 г. хадайнічалі літоўскія паны), але ён нязменна, як і раней, вёў у Ніжнім замку адасобленае і ціхае жыццё, і яго, як пісаў аўтар першай біяграфіі святога З.Ферэры, часцей бачылі ў касцёле, чым у палацы. Як наследніка кароны кароль спрабаваў далучыць сына да кіравання дзяржавай, пакінуўшы яго на час сваёй адсутнасці ў 1481–1483 гг. намеснікам у Польшчы.
Пра незвычайную, узнёслую набожнасць каралевіча Казіміра пісалі ўсе яго біёграфы, ад Захарыя Ферэры і Пятра Скаргі да аўтараў ХІХ ст. «На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцёлі, тайком выходзіў з пакою, адзін, босы прыбягаў да замкавай святыні, і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніц перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...»
У натхнёных вершах напісаў гімн Багародзіцы "Оmni Dei", вядомы пад яго іменем і ўжываны ў касцёле ад 1499 г. У 1483 г. хворы на сухоты Казімір прыехаў у Вільню, а на Каляды наведаў Гродна. Здароўе яго хутка пагаршалася, і 1 сакавіка яго перавезлі ў Вільню. Памёр Казімір на світанку ў чацвер 4 сакавіка 1484 г. у Ніжнім замку на 26-м годзе жыцця. Яго цела было ўрачыста пахавана ў капліцы віленскай катэдры, закладзенай каралём Казімірам.
Першыя дакументальныя звесткі аб святасці каралевіча Казіміра і цудах, што адбываліся пры яго пахавальні, вядомыя з прамовы перад папам Аляксандрам VI пробашча віленскай катэдры Эразма Цёлка, пасла князя Аляксандра (1501 г.). У папскай буле ад 15 мая 1501 г. для капліцы ў катэдры яшчэ асцярожна гаворыцца, што ў ёй пахаваны князь Казімір і "пры магіле яго, як кажуць, адбываюцца цуды". На радзіме святасць Казіміра ўжо ў пачатку ХVІ ст. лічылася бясспрэчнай.
У 1516 г. біскуп Войцех Радзівіл і віленская капітула, бернардзінцы з Вільні, а таксама Жыгімонт I накіравалі да папы Льва X лісты з просьбай прызнаць Казіміра святым. Кароль у лісце ад 10 мая 1516 г. нагадваў, што звяртаецца з гэтай просьбай ужо трэці раз і пісаў, што пры гробе Казіміра ўсё часцей здараюцца цуды. У наступным годзе ў Рым выправілася спецыяльнае пасольства ад караля, капітулы і ўладаў, і 4 лістапада 1517 г. пытанне вырашалася на калегіі кардыналаў. Атрымаўшы адпаведнае ўказанне з Рыма, прымас Ян Ласкі з Войцехам Радзівілам правялі ў Вільні ўступны працэс кананізацыі і адаслалі акты ў Рым. 15 верасня 1519 г. Леон X вырашыў накіраваць у Вільню легата біскупа Захарыя Ферэры, каб той на месцы праверыў "ці той Казімір, аб якім так многа гавораць, сапраўды заслугоўвае пашаны, што належыць святым, не з-за яго каралеўскага паходжання, але з-за цнотаў і святасці жыцця".
Прыбыўшы 2 верасня 1520 г. у Вільню, Ферэры і камісія з трох біскупаў азнаёміліся з запісамі пра цуды і выслухалі сведкаў. На гэтай падставе легат склаў "Vita beati Casimiri confessori" (датавана 1 снежня 1520 г.), ён жа падрыхтаваў Officium breviarum і Missalum на дзень св. Казіміра. З матэрыяламі камісіі ў Рым зноў адправіўся Эразм Цёлак. Аднак працэс кананізацыі так і не быў завершаны ў Рыме. 1 верасня 1521 г. памёр "апошні рэнесансавы папа" Леў X (Джавані Медзічы), да таго ж у час рабунку Рыма ў 1527 г. прапалі акты папскай тайнай канцылярыі, у тым ліку дакументы камісіі Ферэры. У 1539 г. Жыгімонт I яшчэ раз папрасіў Паўла III паскорыць кананізацыю Казіміра, аднак у гэты час у Святой Сталіцы на першым плане стаялі праблемы, што датычылі Рэфармацыі, дарэчы, яны закранулі і ВКЛ, прытушыўшы ў самым пачатку яшчэ не сфармаваны культ мясцовага святога.
Аднаўленне і завяршэнне працэсу кананізацыі Казіміра адбылося ў час пантыфікату Клімента VIІІ, які перад тым быў папскім нунцыем у Рэчы Паспалітай і захаваў прыязныя сувязі з Кракавам і Вільняй. 15 сакавіка 1602 г. біскуп Бенедыкт Война адправіў у Рым пасла каноніка Рыгора Свянціцкага, а кароль Жыгімонт ІІІ у лісце да папскага сакратара выказваў спадзяванне, што кананізацыя адбудзецца хутка. Выдаткі на місію Свянціцкага са скарбца св. Казіміра склалі 700 польскіх злотых. Затое ўжо 7 лістапада 1602 г. з'явілася була "Quae ad Sanktorum", якая пацвярджала факт кананізацыі св. Казіміра, дазваляючы шанаваць яго як святога. У ёй змяшчаўся афіцыум імшальны і брэвіярны і прызначалася свята на 4 сакавіка. У Вільні ў 1602–1603 гг. лютавала зараза, і таму капітула пры катэдры выехала з горада. Біскуп Война і мноства людзей прыходзілі па заступніцтва да грабніцы св. Казіміра.
10 мая 1603 г. канонік Свянціцкі прывёз з Рыма кананізацыйную булу і ўказанні пра абрады і набажэнствы, якія павінны былі выконвацца ў гонар новага святога, а таксама чырвоную шаўковую харугву (labarum) з выявай св. Казіміра на залатым полі на абодвух баках і з гербамі Святога Айца, Польскага Каралеўства, Вялікага Княства Літоўскага, Віленскага біскупства і Капітулы. Здзіўляюць яе памеры: у даўжыню 18 локцяў, шырынёй 9 локцяў. Бенедыкт Война прызначыў унясенне рэліквій на алтар на 10 мая 1604 г. За тры дні да ўрачыстасці труна каралевіча была адкрыта, і выявілася, што яго цела цалкам захавалася; пры галаве ляжаў гімн, які св. Казімір часта прамаўляў на хвалу Маці Божай.
Рэліквіі былі пакладзены на катафалк для ўсеагульнага пакланення. Тым часам езуіты рыхтавалі трыумфальную браму каля касцёла св. Яна, яшчэ дзве будаваліся ў горадзе. Урачыстая працэсія пачалася ад касцёла св. Стэфана а 4-й гадзіне па поўдні. Такога шэсця Вільня яшчэ не бачыла: велізарны натоўп, 32 цэхі і 5 брацтваў з харугвамі і абразамі, законы, войска, сенатары, святары і біскупы. Кананічную харугву нёс канцлер Леў Сапега, які прадстаўляў асобу караля. Ад касцёла св. Стэфана працэсія выйшла да Рудніцкай брамы, убранай на падабенства лятучага птаха, і тут яе сустракала дзяўчына на трыумфальнай павозцы – увасабленне Вільні.
Пазней канонік Р.Свянціцкі паводле падораных вотаў запісаў засведчаныя цуды, якія здарыліся пры грабніцы св. Казіміра (да 1627 г. ён налічыў 408 цудаў). Першы з іх – уваскрашэнне Уршулкі, дачкі віленскага мешчаніна, адбылося яшчэ ў канцы ХV ст. Былі і такія цуды. Кацярына Тэнчынская, жонка Юрыя Алелькавіча Слуцкага, аўдавела ў 1580 г. Праз некалькі гадоў у яе пачаўся галаўны боль, які мучыў яе цэлы год. Яна абяцала падараваць для грабніцы сярэбраную галаву ў натуральную велічыню, і боль прайшоў. Пазней Тэнчынская выйшла замуж за гетмана Крыштофа Радзівіла, і іх дачка Альжбета ўратавалася ад смерці. Каралеўскі сакратар Мікалай Ясінскі ў 1600 г. захварэў у Варшаве на гарачку. Лекары ўжо адступіліся ад яго, аднак ён выжыў, молячыся да св. Казіміра. У 1603 г. той жа Ясінскі звярнуўся да святога ў час эпідэміі жывёлы ў маёнтку Рэпля ў падзяку за ацаленне апошніх 10 жывёлінаў, ад якіх вельмі хутка павялічыўся статак. Ясінскі падараваў сярэбраную лямпу да гроба. Яго слуга ў тым жа годзе ў Рэплі па малітве прысутнага ксяндза пазбавіўся ад падучай хваробы, якой мучыўся да 50 гадоў. У 1603 г. пры пераправе праз Нёман ўратаваўся канонік Рыгор Свянціцкі, які накіроўваўся ў Рым. На зваротным шляху карэта, у якой ехалі Свянціцкі, Ян Рудаміна і Мікалай Любамірскі, ледзь не рухнула ў прорву па дарозе паміж Веронай і Падуяй, павісшы ў паветры на адным коле, аднак яе ўратаваў юнак у белым адзенні, падобны да св. Казіміра.
Сярод вылечаных па малітве да св. Казіміра ў пачатку ХVІІ ст. былі старасціна Геранёнская Пясецкая, жонка маршалка слонімскага Рыгора Трызны Аляксандра, суфраган віленскі Мікалай Пац, кашталян Войцех Ракоўскі, ксёндз з Відзаў Павел Малішэўскі, стараста мсціслаўскі Пётр Пац, Аляксандра Масальская, Зоф'я Хадкевічава, Ганна Галоўчынская, Аляксандр Гасеўскі, Каспар Цеханавецкі і мноства простых людзей, вядомых толькі па імёнах. Сведчаннямі сталі 407 вотаў. Сінод Віленскай дыяцэзіі ў 1613 г. пастанавіў прызнаць патронамі Літвы св. Юрыя, св. Казіміра і св. Мікалая. У 1621 г. Павел V дазволіў змясціць афіцыум св. Казіміра ў рымскім імшале і брэвіярыі, у 1636 г. Урбан VІІІ прызнаў св. Казіміра патронам Літвы, а Аляксандр VІІ (1655–1667) дазволіў адзначаць яго ўрачыстасці ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
У ХVІІ ст. культ св. Казіміра асабліва распаўсюдзіўся ў ВКЛ, набываючы грамадска-палітычны сэнс. Да яго як да нябеснага заступніка звярталіся ў час войнаў з ворагамі хрысціянства ці агульнанацыянальных бедстваў, законы хадзілі з працэсіямі да капліцы ў катэдры, спявалі суплікацыі для ўпрашэння Божай міласэрнасці. У 1604 г. Ян Кароль Хадкевіч, польны гетман, ідучы на інфлянцкую вайну, пайшоў у капліцу св. Казіміра, дзе, паклаўшы меч на труну, выслухаў Імшу і прыняў Св. Камунію, а затым папрасіў правесці 40-гадзіннае набажэнства і ўжо пасля гэтага пайшоў на вайну. 27 чэрвеня 1605 г. у бітве пад Кірхгольмам ён перамог шведаў. Кароль Ян Сабескі, які вырушваў пад Вену, папрасіў адпраўляць у капліцы св. Казіміра штодзённа ў 6 гадзін раніцы ўрачыстае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту для ўпрашэння нябеснай дапамогі ў час яго паходу. Віленская капітула ў 1672 г. пастанавіла адпраўляць у час сеймаў Імшу за св. Казіміра.
Культ св. Казіміра ў Вялікім Княстве Літоўскім развівалі розныя законы, але найперш – езуіты. Ім належаў віленскі касцёл, яны ж вынеслі вядомасць святога за межы краіны. У 1652 г. за мілю ад Полацка, на месцы, дзе ў пачатку ХVІ ст. адбылося цудоўнае з'яўленне святога перад войскам, езуіты пабудавалі касцёл св. Казіміра. Яму быў прысвечаны касцёл дамініканцаў у Стоўбцах (1642 г., фундаваны Аляксандрам Слушкам), касцёлы ва Уселюбе і Ліпнішках, капліцы ў касцёлах у Ражане (фундатар – віленскі ваявода Павел Сапега) і Коўне, алтары ў касцёле езуітаў у Варшаве, у Неапалі ў касцёле св. Юрыя (з рэліквіямі і статуяй св. Казіміра, прысланымі ў сярэдзіне ХVІІ ст. біскупам Тышкевічам), у славутым сваімі званамі Мехелене ў Бельгіі (у 1691–1692 гг. сюды прыслаў рэліквіі біскуп Бжастоўскі).
Рэліквіі св. Казіміра спачатку захоўваліся ў каралеўскай капліцы, заснаванай каралём Казімірам і адбудаванай пасля пажару 1530 г. Жыгімонтам І. Яна ацалела пры страшным пажары ў Вільні 1 чэрвеня 1610 г., калі згарэў дах на катэдры і лопнулі скляпенні, а на званіцы растапіліся званы. У 1616 г. пачалі будаваць капліцу св. Казіміра, фундаваную каралём Жыгімонтам ІІІ. Ужо пры Уладзіславу Вазу 15 жніўня 1636 г., у дзень Унебаўзяцця Панны Марыі, у новую капліцу з дазволу папы Урбана VІІІ была перанесена труна са святымі рэліквіямі.
Адбылася працэсія па Вільні, не менш ўрачыстая, чым у 1604 г., са спевамі гімнаў, пад музыку каралеўскага і катэдральнага аркестраў. Харугву св. Казіміра неслі адзін з пралатаў, Войцех Радзівіл і Стэфан Пац, каралеўскія знакі – скіпетр і карону – самыя відныя сенатары. Перад труной ішоў кароль Уладзіслаў IV з братамі Янам Казімірам і Фердынандам, а за імі – каралева. Казанне прамовіў славуты красамоўца і лацінскі паэт прафесар Віленскай акадэміі Мацей Сарбеўскі. Прыгожую сярэбраную труну змясцілі ў алтары, да якога каралева Канстанцыя падаравала вечную залатую лямпу. У 1652 г. Кангрэгацыя святых абрадаў дазволіла адзначаць перанос рэліквій як другое свята Казіміра ў першую нядзелю па актаве Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.
Пачынаючы ад канцлера ВКЛ Льва Сапегі, род Сапегаў стаў шчырым апекуном нацыянальнага святога. Многія Сапегі пры хрышчэнні атрымалі імя Казімір. У 1654 г., калі войска Хаванскага набліжалася да Вільні, рэліквіі святога былі вывезены на Жмудзь, а потым у Ружанскі палац Сапегаў, дзе і зберагаліся да канца вайны. Пры рэстаўрацыі Віленскай капліцы асноўным фундатарам стаў гетман Казімір Сапега, што аплаціў працу майстроў-тынкоўшчыкаў, якія аздобілі купал і сцены капліцы прыгожымі арнаментамі, а таксама заказаў сярэбраную труну для рэліквій святога. На працягу амаль трох стагоддзяў унікальны рэлікварый стаяў на алтары катэдральнай капліцы св. Казіміра. Калі пасля 1945 г. віленская катэдра была ператворана ў карцінную галерэю, труна св. Казіміра знаходзілася ў касцёле святых Пятра і Паўла на Антокалі. У канцы 1980-х гадоў яна была ўрачыста вернута на сваё спрадвечнае месца.
Іканаграфія св. Казіміра, відавочна, пачыналася з выявы на кананізацыйнай харугве. На ёй святы быў паказаны ў рост. "Лоб адкрыты, прыгожы, болей чым княскую выказваў годнасць; у анёльскім твары слодыч і павага нібы змагаліся за першынство, вочы з паглядам узвышаным і нерухомым, скіраваным у неба, адлюстроўвалі душу нявінную і празрыстую; а ўся постаць, узнесеная ў паветра, нагадвала Бога, які ўзнімаецца з зямлі да неба, ці анёла, што лёгка спускаецца на зямлю".
Аляксандр Ярашэвіч