Святая Схалястыка (480 - 10 лютага 542) была сястрой блізнячкай св. Бенэдыкта. Яны нарадзіліся ў Нурсіі (цяпер горад Норс у Сівілінскіх гарах), і сёння над месцам іх былога дома стаіць сціплая капліца св. Бенэдыкта.
Схалястыка была сапраўды роднай душой для св. Бенэдыкта. Суправаджала яго ў паездках і пайшла ўслед яго ладу жыцця, прысвечанага Богу. Калі св. Бенэдыкт заснаваў першы манастыр каля Суб’яко, яна заснавала падобны манастыр для дзяўчат. Там св. Схалястыка і жыла, у П'юмарыолі, дзе да гэтага часу стаяць два манастыры: мужчынскі - св. Бенэдыкта, і жаночы - св. Схалястыкі. Недалёка ад манастыра ёсць грот, у якім брат з сястрой сустракаліся і праводзілі духоўныя размовы. Звычай штогадовай сустрэчы захаваўся і падчас іх знаходжання на Монтэ Касіна.
З гісторыі жыцця св. Схалястыкі найбольш вядомы эпізод, як яна сілай малітвы выклікала шалёную навальніцу, каб не адпускаць ў зваротны шлях свайго брата, з якім загаварыліся дапазна. У гэтай гісторыі варта дадаць некалькі падрабязнасцяў. Узгаданая сустрэча была апошняй у зямным жыцці святой. За тры дні пасля яе св. Схалястыка пакінула гэты свет, а св. Бенэдыкт убачыў у сваім акне галубку - нібы яе душу. Ён пахаваў сястру ў магіле, якую рыхтаваў для самаго сябе.
У той вечар, калі яны размаўлялі дапазна, св. Бенэдыкт хацеў вярнуцца, каб браты не турбаваліся. Схалястыка ж на яго ласкавыя нараканні адказала: "Я цябе прасіла, ты не хацеў мяне слухаць. Таму я звярнулася да Бога - і была пачутая". Варта памятаць гэтыя словы, бо яны могуць быць выкарыстаны ў розных сітуацыях. Не заўсёды можна знайсці агульную мову з чалавекам, нават калі гэта даўні супрацоўнік, блізкі сябар, сваяк або - як св. Бенэдыкт - родны брат. Затое Бог ведае ўсе нашыя сапраўдныя патрэбы, падставы якіх, бывае, мы і самі не можам ясна растлумачыць іншаму чалавеку.
Святая Схалястыка лічыцца духоўнай маці ўсіх сем'яў сясцёр - бенэдыктынак.
С. Віргінія Хацян