Святы Блажэй - раннехрысціянскі мучанік, лекар, біскуп усходне-армянскага горада Севасціі (цяпер Сівас ў Турцыі). Як кажа традыцыя, ён нарадзіўся ў Цэзарыі Кападокскай, якая зараз таксама зяўляецца турэцкай тэрыторыяй, а некалі была адным з самых актыўных цэнтраў хрысціянскага жыцця. Адтуль паходзяць святыя Васіль Вялікі і Грыгорый з Наз'яну, Грыгорый Ніскі, Пётр Севасціец і многія іншыя.
Блажэй быў лекарам і ў сілу сваёй прафесіі сутыкаўся з многімі чалавечымі бедамі, хваробамі і няшчасцямі. Адзначаўся прыстойнасцю ў жыцці і медычнай практыцы, спачуваннем і праведнасцю ў паводзінах. Відавочна быў душой пакліканай: праз некаторы час пакінуў сваё служэнне ў свеце і адправіўся ў пустыню, каб там маліцца, разважаць і пасціцца.
Калі пасля смерці біскупа Севасціі паўстала пытанне пра пераемніка, як духавенства, так і хрысціяне мясцовай суполкі накіравалі свае чаканні да Блажэя, чалавека святога жыцця.
К вялікай радасці ўсіх Блажэй згадзіўся стаць біскупам. Кіраваў Касцёлам Севасціі мудра і з любоўю. Загінуў пры ганеннях за імператара Ліцынія.
Легенды кажуць, што святому Блажэю прыходзілася хавацца ад дзяржаўнага пераследу ў пячоры, а птушкі і звяры, якіх ён лячыў, прыносілі яму ежу. Аднойчы ў зняволенні ён вылечыў сына нейкай жанчыны, якому костка прабіла горла. Таму ў дзень св. Блажэя звычайна моляцца аб вылячэнні ад хвароб горла.
У іканаграфіі св. Блажэй прадстаўлены як біскуп, які дабраслаўляе. Яго атрыбуты: алень, пастарал, птушкі з ежай у дзюбах, дзве скрыжаваныя свечкі, скрабок - прылада катаванняў.
Падрыхтавала с. Віргінія