Найглыбейшы смутак, які тоіцца ў чалавечым сэрцы, мае месца, калі чалавек адыходзіць ад Бога. Прыкладам таму служыць багаты юнак з Евангелля: ён дакладна выконваў Дзесяць запаведзяў, але адышоў ад Езуса сумны, паколькі не хацеў вызваліцца ад свайго багацця. Нас таксам наведвае свой смутак, які бярэ пачатак у нашых розных "багаццях", такіх, як грахі і заганы. Гэтыя "багацці" - ганарыствсць, пажадлівасць, зайздрасць, нячыстасць, абжорства, гнеў або лянота - тармозяць нас на шляху яднання з Богам. Часта смутак і напаўняе нас з-за таго, што мы знаходхімся далёка ад Бога. Ёсць прымаўка: “Сумны святы - ніякі не святы”.
Супрацьлегласцю смутку з’яўляецца радасць, якая вынікае з жыцця ў гармоніі з Богам, з блізкімі, з прыродай. Радасць - гэта плён Святога Духа. Як пазбавіцца ад смутку, як адкрыць сябе радасці ў Святым Духу?
На гэтыя пытанні лёгка адказаць, кіруючыся 5 сродкамі ад смутку паводле св. Тамаша Аквінскага.
1-ы сродак а смутку – гэта прыемнасці.
Я не маю на ўвазе недастойных прыемнасцей, якія вядуць да граху або зневажаюць чалавечую годнасць. Гэта не супярэчыць і таму, што ў нашым жыцці ёсць перыяды, калі мы свядома адмаўляемся ад чагосьці прыемнага, каб дзякуючы посту адкрыцца яшчэ большым радасцям і яшчэ большым каштоўнасцям. Бог адорвае нас невымоўнай колькасцю дароў, якія нясуць у сабе жыццё, а часта і прыносяць задавальненне.
Колькі існуе прыемнасцей, за якія мы дзякуем Богу? Калі ў нас нічога не баліць, калі мы выспаліся, калі смачна паелі. Св. Павел скажа: маючы ежу, вопратку і дах над галавой, будзем задаволеныя. Ці задаволеныя мы? Колькі задавальнення ў зручнай вопратцы, у смачнай ежы, у прыгожа абстаўленай кватэры. Колькі задавальнення ў кіраванні машынай, у слуханні добрай музыкі, у Сакрамэнце Сужэнства і г. д.
Гэта першыя лекі ад смутку: звярнуць увагу на маленькія прыемнасці і на Таго, хто іх падарыў - Бога. Дакрануцца ў гэтых дробязях да Яго любові і дзякаваць за іх – вось што нараджае радасць.
2-і сродак ад смутку – гэта сузіранне ісціны.
Каб сузіраць ісціну, неабходны час. Калісьці адзін журналіст спытаў кардынала Люсціжэ: “У вас ёсць час на малітву?” І той адказаў: “Не, але я бяру яго”. Трэба браць сабе час для малітвы - запланаваць яго. Даросламу чалавеку, каб духоўна развівацца, патрэбна як мінімум гадзіна малітвы ў дзень. Каб у нашым жыцці не было так, як у анекдоце шасцідзесятых гадоў: прыехала ў камуністычную краіну група будаўнікоў з Амерыкі, каб паглядзець, як тут працуюць. На адной будпляцоўцы госці ўбачылі чалавека, які вазіў пустую тачку туды-сюды. Пытаюцца: "Ты навошта возіш пустую тачку?” А той адказвае: “У нас такі высокі тэмп работы, што не хапае часу, каб яе нагрузіць!”. Толькі б у нашым жыцці не здарылася так, што нам некалі будзе нагрузіць тачку - знайсці час для малітвы. Папа Бэнэдыкт XVI напісаў у энцыкліцы пра любоў, што малітва ніколі не будзе стратай часу.
Сузіранне - гэта супрацьлегласць спажывання, бо спажываць - значыць браць, а сузіраць - гэта дазволіць Богу, які з’яўляецца сапраўдным, агарнуць і перамяніць нас.
Ісціна - гэта Бог, які перш за ўсё прысутнічае ў слове. Мы павінны чытаць Святое Пісанне. Калі Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў год св. апостала Паўла, ці ўдалося нам хоць раз прачытаць яго пасланні? Гэтых пасланняў трынаццаць, і ў іх каля дзевяноста раздзелаў. Гэта значыць, чытаючы па раздзеле ў дзень, можна ўсё прачытаць за тры месяцы. Ці выкарыстаў я год св. Паўла для таго, каб пасябраваць з Паўлам - каб паслухаць яго, каб даць Праўдзе авалодаць мной, каб сузіраць яе? Напэўна ТАК! Будзем ўдзячныя за гэтую ласку. А калі не? Тады, можа быць, сёння варта прыняць рашэнне, каб запоўніць гэты прабел і прачытаць паслання св. апостала. Або паабяцаць, што кожны дзень, хоць па сем хвілін, будзем чытаць Новы Запавет?
Мы маем патрэбу ў сузіранні ісціны - гэта значыць у сустрэчы з Богам, які хоча напоўніць і змяніць нас сваім словам.
3-і сродак ад смутку – гэта слёзы.
У Евангеллі мы сустракаем жанчын, якія плачуць на Крыжовым Шляху. Плача Пётр, калі адрокся ад свайго Настаўніка. Слёзы бываюць розныя. Слёзы шчасця або слёзы злосці. Я ўспамінаю дзяўчыну, якая плакала на вяселлі. Я яе спытаў: “Чаго ты плачаш?” Яна шчыра адказала, што плача з-за рэўнасці, таму што яе хлопец танцуе з другой дзяўчынай.
У Евангеллі мы сустракаем і Хрыста. Ён плача каля труны Лазара, плача па Ерусаліме. Як добра, што Езус плакаў па жыхарам Ерусаліма. Будзем прасіць, каб Езус плакаў і па нас, каб Ён плакаў ў нас, каб Яго слёзы змянілі мяне, каб я плакаў у Ім, Яго слязьмі. Нам патрэбныя слёзы, якія ачысцяць нашыя сэрцы, слёзы шчырага жалю. Мы маем патрэбу ў слязах, якія выцякаюць з пазнання нашай бяды; не слёзы адчаю, як у Юды, а слёзы надзеі, як у Пятра.
4-ы сродак ад смутку – гэта размова з сябрам.
Хто не хоча сапраўднага сяброўства? Як мы ўдзячныя Богу за людзей, якія сталі для нас сапраўднымі сябрамі!
Бог выдатна прыдумаў шлюб, таму што муж і жонка перш за ўсё павінны быць адзін для аднаго сябрамі. Сяброўства існуе і па-за шлюбам, аднак, калі муж і жонка не з’яўляюцца сябрамі , то іх шлюб рызыкуе аказацца ў небяспецы. Таму з дзяцінства трэба маліцца аб распазнанні свайго паклікання: аб добрым мужу, добрай жонцы, і потым, ужо ў шлюбе, клапаціцца аб сяброўстве, якое з'яўляецца крыніцай радасці і вышэйшай формай любові паміж людзьмі. Трэба таксама знайсці сабе сяброў і сярод святых. Трэба чытаць кнігі, якія яны напісалі. Святыя - верныя сябры. Перш за ўсё, аднак, неабходна, каб кожны з нас дарастаў да таго, каб станавіцца Божым сябрам для іншых, асабліва для маладых.
5-ы сродак супраць смутку – гэта сон і цёплая ванна.
“Як сон любіць цела!” - спявае група Скальды. Не забуду свайго духоўніка, айца Яна Спежа, да якога яшчэ да ўступлення ў Дамініканскі Ордэн я кожныя два месяцы ездзіў з Познані ў Варшаву, каб паспавядацца і паразмаўляць. Спачатку ён запрашаў мяне ў манастырскую трапезную, каб я дастаткова паеў. Потым я прымаў душ і ішоў спаць. Я спаў больш за дзесяць гадзін, каб прыйсці ў сябе. А ў канцы была доўгая размова і споведзь. Ежа, сон, цёплая ванна, размова, споведзь - як усё гэта было важна. Калі я ўжо стаў святаром, у мяне былі духоўнікі, якія казалі, каб я спаў па сем гадзін. Якім адкрыццём было для мяне, калі знаёмая, якая вывучала медыцыну, сказала, што чалавек павінен штодня прымаць душ. Св. Аўгустын у Статуце, якому ўжо паўтары тысячы гадоў (па яму жывуць і дамініканцы), напісаў, што калі лекар загадае манаху прымаць цёплую ванну, то нават калі гэта даставіць манаху задавальненне, ён павінен быць паслухмяным лекару.
Вучэнне св. Тамаша Аквінскага, які жыў у трынаццатым стагоддзі, даволі актуальнае і цяпер. Будзем жа выкарыстоўваць яго сродкі ад смутку.
а. Раман Шульц
Паводле gaudete.ru