21 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае дзень св. Агнешкі. Яна з’яўляецца адной з самых вядомых святых рымскага Касцёла, нягледзячы на тое, што да нашых дзён дайшло вельмі мала гістарычных фактаў аб яе жыцці. Яе імя сустракаецца ў Каноне Імшы. Адзіныя дакладныя сведчанні распавядаюць пра яе юны ўзрост, пакутніцтва, пахаванне на могілках на вуліцы Наментана ў Рыме і пра сапраўднасць яе мошчаў.
Святая Агнешка з'яўляецца ахвярай падвойнага пакутніцтва: за цнатлівасць і за веру. Паводле адной з легенд, калі Ангнешцы ледзь споўнілася трынаццаць гадоў, да яе пасватаўся Сіфрыній (сын прэфекта Рыма Семпронія) з-за яе незвычайнай прыгажосці. Каб заваяваць сэрца прыгажуні, юнак абяцаў ёй велізарнае багацце і пашану, але Агнешка адказала яму, што сваё жыццё яна ўжо прысвяціла Хрысту. Схопленую па даносе як хрысціянку, яе спачатку выставілі на ўсеагульны агляд аголенай, а затым прыгаварылі да смерці. Агнешку аддалі вогнішчу, але полымя цудоўным чынам згасла і ёй вырашылі перарэзаць горла, нібы ягняці. Менавіта таму іканаграфія часта прадстаўляе св. Агнешку разам з ягнёнкам, сімвалам чысціні і ахвяры. У IV стагоддзі прынцэса Канстанціна, дачка імператара Канстанціна, загадала пабудаваць храм на вуліцы Наментана, - над месцам пахавання святой Агнешкі. Святыня перажыла ўжо некалькі рэканструкцый і сёння застаецца ў ліку самых важных рымскіх храмаў. Кожны год, 21 студзеня, канонікам касцёла святой Агнешкі прыносяць у дар двух белых ягнятаў, каб іх благаславілі і пераказалі Папе, а з іх воўны саткалі паліі (палій ўяўляе сабой перавязь з белай воўны і шасцю крыжамі з чорнага шоўку: гэта літургічнае адзенне, адметны знак і сімвал асаблівых сувязей, якімі архіепіскапы-мітрапаліты злучаны з наступнікам Пятра - нат. аўтара), якія Папа ўручыць новым мітрапалітам-архіепіскапам.
Літургічныя чытанні ў дзень св. Агнешкі нагадваюць нам, што «Бог выбраў нямоглае свету, каб пасароміць моцнае» (1 Кар 1,27), а таксама заклікаюць нас да малітвы праз заступніцтва св. Агнешкі, каб мы былі здольныя прытрымлівацца яе прыкладу ў гераічным сведчанні веры.
Паводле Радыё Ватыкана