Амброзій нарадзіўся каля 340 г. у Трэвіры. Яго бацька - імператарскі губернатар,быў прэфектам Галіі. Адна з легенд распавядае, што пры нараджэнні Амброзія рой пчол пасяліўся на вуснах дзіцяці. Яго маці хацела адагнаць рой, але мудры бацька казаў пачакаць, пакуль рой сам адляціць. Бацька пасля гэтага здарэння ўсклікнуў: "Калі дзіця будзе жыць, то будзе вялікім". Некаторыя меркавалі, што Амброзій будзе вялікім прамоўцам.
У тыя часы быў звычай, каб хрост адкладаць на пазнейшы час, каб перад самой смерццю ў стане нявіннасці пайсці ў вечнасць. Яшчэ адной прычынай для аддалення хросту было тое, што гэты сакрамэнт прымаў у паслядоўнікі Хрыста, што ў той час разглядалася вельмі сур'ёзна, з поўнай свядомасццю, што прынятыя абавязкі трэбы было выпаўняць. Таму Амброзій на працягу многіх гадоў быў толькі катэхумэнам (кандыдатам да хросту), і быў ахрышчаны толькі перад атрыманнем біскупскай годнасці.
Пасля смерці бацькі, калі Амброзію быў толькі адзін год, разам з маці, братамі і сёстрамі пераехаў у Рым. Там ён хадзіў у школу граматыкі і рыторыкі, і ў той жа час вывучаў права. У 365 годзе, калі Амброзію было 25 гадоў, ён адправіўся разам са сваім братам да губернатара правінцыі Паноніі Руфіна, сябра іх бацькі. Ён заставаўся там на працягу пяці гадоў, і, дзякуючы дапамозе Руфіна, быў прызначаны імператарскім губернатарам правінцыі Лігурыя-Эмілія, са сталіцай у Мілане. Амброзій заставаўся на гэтай пасадзе на працягу 3 гадоў (370-373 гг.). Ледзь паспеў навесці парадкі ў правінцыі і давёў да ладу яе фінансы, быў нечакана абраны біскупам Мілана. З таго часу ён будзе прапаведаваць Слова Божае пры кожнай магчымасці, бо лічыў гэтую паслугу за свой асноўны пастырскі абавязак. У кіраванні дыяцэзіяй ён быў далікатным, спакойным, разважлівым, справядлівым, добразычлівым. Адзначаўся моцнай воляй, пачуццём парадку, практычным разуменнем жыцця. Святары мелі ў сваім біскупе найпрыгажэйшы прыклад добрага пастыра.
Св. Амброзій карыстаўся вялікім аўтарытэтам, аб чым сведчыць тое, як яго акрэслівалі: "калона Касцёла", "жэмчуг, які свеціць на пальцы Божым". Для належнай падрыхтоўкі дяцэзільнага духавенства Амброзій стварыў семінарыю-кляштар па-за гарадскімі сценамі.
Біскуп Амброзій развітаўся з зямлёй і пайшоў да неба 4 красавіка 397 года, маючы 57 гадоў. Быў пахаваны ў базіліцы ў Мілане, якая сёння носіць яго імя.
Біскуп Мілана пакінуў шматлікія творы маральна-асцэтычныя і дагматычныя, гімны – яны сталі неад'емнай часткай літургіі. Багатая літаратурная спадчына складаецца ў асноўным з гамілій, каментарыяў да Евангелля паводле св. Лукі, прамоваў і 91 ліста. Працавітае жыццё закончыў творам аб добрай смерці.
З трактату святога Амброзія.
Аб пазбяганні свету.
Прыблізьцеся да Бога, адзінага і сапраўднага дабра. Дзе сэрца чалавека, там і яго скарб. Бог не адмаўляе добрых дароў для ўсіх, хто просіць Яго. Госпад добры, асабліва для тых, хто Яму давярае, таму трэба прыблізіцца да Яго ўсёю душой, усім сэрцам сваім, і ўсёю моцаю, каб мы знаходзіліся ў Яго святле, ўбачылі Яго славу і прынялі нябесную ласку. Да гэтага дабра давайце падымем нашыя сэрцы, застанемся ў Ім і будзем жыць дзеля Яго. Прыблізьцеся да Бога, таму што Ён знаходзіцца па-за межамі ўсякага разумення і большы за ўсе даследаванні, атрымліваючы асалоду ад вечнага і непарушнага спакою. Спакой гэты пераўзыходзіць усё, аб чым можна было бы падумаць ці ўявіць.
Дабро пранікае ўсю рэчаіснасць, а мы ўсе ў Ім жывем і залежым ад Яго. І над Ім няма нічога вышэйшага, таму што Яно з’яўляецца Божым. Ніхто не добры, як толькі адзін Бог. Усё, што добрае, тое паходзіць ад Бога, і ўсё, што ад Бога, тое добрае, і таму так было сказана: "Калі руку сваю адчыняеш, усё напаўняецца дабром". Дзякуючы дабрыні Божай ўсё, што маем, гэта добрае, без усялякай прымешкі зла. Вось такое дабро абяцае верніку Біблія, калі кажа: “Вы будзеце есці даброты зямлі”.
Мы памерлі разам з Хрыстом. Смерць Хрыста мы носім у нашым целе, каб жыццё нашае ў Ім аб’явілася. Так што цяпер мы не жывем нашым жыццём, але жыццём Хрыста, жыццём нявінным, чыстым, пакорным і перапоўненым рознымі цнотамі. З Хрыстом мы уваскрэслі з мёртвых, давайце жыць разам з Ім, з Ім узыдзем у нябёсы, каб змей не знайшоў на зямлі нашых пятаў, якія мог бы параніць.
Давайце ўцякаць адсюль! Вы можаце ўцячы духам, але целам застацца. Ты можаш быць тут і ў той жа час быць з Госпадам, калі толькі прыблізішся да Яго сваёй душою, калі будзеш дзейнічаць у адпаведнасці з Яго думкамі, калі не прама, але з верай ўзыдзеш на Яго шлях і ў Ім схаваешся. Таму што Ён прыстанішча і сіла, як сказаў Яму Давід: "Да Цябе я прыйшоў і не перажыў расчаравання".
Бог з’яўляецца нашым прыстанішчам. Тым не менш, Ён знаходзіцца ў небе і над нябёсамі, таму нам трэба звяртацца да Яго там, дзе спакой, адпачынак ад працы, дзе мы будзем святкаваць вялікую суботу (дадатак перкладчыка – у яўрэяў галоўным днём нядзелі лічыцца субота, як у хрысціян з’яўляецца нядзеля), як Майсей сказаў: "Суботы зямлі будуць служыць вам за ежу". Сапраўды адпачываць у Богу і бачыць Яго радасць, гэта сапраўднае свята, поўнае спакою і асалоды.
Давайце прыбягаць, як алені да крыніцы. Падобна, як Давід меў прагненні, таму няхай прагне і нашая душа. Хто з'яўляецца гэтай крыніцай? Слухай таго, які кажа: "Бо ў Табе крыніца жыцця". Да гэтай крыніца няхай кажа душа мая, "Калі я прыйду і з’яўлюся перад абліччам Тваім?". Таму што крыніцай ёсць Бог.
Крыніца: brewiarz.pl