Калядныя святы ў Заходняй Еўропе пачынаюцца 6 снежня, калі каталікі ўсяго свету святкуюць Дзень святога Мікалая. Святкаванне Дня святога Мікалая нагадвае людзям пра каштоўнасць бескарыслівага дару любові напярэдадні Раства.
Аб дабрадзейным жыцці святога Мікалая вядома няшмат. Святы Мікалай з Міры (горад у старажытнай Лікіі, цяпер горад Дэмрэ ў Турцыі), вядомы як Мікалай Цудатворац, нарадзіўся 15 сакавіка 270 года. Паводле падання, ён быў сынам заможных бацькоў з Патары ў Лікіі, правінцыі Малой Азіі. За правядзення набожнага жыцця святы быў абраны біскупам ў Міры Лікійскай, дзе і памёр 6 снежаня 346 года.
Самы старажытны ўспамін яго імя адносіцца да IV-V стагоддзяў. Фёдар Чытальнік, які жыў у VI, уключае біскупа Міры Мікалая ў спіс удзельнікаў першага Сусветнага Сабору, які праходзіў у 325 годзе ў Нікеі, на якім быў распрацаваны першы варыянт Сімвала Веры, званага цяпер Нікейска-Канстанцінопальскім.
Народныя легенды апавядаюць пра тое, што святы Мікалай дапамагаў бедным і няшчасным, непрыкметна па начах падкідаючы ў чаравічкі, пакінутыя каля дзвярэй, залатыя манеткі, і кладучы ў вокны піражкі.
Яўстрат Канстанцінопальскі, які жыў у другой палове VI стагоддзя, апавядае пра тое, як св. Мікалай выступіў у ролі абаронцы трох несправядліва асуджаных на смерць візантыйцаў. Прыкладна ў 960 годзе будучы біскуп Рэгінальд напісаў першы музычны твор пра св. Мікалая, дзе прапанаваў новы варыянт перакладу: замест слова innocentes ("нявінныя") у дачыненні да трох жыхароў Міры, несправядліва прыгавораных да смерці, ён ужыў pueri ("дзеці"). Магчыма, так зарадзілася традыцыя шанавання св. Мікалая, як заступніка дзяцей.
Сваім нябесным заступнікам яго таксама абралі маракі, зняволеныя, пекары і купцы.
У сярэдзіне сакавіка 1087 года 72 матроса з горада Бары, па іншых дадзеных гэта былі нарманскія рыцары, прывезлі рэліквіі святога Мікалая ў Бары, выкраўшы іх са склепу ў горадзе Міра, які тады знаходзіўся пад турэцкай уладай.
Практычна адразу пасля прыбыцця каштоўных парэштак бенедыктынскі абат Эліяна пачаў будаўніцтва святыні, прызначанай для захоўвання выкрадзеных рэліквій. Будаўніцтва базілікі доўжылася больш за стагоддзе, аднак ужо ў 1089, Папа рымскі Урбан II змог асвяціць крыпту, а ў 1105, пасля смерці Эліяна, новы абат заняўся аздабленнем ўнутранай прасторы царквы. Асвячэнне ўсёй базілікі адбылося у 1197 годзе.
У 1088 Папа Урбан II афіцыйна ўстанавіў літургічнае святкаванне перанясення рэліквій святога Мікалая на 9 мая. На візантыйскім ўсходзе гэтае свята не прынялі, а на Русі яно атрымала шырокае распаўсюджванне.
Прыкладна ў X стагоддзі ў Кёльнскім кафедральным саборы сталі раздаваць вучням царкоўна-прыходскіх школ садавіну і выпечку 6 снежня, ва ўспамін святога Мікалая, які стаў ушаноўвацца на Захадзе, як заступнік дзяцей. Неўзабаве гэтая традыцыя выйшла далёка за межы германскага горада і распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. У дамах на ноч сталі вешаць, успамінаючы старажытныя легенды, спецыяльна вырабленыя чаравічкі ці панчошкі, для таго, каб святому Мікалаю было куды пакласці свае падарункі.
У кожнай еўрапейскай краіне існуюць свае традыцыі і звычаі, звязаныя са святкаваннем гэтага дня.
Традыцыйна свята пачынаецца з наведвання касцёла.
У Нідэрландах гэтае зімовае свята чакаюць з нецярпеннем не толькі дзеці, але і дарослыя. Св. Мікалай з'яўляецца апекуном Амстэрдама, і галоўны каталіцкі храм горада названы ў яго гонар. Напярэдадні дня Св. Мікалая, вечарам 5 снежня, існуе традыцыя дарыць адзін аднаму падарункі, якія пакуюцца ў прыгожа аздобленыя пачкі.
У Францыі асабліва шануюць Мікалая Цудатворцу ў Латарынгіі, дзе яго лічаць святым заступнікам. Гэта другое месца паломніцтва да рэліквій святога пасля італьянскага Бары. Тут, у невялікім мястэчку Сан-Нікаля-дэ-Пор знаходзіцца базіліка Сан-Нікаля, у якой захоўваецца частка парэшткаў Мікалая. Дзень Св. Мікалая, які святкуецца яшчэ з сярэднявечча, з'яўляецца афіцыйным святам рэгіёну. Кожны год у гонар святога праходзіць ўрачыстая працэсія. Святы з'яўляецца на балконе мэрыі, дзе мэр уручае заступніку латарынгійцаў ключ ад горада.
У Нямеччыне, а таксама ў Швейцарыі і Аўстрыі, дзеці ўвечары, 5 снежня, выстаўляюць абутак за парог хаты, каб св. Нікалаус, які прыходзіць ноччу,пакінуў ім прысмакі і маленькія падарункі. Некаторыя вераць, што Нікалаус аб'язджае ўсе дамы ў сваіх санях і прыходзіць праз камін, каб схаваць прывезеныя падарункі ў абутак або павешаныя дзецьмі шкарпэткі.
Святам Св. Мікулаша, як у Чэхіі называюць Св. Мікалая, традыцыйна адкрываецца калядны сезон. Лічыцца, што ў гэты дзень Св. Мікалай падарожнічае па вуліцах, кватэрах і гатэлях Прагі, адорваючы паслухмяных дзяцей садавінай і прысмакамі, у той час як хуліганы і лайдакі знаходзяць у калядных шкарпэтках бульбіну або кавалак вугалю. Менавіта таму ў чаканні свята дзеці стараюцца не сваволіць, і, як правіла, без падарункаў ад святога Мікалая ніхто не застаецца.
У Дзень Св. Мікалая не толькі дораць і атрымліваюць падарункі, але і імкнуцца выканаць чыё-небудзь запаветнае жаданне. Гэта можа быць грашовая дапамога жабракам, цацкі, прысмакі, адзенне для дзяцей-сірот, іншая дапамога людзям у нястачы.
Паводле Ria Ru