Імя Мэта Талбота шырока вядома за межамі Ірландыі. Верагодна, у бліжайшай будучыні ён будзе далучаны да ліку святых, як заступнік пакутуючых ад алкагалізму. У 1975 годзе Папа Павел VI абвесціў Талбота бласлаўлённым.
Мэт Талбот нарадзіўся ў небагатай сям'і ў Дубліне ў маі 1856 года. У той час Ірландыя яшчэ не акрыяла ад жудаснага голаду сярэдзіны 40-ых гадоў 19 стагоддзя. Гэта была эпоха галечы і неверагодна цяжкіх умоў жыцця, што асабліва адчувалася ў гарадах.
Такая сур'ёзная праблема як п'янства была неад'емнай часткай жыцця ў Дубліне. Бацька і старэйшыя браты хлопчыка былі алкаголікамі. Алкаголь здаваўся людзям адзіным выратаваннем ад праблем паўсядзённасці, але яго вынікам былі няздзейсненыя мары і разбітыя сем'і. Мэт Талбот піў практычна з маленства і да дваццаці чатырох гадоў, што не магло не засмучаць яго маці. Яго штотыднёвыя зарплаты ішлі ў першую чаргу на алкаголь. Ён наведваў піўныя кожны вечар, а, калі грошаў не хапала, прасіў у такіх жа алкаголікаў. Было і так, што яму давялося закласці сваю вопратку і чаравікі, каб атрымаць грошы на п'янку. А аднойчы ён скраў скрыпку ў вулічнага музыкі і прадаў яе...Так ці інакш, Талбот усё рабіў, каб мець магчымасць выпіць: нават працу шукаў у гандляроў спіртнымі напоямі.
Тым не менш, у 1884 годзе малады мужчына спыніўся: вырашыў не піць тры месяцы. Спроба аказалася паспяховай. І ён павялічыў тэрмін устрымання спачатку на год, а пасля і на ўсё жыццё. Негледзячы на шматлікія нялёгкія выпрабаванні, Талбот больш ніколі не выпіў. Аднак, усё яго далейшае жыццё ўстрыманне было для мужчыны выпрабаваннем, якое патрабавала значных духоўных і псіхалагічных намаганняў. На працягу сарака аднаго года Мэт Талбот вёў духоўна насычанае жыццё: наведваў св. Імшу, дапамагаў бедным і шмат маліўся. Ён імкнуўся быць падобным да першых ірландскіх манахаў, чый лад жыцця быў вельмі суровым. Талбот увесь час чытаў Святое Пісанне, біяграфіі святых, працы святога Францыска Сальскага. Яго духоўным настаўнікам быў святар з дыяцэзіяльнай семінарыі, які даў яму ланцуг, які Талбот увесь час насіў на таліі ў знак пакаяння. Смерць сустрэла яго на шляху ў святыню ў нядзелю Святой Троіцы 7 чэрвеня 1925 года ён памёр ад сардэчнага прыступу на вуліцы Дубліна. Пахавалі яго на могілках у Гласневіне.
Звесткі аб смерці Талбота, яго пакутным жыцці і перамозе над алкаголем распаўсюдзіліся сярод каталікоў Дубліна. Народ пачаў лічыць яго Святым, які дапамагае тым, хто пакутуе ад алкагалізму. У 1972 годзе яго парэшткі былі эксгумаваны і перанесены ў святыню ў Лурдзе, у раён, дзе Талбот жыў. Кожны дзень да яго магілы з просьбамі аб дапамозе прыбываюць пілігрымы з усёй Ірландыі. Вера ў сілу заступніцтва Мэта Талбата расце і за межамі краіны. Многія людзі з нецярпеннем чакаюць яго кананізацыі.
Аб Мэце Талбоце мала пісалі. Усяго дзве кнігі, прысвечаныя яму, паспелі пабачыць свет: Эдзі Доэрці "Мэт Талбот" і Том Раян "Суцяшайце народ мой: Малітвы і разважанні бласлаўлёнага Мэта Талбота".
Паводле Catholic News Agency