Легенда абвяшчае, што Ігнацый быў шчаслівым дзіцем, якое Хрыстoс паставіў перад сваімі вучнямі і сказаў: ,,Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае’’ (Мц 18, 1-5).
Мы нічога не ведаем пра гады маленства і маладосці Ігнацыя. Мы можам сустрэць яго толькі ў якасці трэцяга біскупа Антыёхіі (пасля св. Апостала Пятра і св. Авідзія). Падчас пераследванняў пры імператары Траяне, Ігнацый быў заключаны ў турму і прысуджаны да смяротнага пакарання. Ён быў адпраўлены пад канвоем салдат у Рым, каб там быць кінутым на з'ядзенне дзікім жывёлам падчас арганізаваных гульняў.
Падчас падарожжа ў Рым Ігнацый спыніўся ў Смірне, дзе чакаў на карабль. Выкарыстоўваючы кароткачасовы перапынак, ён напісаў чатыры лісты хрысціянскім супольнасцям: у Эфесе, Магнезіі, Тралах і Рыме. У сваіх лістах Ігнацый выказаў запал веры і глыбокі супакой сэрца перад мучаніцкай смерцю. Гэтыя лісты з'яўляюцца важным дакументам веры на пачатку існавання Касцёла. Для васьмідзесяцігадовага Ігнацыя шлях у Рым быў сапраўднай пакутай, таму што трэба было на змену або плыць на караблі, або ісці пешшу. Святы Ігнацый памёр мучаніцкай смерццю каля 107 года на арэне ў Рыме, верагодна ў Калізеі.
Урывак з ліста св. Ігнацыя з Антыёхіі да Рымлянаў
Я пішу да ўсіх Касцёлаў і абвяшчаю ўсім, што ахвотна памру за Бога, калі вы ў гэтым мне не перашкодзіце. Я прашу вас, спыніце заўчасную дабрыню. Дазвольце мне стаць ежай для дзікіх жывёлаў, дзякуючы якім я дайду да Бога. Я – Божая пшаніца. Я буду сцёрты зубамі дзікіх жывёл, каб стаць чыстым хлебам Хрыста. Маліцеся за мяне да Хрыста, каб я праз гэтых жывёлаў стаўся ахвярай для Бога.
Не патрэбныя мне мірскія задавальненні і валадарствы свету. Лепей мне памерці ў Хрысце, чым валадарыць над усёю зямлёю. Шукаю Таго, Хто памёр за нас; прагну Таго, хто змёртвыхпаўстаў для нас. Блізкае маё нараджэнне. Прабачце мяне, браты! Не намаўляйце мяне жыць, не жадайце, каб я памёр. Калі я хачу належаць Богу, не выдавайце мяне свету, не спакушайце тым, што зямное. Дазвольце паглынаць беззаганнае святло. Калі я яго дасягну, я дасягну паўнаты чалавечнасці. Дазвольце мне наследваць цярпенні майго Бога. Калі хто мае Яго ў сваім сэрцы, ён зразумее, што я хачу, і, ведаючы прычыну маго смутку, злітуецца нада мною.
Князь свету гэтага хоча выкрасці мяне і перашкодзіць маім пошукам Бога. Няхай ніхто з вас не падтрымлівае яго. Будзьце больш на маім баку, гэта на баку Бога. І не размаўляйце пра Езуса Хрыста, калі ў той жа час прагнеце свету. Няхай не пасяляецца ў вас зайдрасць. Нават калі б я пытаў, будучы ў вас, не слухайце; а верце таму, што я пішу вам цяпер. Я пішу, будучы жывым, а прагнучы смерці. Мае густы былі ўкрыжаваны, і няма ніякай зямной пажадлівасці ўва мне. Толькі жывая вада прамаўляе да мяне з глыбіні сэрца і кажа: "Ідзі да Айца". Не цешаць мяне знішчальнае харчаванне, ні задавальненні свету. Прагну Божага хлеба, якім з'яўляецца Цела Езуса Хрыста з роду Давідавага, і напой, якім з'яўляецца Яго Кроў – любоў незнішчальная.
Я не хачу больш жыць на зямлі. Гэта адбудзецца, калі вы захочаце. У гэтых нешматлікіх словах я прашу вас: Паверце мне, Езус Хрыстус дазволіць вам убачыць, што я кажу шчыра. Праз Яго вусны прамовіў сапраўды Бог Айцец. Маліцеся за мяне, каб я дайшоў да Яго. Я пісаў вам, кіруючыся не чалавечым разуменнем, але думкай Бога. Калі я буду пакутаваць, гэта будзе знак вашай любові да мяне, калі мяне выпусцяць, гэта будзе азначаць вашае нежаданне.