Ігнацый (Ініго дэ Рэкальдэ дэ Лаёла) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку Лаёлаў у іспанскай краіне Баскаў і быў самым малодшым з трынаццаці братоў і сясцёр. У маладосці ён быў афіцэрам у войску аднаго з іспанскіх магнатаў і вёў разгульнае жыццё.
У 1521 г. падчас аблогі Памплоны французскімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэння яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыццё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя і дапамагла зразумець усю нікчэмнасць яго існавання.
Пасля выздараўлення ён пэўны час жыў у пакаянні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаванні». У гэты ж час у яго з’яўляецца містычны вопыт. Ён ажыццяўляе паломніцтва ў Святую Зямлю, а пасля гэтага распачынае вучобу.
У 1534 г. на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі св. Францішак Ксавэрый і св. Пётр Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае святарскае пасвячэнне. Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэннне Святому Айцу.
У 1540 г. Папа Павел ІІІ зацвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 г. пасля пятнаццаці гадоў плённага кіравання Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэнне для ўсяго Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай дзейнасці.
Святы — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаванняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумлення.
Успамін: 31 ліпеня.
Паводле catholic.by