Адназначна і дакладна адказаць на такое пытанне, практычна немагчыма. Каб мець хоць якое-небудзь уяўленне аб гэтым, можна звярнуцца да розных спісаў. У Літаніі да ўсіх святых іх можна налічыць ўсяго толькі некалькі дзесяткаў, а перагортваючы каляндар, дойдзем да некалькіх соцень. Спіс святых можна знайсці ў «Бібліятэцы святых» - Bibliotheca Sanctorum.
Гэтая энцыклапедыя складаецца з 17 тамоў і распавядае прыкладна аб 20-ці тысячах святых. Афіцыйны спіс святых і благаслаўлёных, праслаўленых Касцёлам, змяшчаецца ў «Рымскім Мартыралогу», але іх там усяго 9900. Варта таксама ўлічыць тых святых, імёны якіх звычайна не называюцца: напрыклад пра 800 мучанікаў з Атранто, успамін якіх святкуецца ў адзін дзень.
З іншага боку, у Кнізе Апакаліпсіса св. Яна напісана: «Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх». Таму назваць лічбу святых сапраўды немагчыма. Святыя - гэта ўсе людзі, якія адыйшлі з гэтага свету ў сяброўстве з Богам. Толькі частка з іх была афіцыйна праслаўлена Каталіцкім Касцёлам.
Паводле Ватыканскага радыё