У нядзелю Божай Міласэрнасці, 27 красавіка 2014 года на плошчы Святога Пятра, папа Францішак, у прысутнасці вялікай колькасці пілігрымаў з усяго свету, кананізаваў бл. Яна Паўла ІІ. Прапануем Вашай увазе афіцыйную біяграфію гэтага вялікага святога.
Караль Юзаф Вайтыла, абраны на папу 16 кастрычніка 1978, нарадзіўся ў Вадавіцах (Польшча) 18 траўня 1920 года. Быў трэцім дзіцём Караля Вайтылы і Эміліі з дома Качароўскай. Яго старэйшы брат Эдмунд (нар. у 1906 годзе) быў лекарам. Памёр у 1932 годзе. Старэйшая сястра, Вольга, памярла 16 гадзін пасля народзінаў 7 ліпеня 1916 года у Белай. Маці, адышла ў вечнасць у 1932 годзе. Тата, у хвіліну нараджэння Караля быў паручнікам Польскага Войска. Памёр у 1941 годзе.
Маючы 9 год, прыняў першую св.Камунію, а маючы 18 – сакрамэнт канфірмацыі. Пасля здачы школьных экзаменаў у Дзяржаўнай Мужской Гімназіі ім. Марціна Вадавіты ў Вадавіцах у 1938 годзе паступіў у Ягелонскі Ўніверсітэт у Кракаве.
Калі гітлераўскае акупацыйнае войска у 1939 годзе зачыніла вучэльню, малады Караль працаваў у 1940-1944 гадах у хімічнай прамысловасці Solvay, год у каменяломні ў Закшуўку, а потым у ачышчэнні вады ў Борку Фалэнцкім. Цяжкай працай зарабляючы сродкі на жыццё мог такім спосабам пазбегнуць вывазу ў Германію.
Пачаўшы ад 1942 года, адкрываючы пакліканне да святарства, хадзіў на курсы, якія падрыхтоўвалі да святарства ў падпольнай Кракаўскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, якой кіраваў арцыбіскуп Адам Сапега. Восенню 1941 года Караль Вайтыла разам з сябрамі заснаваў патаемны Рапсадыйны Тэатр. Пасля вайны працягваў вучобу ў зноў адчыненай Кракаўскай Духоўнай Семінарыі, а таксама ў Ягелонскім Універсітэце, да сваіх святарскіх пасвячэнняў – 1 лістапада 1946 года. Потым кардынал Сапега скіроўвае яго ў Рым, дзе ў 1948 годзе атрымоўвае дактарат з тэалогіі, на падставе дэсертацыі аб праблеме веры ў св. Яна ад Крыжа. У тым часе падчас вакацый працаваў душпастырам сярод польскіх эмігрантаў у Францыі, Бельгіі і Галандыі.
У 1948 годзе вярнуўся ў Польшу і быў прызначаны вікарыем спачатку ў парафіі ў Нэговіцэ непадалёк Кракава, а потым упарафіі св. Фларыяна ў цэнтры горада. Да 1951 года, у часе навучання на філасофскім і тэалагічным кірункам, быў акадэміцкім душпастырам. 12 снежня 1953 яго навуковая праца “Ацэнка магчымасцей у пастаноўцы хрысціянскай этыкі на падставах сістэмы Макса Шэлера” была прынята аднагалосна праз Раду Тэалагічнага Факультэта Ягелонскага Універсітэта, аднак Вайтыла не атрымаў прызнаннехабілітацыі па прычыне адмовы Міністэрства Адукацыі Польскай Народнай Рэспублікі. Быў прафесарам маральнай тэалогіі і этыкі ў Кракаўскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі і ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце.
4 ліпеня 1958 года папа Пій ХІІ прызначыў яго дапаможным біскупам кракаўскай архідыяцэзіі, надаючы тытульную сталіцу Омбі. Біскупскую сакру прыняў 28 верасня 1958 года ў Вавэльскай катэдры з рук арцыбіскупа Яўгена Базяка.
13 студзеня 1964 года папа Павел VI прызначыў яго арцыбіскупам мітрапалітам кракаўскім. 26 чэрвеня 1967 года той самы папа надаў яму кардынальскую годнасць.
Прымаў удзел у ІІ Ватыканскім Саборы (1962-1965), уносячы істотны ўклад у выпрацаванне канстытуцыі „Gaudium et spes”. Кардынал Вайтыла, перад сваім выбарам на Пятровы Пасад прымаў таксама ўдзел у пяці абрадах Сіноду Біскупаў.
16 кастрычніка 1978 года быў абраны папам, а 22 кастрычніка адбылася яго ўрачыстая інаугурацыя. Папа Ян Павел ІІ адбыў 146 душпастырскіх візітаў у Італіі, а як Біскуп Рыму наведаў 317 з 322 рымскіх парафій. Адбыў 104 апостальскія візіты па ўсім свеце, якія былі выразам адданай душпастырскай апекі Наступніка св. Пятра над усімі Касцёламі.
Яго галоўнымі дакументамі з’яўляюцца 14 энцыклік, 15 апостальскіх адгартацый, 11 аполстальскіх канстытуцый і 45 апостальскіх лістоў. Ян Павел ІІ з’яўляецца таксама аўтарам пяці кніг: “Перакрочыць парог надзеі” (кастрычнік 1994); “Дар і таямніца” у 50 гадавіну святарскіх пасвячэнняў (лістапад 1996); медытацый у паэтычнай форме “Рымскі Трыпціх” (сакавік 2003); “Устаньце, ідзем!” (травень 2004) і “Памяць і тоеснасць” (люты 2005).
Папа Ян Павел ІІ правёў 147 абрадаў беатыфікацый, падчас якіх абвясціў 1338 благаслаўлёных і 51 кананізацыю, абвясціўшы святымі 428 чалавек. Склікаў 9 кансісторыяў, падчас якіх надаў 231 кардынальскую годнасць (у тым ліку адну ін пэкторэ). Стаяў на чале 6 пленарных пасяджнняў Кардынальскага Калегіюма.
Ад 1978 года склікаў 15 пасяджэнняў Сіноду Біскупаў: 6 агульных і звычайных (1980, 1983, 1987, 1990, 2001), 1 надзвычайнае агульнае пасяджэнне (1985) і 8 спецыяльных (1980, 1991, 1994,1995, 1997, 1998(2), 1999).
13 траўня 1981 года на плошчы св.Пятра мела месца спроба яго забойства. Уратаваны матчынай рукой Божай Маці, пасля працяглай шпіталізацыі прабачыў забойцы, і ўсведамляючы, што атрымаў новае жыццё, актывізаваў сваю душпастырскую дзейнасць з гераічнай вялікадушнасцю.
Яго пастырская апека праяўлялася між іншым у стварэнні шматлікіх дыяцэзій і касцёльных структур, у прамульгацыі Кодэксу Кананічнага Права і Кананічнага Кодэксу Усходніх Касцёлаў, Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Прапануючы Божаму Народу падзеі асаблівай душпастырскай інтэнсіўнасці, абвясціў Год Адкуплення, Год Марыі, Год Еўхарыстыі і Вялікі Юбілей 2000 года. Быў блізкі да моладзі, даў пачатак Сусветным Дням Моладзі.
Ніводзін папа не сустрэў так шмат людзей, як Ян Павел ІІ. У агульных серадавых аудыенцыях (звыш 1160) удзельначала больш за 17,6 млн пілігрымаў, не ўлічваючы іншых сустрэч (больш за 8 млн пілігрымаў толькі падчас Вялікага Юбілею 2000 года). Сустрэў мільёны веруючых падчас душпастырскіх візітаў у Італіі і ва ўсім свеце. Прыняў на аудыенцыях вялікую колькасць свецкіх кіраўнікоў. Варта нагадаць пра 38 афіцыйных візітаў і 738 іншых аўдыенцый і сустрэч з кіраўнікамі краін, а таксама 246 аудыенцый і сустрэч з прэм’ер міністрамі.
Памёр у Рыме ў Ватыканскім Апостальскім Палацы, у суботу 2 красавіка 2005 года ў 21:37, у вігілію нядзелі in Albis, г.зн. устаноўленай ім Нядзелі Божай Міласэрнасці. Жалобныя пахавальныя цырымоніі адбыліся на плошчы св. Пятра, пасля чаго, 8 красавіка, цела было змешчана ў Ватыканскіх Гротах. 1 траўня 2011 на плошчы св. Пятра адбыўся ўрачысты абрад беатыфікацыі, які ўзначаліў яго наступнік і шматгадовы супрацоўнік на пасадзе Прэфекта Кангрэгацыі Дактрыны Веры, папа Бенэдыкт XVI.
Паводле vatican.va