Патрык нарадзіўся ў Вялікабрытаніі ў 385 годзе, у хрысціянскай сям'і. Калі яму было 16 гадоў, піраты выкралі яго ў Ірландыю. На працягу 6 гадоў ён быў там пастухом авечак. За гэты час ён вывучыў ірландскую мову. На выпадковым караблю яму ўдалося збегчы ў паўночную Францыю. Там атрымаў адукацыю і пачаў падрыхтоўку да місійнай працы.
У той час памёр у Ірландыі біскуп Паладый, скіраваны на місіі Святым Айцом Цэлестынам. Было прынята рашэнне адправіць на яго месца Патрыка. Пасвечаны ў біскупа Папам Рымскім ў 432 годзе Патрык адправіўся ў Ірландыю. Там ён знайшоў невялікія групы хрысціянаў, але яны былі астраўкамі ў моры паганства. Краінай кіравалі правадыры родаў і знакамітых сем'яў. Святары паганскія былі вельмі шанаваныя. Патрык сваёй разважлівасцю і падарункамі большасць з іх прывёў да веры. У Арма ён заснаваў сваю сталіцу.
Неаднаразова перашкаджалі біскупу Патрыку ў яго місіі, нават спрабавалі яго забіць. У цэлым яго праца праходзіла спакойна. Для навяртання вострава св. Патрык патрабаваў людзей. Яму на дапамогу звярталася шмат місіянераў. Аднак самай вялікай дапамогай былі для яго манахі.
Апошнія дні свайго жыцця св. Патрык правёў у манастыры. Стомлены апостальскай працай, ён памёр 17 сакавіка 461 года ў Арма (цяпер Ольстэр, Паўночная Ірландыя). Патрык жыў каля 76 гадоў, у тым ліку каля 40 гадоў у Ірландыі, дзе яго называюць сваім апосталам і заступнікам.
З твора "Споведзь" св. Патрыка, біскупа
Нястомна я дзякую Богу Майму, які захаваў мяне верным у дзень майго выпрабавання, так што сёння я магу з упэўненасцю скласці ў ахвяру як жывы падарунак маю душу Хрысту, Госпаду майму, бо Ён захаваў мяне ад усіх журботных момантаў. Вось чаму я кажу: Хто я, Госпадзе, або да чаго, што ён кліча, што адарыў мяне такой вялікай моцай? Сёння я таксама магу сярод народаў, ўсюды, дзе ўвесь час знаходжуся, хваліць і славіць Тваё імя, як у поспехах, так і ў складаных умовах. Усё, што я сустрэну, добрае ці дрэннае, я павінен прыняць ў роўнай ступені і заўсёды дзякаваць Богу, які навучыў мяне, каб я не вагаўся і бязмежна давяраў, што Ён ніколі не падводзіць і выслухоўвае мяне. І таму я не ведаю, ці ў канцы часоў я буду дапушчаны да так пабожнай і цудоўнай справы, каб я наследваў тых, аб якіх Госпад казаў, што яны будуць абвяшчаць Яго Евангелле ,,на сведчанне ўсім народам”.
Адкуль гэтая мудрасць, якой ў мяне не было, бо я не ведаю ані колькасць дзён маіх, ані разумеў Бога? Адкуль я атрымаў настолькі вялікі дар пазнання і любові Бога, пад уплывам якога я пакінуў сваю радзіму і бацькоў, каб пайсці да ірландскіх народаў, каб прапаведаваць ім Евангелле, пераносіць знявагі ад няверуючых і непавагу да майго паломніцтва, а таксама шматлікія пераследы і пазбаўленне сваёй волі дзеля волі іншых?
А калі я буду варты, і Госпад дасць мне гэты дар, я гатовы без прамаруджання і вельмі ахвотна аддаць маё жыццё дзеля Яго імя. Я глыбока ўдзячны Богу, які даў мне такую вялікую ласку, што праз маё служэнне не толькі шматлікія народы прыйшлі да Бога, але і высвячаюць новых святароў паўсюль для тых, хто нядаўна прыняў веру. Бог паклікаў гэты народ з канца зямлі, як абяцаў калісьці праз прарокаў: ,,Да цябе прыйдуць народы з канцоў зямлі, і яны скажуць: як жа нашыя бацькі падрыхтавалі сабе фальшывых багоў і не маюць ніякай карысці ад іх”. І яшчэ: ,,Я паставіў цябе святлом для народаў, каб Маё збаўленне дасягнула да краёў зямлі”.
І там я хачу чакаць абяцання Таго, Хто ніколі не ўводзіць у зман, так як Ён абяцаў у Евангеллі: ,,Многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якавам”. Мы пераканыя, што вернікі прыйдуць з усяго свету.
Літургічны ўспамін святога - 17 сакавіка
Крыніцы: brewiarz.pl, Święci na każdy dzień, Kielce 2011
Падрыхтаваў бр. Павел Федаровіч МІС