На пачатку заваёваў англасаксонскіх каралеўства Кент (цяпер графства) пакрывалася з мысам на паўднёвым усходзе Англіі, дасягаючы вусця Тэмзы, ў тым ліку ўключаючы знакамітыя гарады Кентэрберы і Лондан. Вялікае значэнне для гісторыі Касцёла ў Англіі меў св. Этэльберт у тым, што адкрыўшы брамы свайго каралеўства, прынёс хрысціянства ў Англію. Сёння, 24 лютага, літургічны ўспамін св. Этэльберта.
Наш святы распачаў валадаранне як васьмігадовае дзіця пасля смерці бацькі. У кіраванні яму дапамагалі каралеўскія саветнікі. Этэльберт кіраваў каралеўствам вельмі прадбачліва. У выніку гэтага заваяваў давер суседзяў. У тыя часы Англія была падзелена на шматлікія каралеўствы, якія ваявалі паміж сабою. Кароль Этэльберт прычыніўся да аб'яднання амаль усіх гэтых каралеўстваў. Яму нават удалося стварыць свайго роду саюз ангельскіх каралёў.
На працягу 36 гадоў ён быў язычнікам. Каля 588 года ён адправіўся ў Парыж, дзе яго жонкай стала Берта, дачка караля Меравінгаў франконскіх. Аднак яму была пастаўлена ўмова, што Этэльберт пакіне поўную свабоду Берце і яе ксяндзу капелану ў распаўсюджванні хрысціянскай веры. Пабожная жонка зрабіла такі ўплыў на мужа, што ён не толькі распачаў адносіны з Рымам, але і папрасіў Папу Грыгорыя I Вялікага, каб ён прыслаў сваіх місіянераў. Іх узначаліў св. Аўгустын Кентэрберыйскі, які ў 597 г. прывёў з сабою 40 айцоў бенэдыктынаў.
Кароль асабіста сустрэўся з ім і дазволіў абвяшчаць новую веру. Ён прыняў хрост толькі праз некалькі гадоў, калі ўжо добра пазнаёміўся з вучэннем Касцёла. У гісторыі Англіі Этэльберт быў першым каралём, які ўчыніў такі крок. Яго прыклад прыцягнуў іншых каралёў да хрысціянства. Тым самым можна сказаць, што ён быў тым, хто прычыніўся да прыняцця хрысціянства ў Англіі.
Святы Этэльберт з усіх сіл дапамагаў місіянерам распаўсюджваць новую веру сярод язычнікаў. З яго дапамогай і дзякуючы яго шчодрасці былі пабудаваны святыні, якія неўзабаве сталі катэдрамі: у Кентэрберы, Лондане і Рочэстэры.
Святы Бэда Шаноўны адзначыў, што Этэльберт валадарыў на працягу пяцідзесяці шасці гадоў. Падчас такога доўгага кіравання кароль адзначыўся не толькі рэлігійнай руплівасцю, але таксама адміністрацыйнай і заканадаўчай дзейнасцю. Этэльберт быў аўтарам першага англасаксонскага прававога кодэкса. Пасля прыкладна 64 гадоў жыцця святы памёр 24 лютага 616 года. Ён быў пахаваны ў касцёле св. Пятра і Паўла ў Кентэрберы кяля свяёй жонкі Берты.
Крыніца: Wincenty Zaleski, Święci na każdy dzień, Łódź 1982, s. 97-98.
Падрыхтаваў бр. Павел Федаровіч МІС