Дзень святога Валянціна, дзень усіх закаханых, які святкуецца 14 лютага, часам неабгрунтавана ставіцца ў адзін шэраг з Хэлоўінам як яшчэ адзін экспартны прадукт англа-саксонскай культуры. Але аказваецца, што св. Вялянцін, які ўспамінаецца ў гэты дзень у літургічным календары (менавіта ад яго імені паходзіць назва свята), быў абвешчаны апекуном закаханых ўжо у 1496 годзе Папам Аляксандрам VI.
Язычніцкі прапачатак
Аднак пачатак сучаснаму святу шукаць трэба не ў хрысціянстве, а ў язычніцкім Рыме. Дату літаральна ўсталявала сама прырода. У сярэдзіне лютага птушкі, што гняздуюць у Вечным горадзе, пачыналі заляцанне і аб'ядноўваліся ў пары. Гэта лічылася сімвалам абуджэннем прыроды і прадракала немінучы прыход вясны. Па гэтай прычыне рымляне 15 лютага святкавалі так званыя Луперкаліі - фэст у гонар бога ўрадлівасці Фаўна ці Луперка. Напярэдадні святкавання адбывалася латэрэя: імёны дзяўчат запісваліся на кавалках паперы, а лоты выцягвалі хлопцы. Такім чынам, ствараліся пары на час Луперкалій. Але здаралася нават і такое, што з таго моманту хлопец з дзяўчынай маглі застацца парай на ўсё жыццё...
Калі ў IV ст. хрысціянства стала галоўнай рэлігіяй Рымскай імперыі, язычніцкія абрады сталі паступова змяняцца святамі хрысціянскімі. Луперкаліі былі настолькі папулярнымі, што захоўваліся аж да канца V ст. Толькі ў 496 годзе адмяніў іх Папа Геласій І, замяніўшы іх самым блізкім каляндарным літургічным святам мучаніка Вялянціна. Але аказваецца, што святы яшчэ пры жыцці стаў сапраўдным апекуном закаханых.
Адзін ці два Валянціна?
У часы імператара Клаўдзія Гоцкага Рым быў настолькі змучаны крывавымі і непапулярнымі войнамі, што мужчыны адмаўляліся ісці ў армію. Імператар вырашыў, што прычына гэтаму - нежаданне пакідаць сваіх нявест і жонак. Таму ён адмяніў усе запланаваныя вяселлі. Святар Валянцін дапамагаў парам ажаніцца патаемна, але быў выкрыты і асуджаны на смерць. Яго збівалі, пакуль ён не памёр, а потым адсяклі галаву. Гэта адбылося 14 лютага 269 або 270 года - дата, на якую некалі прыпадалі язычніцкія Луперкаліі.
Але яшчэ перад тым, як гэта здарылася, у турме Валянцін пасябраваў з дачкой вартаўніка, якая яго наведвала і падтрымлівала. Каб аддзячыць сваёй апякунцы, святар пакінуў ёй развітальны ліст у выглядзе сэрца, на якім напісаў: "Ад твайго Валянціна". Над магілай святога пры Via Flaminia была пабудавана базіліка, аднак Папа Паскаль (817-24) перанёс цела мучаніка ў касцёл св. Праксэды. З часам святара Валянціна сталі блытаць з постаццю іншага святога пакутніка, яго цёзкі. Некаторыя даследчыкі нават сцвярджаюць, што насамрэч гэта адзін і той жа чалавек. У 197 годзе ён стаў біскупам Церні, у Умбрыі. Вядомым яго імя стала пасля таго, як ён першым благаславіў шлюб паміж язычнікам і хрысціянкай. Таксама св. Валянцін накіраваў сваім верным лісты аб любові да Хрыста. Загінуў у Рыме ў 273 годзе, таму што не хацеў спыніць навяртанне язычнікаў. Сёння менавіта ён з'яўляецца больш вядомым, і гэта да яго магілы ў саборы ў Церні прыходзяць паломнікі з усяго свету. На сарэбраным рэлікварыі, які захоўвае яго рэшткі, знаходзіцца надпіс: "Святы Валянцін, апякун кахання."
Таксама гаворыцца аб св. Валянціне як аб апекуне эпілептыкаў. Фактычна тут маецца на ўвазе трэці святы з гэтым іменем. Жыў ён у V ст. у Рэцыі (на сённяшняй нямецка-аўстрыйска-швейцарскай мяжы), і прыпісваецца яму ўлада ацаляць ад гэтай хваробы.
Будзеш маёй валянцінкай ...
Дзень святога Валянціна стаў сапраўдным святам кахання толькі ў Сярэднявеччы, калі людзі захапляліся жыццём святых і масава пілігрымавалі да іх магіл, каб ушанаваць рэліквіі. Так людзі ўспомнілі пра справы св. Валянціна. Свята найбольш распаўсюдзілася ў Англіі і Францыі. Як і ў антычным Рыме, разыгрывалася латэрэя імёнаў, але цяпер і дзяўчыны маглі выцягваць імёны хлопцаў. Потым напрацягу тыдня маладыя людзі насілі гэтыя карткі з імёнамі, прышпіленымі да рукава.
Дзяўчыны 14 лютага спрабавалі адгадаць, з кім яны ажэняцца. Каб высветліць гэта, назіралі за птушкамі. Калі дзяўчына першай бачыла ластаўку, гэта азначала, што яна стане жонкай матроса, калі вераб’я – то беднага чалавека, але жыццё сям’і будзе шчаслівым, калі берасцянку - то папросіць руку багаты чалавек. Ва Уэльсе ў гэты дзень прынята было дарыць драўляную лыжку з выразанымі на ёй сэрцамі, ключамі і дзіркамі ад ключа. Падарунак замяняў выражаную словамі просьбу: "Адкрый маё сэрца".
З XVI ст. на Дзень св. Валянціна жанчынам дораць кветкі. Усё пачалося са свята, арганізаванага адной з дачок караля Францыі Генрыха IV. Кожная з прысутных дзяўчат атрымала букет ад свайго кавалера. Але перад гэтым жаніх быў абавязаны 14 лютага адправіць сваёй каханай ліст з ласкавымі словамі, які назвалі валянцінкай. Гэты звычай зацвердзіўся нават на каралеўскім двары ў Парыжы. Валянцінкі аздаблялі сэрцамі і купідонамі, пісалі на іх вершы. У XIX ст. яны лічыліся самым рамантычным спосабам прызнання. Зместам ліста часта былі словы: "Будзеш маёй валянцінкай". У Злучаных Штатах Амерыкі, валянцінкі былі ананімнымі і таму часта скончваліся пытаннем: "Адгадай, хто?". У Еўропе ананімны адпраўшчык проста пісаў: «Твой валянцін».
У 1800 годзе амерыканка Эстэр Гоўланд распачала традыцыю адпраўкі гатовых паштовак-валянцінак. Сёння ва ўсім свеце яны дасылаюцца не толькі закаханымі адзін аднаму, але і дзяцьмі ў школах. Самы вядомы стваральнік валянцінак - французскі карыкатурыст Раймант Пэйнэ. Ён пачаў публікаваць іх ў 1965 годзе, калі дзень 14 лютага быў афіцыйна абвешчаны ў Францыі святам закаханых.
Свята Заручынаў
У Аўстрыі ў дзень Sankt Valentin на вуліцах адбываюцца парады, ў Англіі закаханыя дораць адзін аднаму кардонныя сэрцы, упрыгожаныя фігурамі Рамэа і Джульеты, а ў сучаснай Амерыцы - проста адпраўляюць па электроннай пошце. Але найбольш урачыста адзначаецца гэты дзень на радзіме св. Валянціна. Кожны год у нядзелю, бліжэйшую да 14 лютага, ў кафедральным саборы ў Церні адбываецца Свята Заручынаў. Сотні параў з розных куткоў свету збіраюцца на магіле св. Валянціна, каб паабяцаць сваё каханне і вернасць на час да дня вяселля . У 1997 годзе кароткі ліст тым, хто сабраўся ў Церні, напісаў Папа Ян Павел II. Пазней змест гэтага ліста быў выгравіраваны на таблічцы, умурованай недалёка ад магілы св. Валянціна.
Свята суправаджаецца канцэртамі, спектаклямі, паказам фільмаў, канферэнцыямі, выставамі і спартыўнымі мерапрыемствамі, якія доўжацца амаль на працягу цэлага лютага. Яшчэ ў гэтым годзе быў аб'яўлены конкурс на лепшае SMS-паведамленне на тэму кахання. 14 лютага ў Церні ўручаецца прэмія "Год кахання". Таксама арганізоўваюцца валянцінкі для ўдоў і ўдаўцоў, для людзей сталых і хворых.
Павел Бялінскі (КАІ)
Крыніца: fronda.pl
Пераклад: Вольга Пінкевіч