13 лютага Касцёл успамінае благаслаўлёнага Іардана з Саксоніі. Іардан нарадзіўся ў канцы дванаццатага стагоддзя ў Борберга каля Падэрборна (Вестфалія ў Нямеччыне). Вучыўся ў Парыжы. Калі ў сталіцу Францыі прыйшоў св. Дамінік Гузман, заснавальнік ордэна дамініканаў, ён зрабіў на Іардане такое моцнае ўражанне, што той паспавядаўся св. Дамініку з ўсяго свайго жыцця і 12 лютага 1220 стаў манахам. Праз два месяцы, ён стаў правінцыялам Ламбардыі. Праз год памёр св. Дамінік (1221 г.) і генеральная капітула ў 1222 г. абрала Іардана генералам ордэна дамініканаў.На працягу 15 гадоў ён служыў братам і сёстрам словам, прыкладам, лістамі і частымі наведваннямі кляштараў. За 15 гадоў яго праўлення з 30 манастыроў памножыў іх колькасць да 300, а колькасць манахаў дамініканцаў павялічылася з 300 да 4000! Іардан зрэдагаваў і апублікаваў канстытуцыі ордэна. Падчас вяртання з наведвання манастыроў ў Святой Зямлі карабль, якім ён плыў, разбіўся на сірыйскім ўзбярэжжы, у заліве Памфілія ў Малой Азіі. Іардан патануў 12 або 13 лютага 1237. Атрымалася знайсці яго цела, якое было пахавана ў манастыры св. Яна ў Акке (Ізраіль).
З лістоў бл. Іардана з Саксоніі да Дыяны, дамініканкі.
Брат Іардан, слуга ордэна дамініканаў, дарагой сястры ў Хрысце, Дыяне: пастаянна каштуй радасць і асалоду раю.
Вось, дарагая, з дапамогай ласкі Божай і пры падтрымцы Вашых малітваў, якія суправаджаюць мяне ўсюды, будучы здаровым я прыбыў ў Парыж. Адразу сеў пісаць гэты ліст, каб, па-першае, сваім прывітаннем абудзіць ў сэрцы Тваім трохі радасць, бо не хутка ўбачымся, а па-другое, каб даць вам асабістыя настаўленні. Я ведаю, што першае і другое будзе для Цябе пэўным суцяшэннем.
Сапраўды, дачка, ані Ты, ані дочкі Твае, не павінны празмерна старацца ў пакутах адносна свайго цела, у якіх Вы можаце лёгка перабраць меру. Шукайце больш цноту, бо яна, як кажа апостал, карысна ўсім. Да гэтага духоўнага практыкавання накіроўвай Свае сілы і пабожныя справы. Няхай заўсёды ў Тваім сэрцы праз вялікія прагненні пашырае свае межы нябеснае валадарства, гэтая слаўнае месца ўсялякай радасці і славы, месца напоўненае бляскам усяго, што прыгожае, якое знаходзіцца па-за магчымасцямі чалавечага пазнання; нябеснае валадарства, годнае месца жыхарства таго, хто па вобразу Божаму быў створаны! Хай нявесты (сёстры дамініканкі – аўт.) часта прыпамінаюць асобу Жаніха (Езуса Хрыста – аўт.) і ўглядаючыся ў Яго, няхай стараюцца здабываць духоўную прыгажосць, выключаючы ўсё, што можа быць пачварным і нязграбным, так, каб Яго вочы не маглі знайсці ў іх найменшай заганы. Няхай будзе ў Вас чысціня сэрца, нявіннасць жыцця, а паміж Вамі адзінства і спакой, гармонія і любоў. Здабывайце пабожную пакору, якая сцеражэ ўсіх добрых людзей, каб душа кожнай з Вас каштавала заўсёды асалоду цнот. Такою душою будзе цешыцца Сын Божы, благаслаўлёны на векі. Амэн. Будзьце здаровыя.
brewiarz.pl
bł. Jordan z Saksonii, Najdroższej Dianie..., Poznań 1998, s. 65-66.
Падрыхтаваў бр. Павел Федаровіч МІС