24 студзеня, Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога Францішка Сальскага — апекуна прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, а таксама "салодкага" доктара Касцёла, у дзень успаміну якога, традыцыйна асвячаецца мёд.
Святога Францішка Сальскага называюць "салодкім" доктарам Касцёла, бо адным з прынцыпаў яго душпастарскай дзейнасці быў прынцып добразычлівасці, які меў на ўвазе бясконцую пашану да ўсіх, нават да самых "несімпатычных", уменне першым зрабіць крок насустрач іншаму чалавеку, прымаючы яго з прыязнасцю і ўсмешкай. Святы Францішак Сальскі сваім аптымістычным гуманізмам і дасканалай адданасцю пастырскай справе натхняў святога Яна Боска.
Дэвізам святога Францішка Сальскага былі словы: "Быць усім для ўсіх". Ён імкнуўся наведваць кожнага са сваіх вернікаў, нават тых, хто жыў высока ў гарах. Гэты святы таксама вылучаўся сваёй дабрынёю і цярплівасцю ў руплівай справе навяртання.
У дзень успаміну святога па традыці асвячаецца мёд.
Св. Францішак Сальскі нарадзіўся ў 1567 годзе. Пасля навучання ў Парыжы і Падуі і пасля кароткай юрыдычнай кар’еры атрымаў святарскія пасвечанні, быў апосталам сярод кальвіністаў, навярнуў каля 70 тысяч чалавек. У 1602 г. стаў біскупам Жэневы і нястомна працаваў над умацаваннем веры. Адзначыўся лагоднасцю і далікатнасцю, чым тлумачыцца яго апостальская праца. Яго лісты, а асабліва “Філатэя” і “Тэотым”, належаць да класічных аскетычных прац. Разам са св. Францішкай Фрэмо дэ Шанталь заклаў закон сясцёр візітак.
Памёр 28 снежня 1622 г. у Ліоне. 24 студзеня быў пахаваны ў Анэццы.
Чым прыклад святога Францішка, які жыў сотні гадоў таму, можа сёння натхняць прадстаўнікоў каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі? Мы жывём у час, калі тэхнічныя магчымасці дазваляюць перадаваць інфармацыю ў самыя далёкія куткі найхутчэйшым спосабам. Але ці кожнае нашае слова, прамоўленае са старонак газеты, сайта, пачутае з радыё ці тэлебачання, гэтак жа трапіць у сэрца і душу нашых чытачоў? Святы Францішак імкнуўся дайсці да кожнага верніка, нават дзеля гэтага забіраўся ў горы. Гэтак і мы павінны шукаць усе магчымыя слоўныя і выяўленчыя формы, каб Божае слова глыбока закранула, як моладзь, так і старэйшых людзей, умець перадаваць інфармацыю з каталіцкага жыцця, умець тлумачыць яго з'явы і праблемы на зразумелай мове для людзей рознай ступені адукаванасці і абазнанасці.
Апрацавала на аснове інтэрнэт старонак А. Марцішэўская