Вашай увазе прадстаўляем урывак казання бл. Яна Паўла ІІ падчас бэатыфікацыйнай Імшы Караліны Кузкувны 10 чэрвеня 1987 г. Бл. Караліна, 18 лістапада 1914 г., баронячыся ад рускага салдата, які хацеў яе згвалціць, была забіта. У той момант дзяўчынка мела 16 гадоў. Сёння яна лічыцца апякункай Руху Чыстых Сэрцаў (беларуская суполка ў кантакце). Прапануем вашай увазе некалькі думак благаслаўлёнага папы.
Пасланне васьмі благаславенняў, сяўба Божага Евангелля, ідзе праз стагоддзі. У час юбілею ўспомнілі дакладна ўсіх асобаў, месца і час, праз якія перадаецца ў вашых агульных справах той самы Дух Праўды, які аб’явіўся апосталам у дзень Пяцідзесятніцы ў постаці вогненных языкоў.
І гэта ў наш час, у гэтым стагоддзі, яшчэ адін такі вогненны язык Духа Праўды, Параклета, затрымаўся над постаццю простай, сялянскай дзяўчыны: Бог выбраў уласна тое, (…) што неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае, каб пасароміць магутных (1 Кар. 1,27).
Ці святыя існуюць для таго, каб сароміць? Так. Могуць быць і для гэтага. Часам патрэбны такі вызваляльны сорам, каб убачыць чалавека на самой справе. Патрэбны, каб адкрыць або адкрыць нанова сапраўдную іерархію каштоўнасці. Патрэбны нам усім, старым і маладым. Хоць гэтая маладзенькая дачка тарноўскага Касцёла, якую з сённяшняга дня будзем ведаць благаслаўлёнай, сваім жыццём і смерцю гаворыць перш за ўсё да маладых. Да мужчын і жанчын. Гаворыць пра вялікі гонар жанчыны: пра годнасць чалавечай асобы. Пра годнасць цела, якое, праўда, на гэтым свеце падлягае смерці, знішчана, як знішчана яе маладое цела. Падвергнута смерці з боку забойцы, але гэтае чалавечае цела носіць у сабе запіс несмяротнасці, які чалавек павінен дасягнуць у Богу вечным і жывым, дасягнуць праз Хрыста.
Так, святыя існуюць для таго, каб сведчыць пра вялікую годнасць чалавека. Сведчыць пра Хрыста распятага і ўваскрэслага для нас і для нашага збаўлення, гэта значыць адначасова сведчыць пра тую годнасць, якую чалавек мае перад Богам. Сведчыць пра тое прызначэнне, якое чалавек мае ў Хрысце. Караліна Кузкувна была свядомая гэтай годнасці. Свядомая гэтага прызначэння.
Яна жыла з гэтай свядомасцю і сталела ў ёй. З гэтай свядомасцю аддала нарэшце сваё маладое жыццё, калі трэба было яго аддаць, каб абараніць сваю жаночую годнасць. Каб абараніць годнасць польскай, сялянскай дзяўчыны. “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8).
Літургія сённяшняй бэатыфікацыі, дазваляе нам прачытаць асобныя моманты гэтага сведчання. Гэтага пакутніцтва.
Ці гэта не яна так гаворыць, яна, Караліна? “Захавай мяне, Божа, бо я на Цябе спадзяюся. Ты - Госпад мой, няма для мяне дабра без Цябе” (Пс 16, 1-2).
Ці гэта не яна гаворыць голасам Псалміста? У момант жахлівай небяспекі з боку іншага чалавека, узброенага сродкамі засілля, хаваецца да Бога. А крык “Ты - Госпад мой” азначае: не запануе нада мной бруднае засілле, таму што Ты з’яўляешся крыніцай маёй моцы – ў слабасці. Ты, адзіны Пан маёй душы і майго цела, мой Творца і Адкупіцель майго жыцця і маёй смерці. Ты, Бог майго сэрца, з якім не расстаецца мая памяць і маё сумленне.
“Дабраслаўляю я Госпада, Які надае мне разуменне, звыш таго, і па начах навучае мяне нутро маё. Ставіў я Госпада перад вачамі маімі заўсёды, калі Ён праваруч мяне, нічога не баюся” (Ps 16, 8.7). Так Псалміст. І так Караліна ў момант смяротнага выпрабавання веры, чысціні і мужнасці.
Нібы мы ішлі па слядах уцёкаў гэтай дзяўчыны, якая супрацьстаіць узброенаму злачынцу, якая шукае сцежкі, на якіх магла б сярод гэтага роднага лесу недалёка яе вёскі, захаваць жыццё і годнасць. “Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця” (Ps 16,11).
Сцежка жыцця. На той сцежцы ўцёкаў быў нанесены апошні, забойчы ўдар. Караліна не захавала жыццё. Напаткала смерць. Аддала жыццё, каб знайсці жыццё з Хрыстом у Богу.
У Хрысце, разам з сакрамантам хросту, які атрымала ў парафіяльным касцёле у Радлове, пачалося яе новае жыццё.
І вось, падаючы пад рукой забойцы, Караліна дае апошняе на гэтай зямлі сведчанне жыццю, якое знаходзіцца ў ёй. Смерць цялесная яго не знішчыць. Смерць азначае новы пачатак жыцця, якое становіцца нашым удзелам праз Хрыста, дзякуючы Яго смерці і ўваскрашэнню.
Гіне Караліна. Яе мёртвае дзявочае цела застаецца сярод ляснога абшару А смерць нявіннай з гэтага моманту прамаўляе праўду асабліва моцна, праўду, якую выказвае Псалміст: “Госпад - доля спадчыны маёй і келіха майго: Ты той, Хто трымае лёс мой” (Ps 16,5). Так. Караліна, пакінутая сярод рудзяньскага лесу, знаходзіцца ў бяспецы. Яна ў руках Бога, які з’яўляецца Богам жыцця. І пакутніца кліча разам з псалмістам: “Дабраслаўляю я Госпада”.
Дзіця простых бацькоў, дзіця гэтай надвіслянскай зямлі, “зорка” твайго народа, сёння Касцёл узнімае гэтую просьбу тваёй душы, просьбу без слоў і называе цябе благаслаўлёнай! Хрыстос стаў тваёй “мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і збаўленнем" (1 Кар 1,30). Стаў тваёй моцай. Дзякуем Хрысту за гэтую моц, якую праявіў у тваім чыстым жыцці і ў тваёй пакутніцкай смерці.
Крыніца: pz.lap.pl
Пераклад: Горбач Святлана