Чаму праз шэсць стагоддзяў св. Мікалай усё яшчэ жывы ў нашай памяці? А вось не па прычыне пакутніцтва, не па прычыне цудаў, здзяйсненняў ці дару красамоўства. Памятаем пра яго, бо ён з дзяцінства жыў Евангеллем, ідучы дарогай, якая паказана ў тэкстах Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Сутнасцю ўсіх евангелляў з’яўляецца служба. Хрыстос неўстанна паўтараў – словам і без слоў – вялікую праўду аб тым, што так, як Ён сам, наш Настаўнік, прыйшоў для таго, каб служыць, а не для таго, каб Яму служылі, і мы павінны рабіць таксама.
Ніводзін грэх Хрыстос не заклеймаваў так моцна, як пыху. Менавіта пыха з’яўляецца галоўнай прычынай таго, чаму чалавеку так цяжка аддаваць нешта безкарысна. Усе чакаем узнагароды, а найлепш, каб атрымаць яе адразу. Нам патрэбна табліца, якая паказвае нашу велікадушнасць. Хочам, каб людзі, чыё меркаванне для нас вельмі важнае, бачылі, на што мы здольныя. Адорваем галоўным чынам тых, хто можа адплаціць узаемнасцю – і найлепш нечым такім жа добрым, і нават лепшым.
Гэтую рысу характару праяўляем з самых малодшых гадоў жыцця, калі аб’яўляем усім і кожнаму зусім банальныя рэчы такія, як выпадзенне зуба, пабіты палец нагі, здольнаць выстукваць па стале ці скакаць у ваду. Дамагаемся гледачоў. “Паглядзі, мама!”. “Тата, глядзі!”. “Паглядзіце!”. “Паглядзіце!”. Тое, што іншыя не бачаць, не мае ніякага значэння. Пакінутыя самі сабе трапляем у нейкую пустату – бо ніхто не паверыць у гісторыю, якой не быў сведкам.
Рухаючыся з гадамі, тонем з задавальненнем – ці проста качаемся – у чужой свядомасці нашых здзяйсненняў. Калі гаварыць пра сябе, то не бачу ў маім жыцці большага духоўнага выкліку, чым барацьба са звычкай шукаць прызнання ў вачах іншых людзей. Як бы я не стараўся ісці за заклікам Хрыста да ананімнага давання, заўсёды азіраюся з надзеяй, што нехта мяне заўважыў. Толькі Бог можа адарыць духам сапраўднай безкарыслівасці тых, хто яе шукае і ўвесь час падае. Толькі Ён можа ўчыніць так, што мы зробім тое, што ад нас патрабуецца без выглядвання, ці часам нас не заўважыў нейкі благаслаўлёны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю.
Усё гаворыць аб тым, што св. Мікалай належаў да той невялікай групы людзей, якія маглі пражываць сваё жыццё не думаючы аб сваім “я”. Менавіта гэтыя простыя, а ў той жа час амаль немагчымыя ўчынкі склаліся на несмяротнасць Мікалая. Бо “не памірае той, хто жыве ў людскіх сэрцах”.
У гісторыі гучалі таксама і іншыя галасы, якія прапаведавалі гэтую праўду. Да сённяшняга дня гаворыцца малітва да св. Францішка з Асізу (1181 - 1226).
О Пане, учыні мяне прыладаю Твайго супакою,
Каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,
каб прабачаў там, дзе абражаюць,
каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,
каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,
каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,
каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой.
О, Майстар Божы, учыні,
каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,
каб не толькі прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,
каб не шукаў уласнай любові, а любіў іншых.
Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
хто прабачае, таму будзе прабачана,
бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.
Паводле кнігі Джо Уілера “Св. Мікалай” (Joe Wheeler “Święty Mikołaj”)
Пераклад: Марына Белаблоцкая