25 лістапада Касцёл узгадвае ў літургіі бл.Францішку Сядліскую, пазнейшую маці Марыю ад Езуса Добрага Пастыра – Заснавальніцу Ордэна Сясцёр Святой Сям’і з Назарэту. Для Беларусі назарэтанкі носяць вялікае значэнне – менавіта пад Навагрудкам былі расстараляны 11 сясцёр з гэтай супольнасці. Гэта падзея назаўсёды звязала Назарэт і беларусаў. Сёння вашай увазе прадстаўляем сведчанне адной назарэтанкі аб ролі бл. Францішкі ў яе жыцці.
Як сястра назарэтанка, з самага пачатку майго манаскага жыцця я даведвалася аб біяграфіі і харызме нашай Заснавальніцы. Яе дзяцінства і маладосць, яе палкае жаданне стаць манахiняй мяне захаплялі. Тое, што ідэалам Ордэну яна абрала Святую Сям’ю, для мяне таксама было вельмі важным. З дзяцінства я памятаю, што шалёна ганарылся сваім жаданнем стаць менавіта назарэтанкай – бо ва ўсіх Ордэнаў былі свае апекуны – святыя ці нават Божая Маці, ці Езус, а ў “маім” выпадку – УСЯ Святая Сям’я. Гэта падалося мне знакам поўні Божай любові ці Божай прысутнасці. Я лічыла, што гэта найважнейшы Ордэн, бо ён цалкам і суцэльна пад аховай і Езуса, і Марыі, і св. Юзафа.
У пастулаце і навіцыяце, паглыбляючыся ў пазнанні нашай Заснавальніцы, не магу сказаць, што мы “збліжаліся”. Яна падавалася мне далёкай у сваёй святасці і амаль нерэальным містычным жыцці. Яе размовы з Хрыстом, аб якіх яна пісала ў дзённіках, перажыванні, малітвы, настаўленні для сясцёр – ўсё гэта падавалася не ад гэтага свету. Яно так і ёсць. І так, і не. Наша Заснавальніца была самай простай жанчынай, аднак у той жа час вельмі вялікай містычкай. А я, робячы першыя крокі ў манаскім жыцці і ў духоўнай рэальнасці, як жа магла яе зразумець? Сёстры распавядалі пра шматлікія цуда праз яе пасярэдніцтва, аднак для мяне гэта былі толькі цікавыя факты і далёкія міфы.
Першая наша “сустрэча” з бл. Францішкай адбылася ўжо пасля маіх першых шлюбаў. Цікавасць да яе духоўнасці пачаў расці. Яна рабілася для мяне бліжэйшай. Напэўна па-гэтаму і я пачала расці ў іншай рэальнасці – свеце зносінаў з Госпадам. Заснавальніца здзіўляла мяне паслухмянасцю свайму спаведніку. Айцец Антоні Лехэрт быў для яе поўным аўтарытэтам у духоўным жыцці. Ён настаўляў, выкрываў, прыбліжаў яе да Хрыста. Дзённікі бл. Францішкі Сядліскай адразу раскрываюць яе як верную і ўдзячную паслушніцу духоўнага настаўніка. Чытаючы яе лісты да айца, яе разважанні пасля споведзі, я проста ёй зайздросціла – мне б такога спаведніка! І я пачала аб гэтым прасіць. І не паверыце, праз некалькі месяцаў малітвы, менавіта 25 лістапада – ў яе свята, я сустрэлася з айцом, які стаў маім духоўным настаўнікам. Не пераўзвялічу, што ён не менш святы і мудры чым а. Лехэрт. Праз яго Госпад змяніў маё жыццё і ўвесь час змяняе! Як гэта рабіў і ў жыцці Заснавальніцы. Я разумею, што гэта неацэнны дар – мець спаведніка, які дапамагае “новаму чалавеку” расці ў нас паводле меры Хрыста, які паказвае ўсе слабасці і памылкі, які падтрымоўвае малітвай і парадай.
Госпад адказаў на мае просьбы праз заступніцтва нашай Заснавальніцы, а яна для мяне зрабілася сапраўднай Мамай і Настаўніцай у манаскім жыцці. Яе харызмы мяне ўжо не бянтэжаць, а змушаюць рупіцца аб яшчэ большых дарах, як вучыць Пісанне. Яе містыка набыла актуальнасці ў маім жыцці і зрабілася зразумелай і блізкай. Сціпла спадзяюся хоць на вузкую шчылінку ў той містычны свет злучэння з Богам, які быў, а цяпер ёсць ва ўсёй паўнаце, удзелам бл. Францішкі Сядліскай!
С. Кляра ад Святой Троіцы CSFN
Яшчэ матэрыялы аўтаркі: Найсвяцейшая Сям’я! Благаслаў і ахоўвай усе сем’і свету!