Св. Мэхтыльда фон Хакеборн, вядома, не вельмі вядомая ў Беларусі. Аднак яе роля ў сярэднявечнай гісторыі Касцёла непадважальная. Святая жыла ў ХІІІ ст у колішняй Саксоніі, частцы Вялікай Рымскай Імперыі. Была містычкай і адной з нямногіх, хто атрымаў у сярэднявеччы ласку стыгматаў. Пасля сябе яна заставіла твор “Кніга асаблівай ласкі”, які апісвае духоўныя перажыванні і асабістыя сустрэчы з Богам. Сёння Касцёл успамінае гэту вялікую законніцу. Вашай увазе прадстаўляем урывак казання Папы Бенэдыкта XVI пра св. Мэхтыльду, якое той прачытаў 19 лістапада 2010 г.
Дарагія браты і сёстры!
Сёння хачу прадставіць вам св. Мэхтыльду фон Хакеборн, адну з вялікіх асоб звязаных з манастыром у Хэльфце, якая жыла ў XIII стагоддзі. Яе сястра, св. Гертруда Вялікая, у VI кнізе твору Liber specialis gratiae (“Кніга асаблівай ласкі “), у якой апісаны асаблівыя ласкі, каторымі Бог адарыў св. Мэхтыльду, сцвярджае: “Тое, што было запісана, непараўнальна мала ў параўнанні з тым, што было прапушчана. Толькі на Хвалу Божую і на карысць бліжняму паведамляем аб гэтых рэчах, бо няслушным падаецца маўчанне аб такой колькасці ласк, якія Мэхтыльда атрымала ад Бога; атрымала ўсё гэта не столькі, як лічым, для самой сябе, але таксама і для нас, і для тых, хто прыйдзе пасля нас (Mechtild von Hackeborn, Liber specialis gratiae, VI, 1).
Натхнёная боскім дарам містычнага сузірання, Мэхтыльда шмат моліцца. Яна – настаўніца, верная навуцы і поўная пакоры, дарадчыца, суцяшальніца, памочнік у пошуку накірунку: “Яна – чытаем – выкладала навуку з такой велікадушнасцю, якой ніколі ніхто не бачыў у манастыры, і на жаль, хутчэй за ўсё чагосці падобнага ўжо ніхто ніколі не ўбачыць. Сёстры збіраліся вакол яе, каб паслухаць Слова Божае, быццам яна прапаведнік. Яна была падтрымкай і суцяшальніцай для ўсіх, а Бог надзяліў яе асаблівым дарам – ласкай свабоднага чытання сакрэтаў сэрца кожнага чалавека. Шмат асобаў, не толькі ў манастыры, але і звонку, законныя і свецкія, якія прыбывалі здалёк, сведчылі, што гэтая святая панна вызваліла іх ад клопатаў, і што ніколі не ведалі такога суцяшэння, як пры ёй. Акрамя гэтага склала так шмат малітваў і іх навучыла, што калі б былі сабраныя, атрымалася б кніга большая, чым нават Псалтыр”(там жа, VI, 1).
Яе бачанні, яе навучанне, падзеі яе жыцця апісаны словамі, якія прыпамінаюць літургічную і біблійную мову. Гэта сведчыць аб яе глыбокім веданні Святога Пісання, якое было для яе хлебам штодзённым. Выкарыстоўваючы біблійныя тэксты, якія чытаюцца падчас літургіі, ці пазычаючы сімвалы, азначэнні, месцы, вобразы, фігуры, яна ўвесь час звяртаецца да Пісання. Асабліва св. Мэхтыльда любіла Евангелле: “Словы Евангелля былі для яе цудоўнай крыніцай і ўзбуджалі ў яе сэрцы пачуццё такой вялікай асалоды, што імпэт часта не дазваляў ёй скончыць чытанне (…). З такім жарам чытала гэтыя словы, што ва ўсіх абуджалі пабожнасць. Пэўна, калі спявала ў хоры, была настолькі цалкам затопленай у Богу, настолькі ўзнёслай, што часам нават выражала свае пачуцці жэстамі (…). У іншых выпадках, быццам у экстазе, не чула тых, хто яе клікаў ці дакранаўся да яе і з цяжкасцю разумела сэнс навакольных рэчаў” (там жа, VI, 1). У адным бачанні сам Езус сказаў ёй чытаць Евангелле; паказваючы ёй рану ў сваім найсалодшым Сэрцы, сказаў ёй: “Падумай, наколькі вялікая мая любоў: калі захочаш добра яе зразумець, нідзе яе не знойдзеш адлюстраванай лепш, чым у Евангеллі. Ніхто і ніколі не чуў словаў, якія адлюстроўваюць пачуцці больш моцныя і пяшчотныя, чым гэтыя: Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові" (Ян 15,9) (там жа, I, 22).
Дарагія сябры, асабістая і літургічная малітва, асабліва Літургія Гадзінаў і св. Імша былі фундаментам духоўнага вопыту св. Мэхтыльды фон Хакеборн. Дазваляючы скіроўваць сябе Святому Пісанню і карміць сябе Хлебам Эўхарыстычным, яна прайшла шлях цеснага аб’яднання з Панам, заўсёды поўная вернасці Касцёлу. Гэта таксама вялікі стымул для нас, каб мы паглыбілі нашае сяброўства з Панам, перад усім шляхам штодзённай малітвы і ўважлівым, верным і актыўным ўдзелам у св. Імшы. Літургія – вялікая школа духоўнасці.
Св. Мэхтыльда фон Хакеборн аддае нас Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Панны Марыі. Заахвочвае да аддання хвалы Сыну праз Сэрца Маці і да аддання хвалы Марыі Сэрцам Сына: “Будзь праслаўленая, о Найшаноўнейшая Панна ў той найсалодшай расе, якая з Сэрца Прынайсвяцейшай Троіцы сышла на Цябе: Будзь праслаўленая ў хвале і радасці навекі, Ты, узвышаная па-над усімі стварэннямі на зямлі і на небе, якая была выбрана яшчэ перад стварэннем свету! Амэн” (там жа, I, 45).
Бенедыкт XVI
Пераклад: Вольга Пінкевіч
Крыніца: Opactwo Cystersów