Кожны год 25 жніўня Каталіцкі Касцёл і асабліва айцы піяры ўспамінаюць свайго заснавальніка – св. Юзафа Каласанса. Святы Юзаф Каласанс стаў айцом дзесяці манаскіх супольнасцяў, якія чэрпаюць з багацця яго духоўнасці і мудрасці. Усе яны ствараюць вялікую каласанскую сям’ю.
Юзаф Каласанс, распачынаючы справу навучання і выхавання, зрабіў крок, вынікі якога былі зусім нечаканымі. Ад імкнення да пачэснай касцёльнай кар’еры ён перайшоў у маленькі свет дзяцей вуліцы, ад бясспрэчнай прыстойнасці – да найбольш палемічнага праекта.
Сваім рашэннем ён як бы “перакрэсліў” свае папярэднія дасягненні. Юзаф Каласанс меў намер застацца непрыкметным у ананімнай гісторыі настаўніка ўбогіх. Тыбр быў ягоным хрысцільным Ярданам, у які апусціўся чалавек светлы, а выйшаў святы.
Безумоўна, ён нават уявіць сабе не мог, што гісторыя яго жыцця заззяе веліччу і прыгажосцю. На працягу наступных 400 гадоў, у той ці іншай форме, тысячы мужчын і жанчын вырашалі зрабіць падобны крок: перайсці свой Тыбр слабасці, страху, няпэўнасці – і ўсё для таго, каб паўтарыць ягоны выбар.
Манаскія супольнасці, якія заснаваны на мудрасці св. Юзафа Каласанса:
• Айцы Джавані: заснаваны ў1820 г. італьянцамі – братамі Джавані – для ўсеагульнага выхавання дзяцей і моладзі.
• Сёстры з Ворселяр, бельгійкі;1820 г., заснавальнік – айцец Луіс Вінсэнт Душэ.
• Піяркі: заснаваны у1829 г. каталонкай, благаслаўлёнай Паўлай Монталь, для выхавання дзяцей і маладых дзяўчат, а праз іх – да выхавання сем’яў.
• Таварыства Марыі з Вероны (мужчынскае і жаночае), ініцыятарам якога быў у1830 г. Антоніо Правало – для апекі глуханямых дзяцей.
• Айцы Цімон-Давід: справа французскага каноніка Цімон-Давіда (1852 г.), які прысвячаў сябе працоўнай моладзі і таварыствам для моладзі.
• Каласанцінкі: справа піяра з іспанскай Галіцыі, бл. Фаўстыно Мігэса; узніклі ў1885 г.
• Каласанціны: клапоцяцца пра аўстрыйскую працоўную моладзь, заснавальнікам быў бл. Антоніо Шварц,1889 г.
• Каласанційкі, заснаваныя ў1889 г. Чэлестыно Цыні і Чэстэстынай Данаці, італьянцамі, для апекі кінутых дзяцей.
• Сёстры Найсвяцейшага Сэрца: мексіканкі, спецыялізуюцца ў служэнні ўбогім дзецям (1907 г.).
• Свецкія піяры: гэта найбольш моцная сям’я; ад першай школы Каласанса, свецкія выхавальнікі працавалі і стваралі разам з піярамі, без іх ідэя Юзафа Каласанса не магла б укараніцца і ўзрасці.
Даведка: Святы Юзаф Каласанс нарадзіўся ў Іспаніі, у мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль. Падчас вучобы распазнаў у сабе Божы заклік да святарства. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу.
Спачатку Юзаф Каласанс працаваў у якасці сакратара пры біскупе, потым як пробашч і эканом біскупа. Дыяцэзіяльнае святарства, аднак, не адпавядала яго спадзяванням. Пасля абароны доктарскай дысертацыі ў галіне тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым. Яго мэтай было атрыманне касцёльнага бэнефіцыя. Аднак здарылася нешта, чаго ён зусім не чакаў. У Вечным Горадзе Юзаф Каласанс кардынальна змяняе свае планы. Вандруючы па бедным гарадскім раёне, Юзаф сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. Іх непісьменнасць абумоўлівала іх далейшы лёс, пазбаўлены перспектываў: яны былі асуджаны на падатлівасць злу, на няспынныя пошукі працы, на жыццё, зведзенае да самых нізкіх паслугаў.
Юзаф Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі. Такім чынам, у 1597 г. у сакрыстыі касцёла св. Дароты за Тыбрам адбылася падзея, значэнне якой тады яшчэ ніхто не ацаніў – узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, нават самых бедных, школа без усялякіх абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Гэта была сапраўдная грамадская рэвалюцыя. Каласанс распазнае сваё чарговае пакліканне, на гэты раз – настаўніка і выхавацеля. Рашэнне было прынята, і ў гэтым быў сэнс яго жыцця: выхаванне і навучанне.
Вялікая зацікаўленасць школай, вялікая колькасць дзяцей, мясцовыя клопаты, недахоп фінансавых сродкаў – і ён, у адной асобе і настаўнік, і сакратар, і стораж, які гадзінамі прыбіраў у класах, габляваў пёры, каб яны былі гатовыя на наступны дзень. Неўзабаве Юзафа Каласанса ведалі ўжо ва ўсім Рыме. Каб здабыць сродкі на ўтрыманне бясплатнай школы, ён вымушаны быў прасіць міласціну. На дапамогу прыходзяць іншыя людзі – маладыя і старэйшыя, арыстакраты і плебеі – усе яны разам ствараюць супольнасць. Разам жывуць і працуюць, разам збіраюць ахвяраванні, разам адводзяць дзяцей дадому. Яны вырашаюць, што так будзе заўсёды. Юзаф Каласанс распазнае ў сабе чарговае – трэцяе – пакліканне: пакліканне законніка. Узнікае законная супольнасць пад назвай Ордэн Пабожных Школ.
Справа школ развіваецца хутка і дынамічна: каралі, князі і мясцовыя рады звяртаюцца да Юзафа Каласанса з просьбай прыслаць для працы братоў-законнікаў. Школы ствараюцца ўжо не толькі ў Італіі, але таксама на Сіцыліі, Маравіі, у Польшчы, Іспаніі, Германіі.
Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі сумнымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Юзаф Каласанс памірае, але братам пакідае надзею: "Верце: калі гэта – Божая справа, то напэўна ордэн адродзіцца ізноў".
Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў ордэн расцвітае нанава – зерне, якое памерла, прынесла багаты плён. У 1748 г. Юзаф Каласанс быў беатыфікаваны, яшчэ праз нейкі час – кананізаваны. А 1948 г. – гэта чарговае сведчанне Касцёла аб адданасці і святасці жыцця Юзафа Каласанса: папа Пій XII абвяшчае яго "апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце".
Айцы піяры