Пілігрымка – гэта своеасаблівы час, калі ты адначасова молішся і евангелізуеш, пры гэтым утаймоўваеш плоць штодзённым маршам у некалькі дзесяткаў кіламетраў. Шмат тут можна пісаць пра эмоцыі, пра глыбокія перажаванні, пра новыя знаёмствыі г.д. Я ж хацеў сёння распавесці пра адну з самых маладых пілігрымак Беларусі і, напэўна, самую маленькую. Знаёмцеся: пілігрымка Гродна-Навагрудак.
Чатыры гады таму мы ўпершыню з маленькай групкай, чалавек гэтак 20-25, выйшлі з касцёла на дзевятоўцы да месца расстрэлу адзінаццаці назарэтанак пад Навагрудкам. Прызвычаены да маштабных пілігрымковых групаў у некалькі сот чалавек, у той момант я цяжка ўяўляў як гэта ісці такой маленькай камандай. Аднак мы загрузілі нашы сумкі, узялі калонкі і пайшлі. Тады я яшчэ не разумеў, што ўсе вялікія справы так і робяцца. Сёстры назарэтанкі ў 1943 годзе зрабілі тое ж. Вечарам іх вызвалі ў камісарыят і яны, напэўна, пераксціліся і пайшлі. Ноччу іх расстралялі. Тут не было фанфараў, успышак камераў і загалоўкаў у газетах. Іх не трэба і цяпер.Усё ціха, пакорна і свята.
Што ж, далей былі дні разважанняў, малітваў, сустрэчаў з рознымі людзьмі і пракладванне новага шляху з мітуслівай Гародні у маўклівы лес у Батароўцы. Было, зразумела, нязвыкла крычаць “мы, пілігрымка, ідзём у Навагрудак”, альбо “таму мы крочым у Навагрудак” у песні “Да Неба”. Было таксама непрывычна растлумачваць людзям куды мы ідзем, гісторыю мучаніцтва сясцёр. Усё гэта было ўпершыню. Калі ходзіш у пілігрымкі толькі ў Будслаў, Тракелі, Лагішын, Браслаў, то там усяго гэтага не трэба. Тут жа трэба расказваць пра тое, што святасць яна простая. Ёй не трэба адмысловых і вялікіх месцаў. Навагрудак самае тое.
У гэтым годзе ўсё было таксама як і чатыры гады таму. Нас было 30, мы таксама загрузілі рэчы ў машыну і пайшлі. Людзі, канешне, ужо ведалі пра нашу пілігрымку нашмат больш. Маршрут робіцца больш пазнавальным. З’яўляюцца свае традыцыі. Ваенныя штогод дапамагаюць транспартам, палявой кухняй і жаўнерам. Пры гэтым жаўнер традыцыйна, мне падаецца, змяняе сваё ўражанне пра касцёл і вяртаецца дадому трошкі іншым чалавекам. Вёскі Пратасаўшчына і Рэзы, што пад Шчучынам, змагаюцца ў катэгорыі хто лепш накорміць пілігрымаў, кс. Віталь не можа не накупіць на абед марожанага для ўсіх, аднаўленне хросту ў Немане і адарацыя пад старымі і мудрымі дубамі, разраджаная калонка ў Навагрудку і мінутнае ляжанне крыжом на месцы расстрэлу благаслаўлёных сясцёр. Шмат ёсць пра што распавядаць. Як сказаў адзін айцец касцёла “кроў мучанікаў – насенне хрысціянаў”. Ад адной думкі, што ты ў прынцыпе бярэш удзел у пілігрымцы якая з’яўляецца плёнам мучаніцкай крыві, бяруць дрыготкі. Але гэта прыемныя дрыготкі.
Са святасцю ўсё проста. Мы выбіраем яе кожную хвіліну, секунду. Альбо не выбіраем. Калі пілігрымка завяршаецца, то мы ўсе абдымаемся і развітваемся. Невядома ці яшчэ ўбачымся. Але за тыдзень шляху 30 чалавек робяцца блізкімі адзін аднаму. І вось у гэты момант усе ціхенька вяртаюцца дадому, закідваюць рэчы ў сціралку, адсыпаюцца і проста жывуць далей. У гэтым заключаецца святасць. Проста жыць далей з Богам. Так як сёстры назарэтанкі. Проста жылі, проста маліліся, проста былі расстраляныя. Бо калі жывеш сапраўды з Богам нават аддача жыцця за іншага чалавека робіцца простым. Бо што смерць можа зрабіць?
У гэтым годзе мы чарговы раз вучыліся простай святасці. Гэта галоўнае. Акалічнасці не важныя. Нас не было шмат, мы не былі ідэальныя, мы маглі б есць паменш і маліцца пабольш, актыўней дапамагаць на кухні і быць больш паслухмянымі адказным. Але ўсе мы людзі. Такія ж, якімі былі благаслаўлёныя сёстры назарэтанкі. Таму мы ідзем далей, да простай святасці. Прыязджайце да нас у наступным годзе. А яшчэ лепш станьце святымі ўжо цяпер, не чакайце пілігрымкі. Не чакайце нічога. У нас ужо ўсё ёсць.
Арцём Ткачук