Не сакрэт, што сучасны выгляд Дня св. Валянціна – гэта камерцыйны праект, які прыносіць добры прыбытак бізнесоўцам, а для звычайных абывацеляў – гэта нагода проста павесяліцца. Для многіх закаханых гэты дзень становіцца ці не адзіным момантам у годзе, калі яны імкнуцца неяк адмыслова падкрэсліць блізкай асобе, як моцна яе кахаюць. Для хрысціянаў дзень св. Валянціна становіцца своеасаблівым выклікам.
Відавочна, што масавая культура не канцэнтруецца на рэлігійным аспекце свята. Некаторыя нават мэтанакіравана змяняюць назву гэтага дня, каб канчаткова сцерці яго хрысціянскі элемент. Замест “Дня св. Валянціна” часта можна ўбачыць загаловак: “Свята Закаханых”. Паўстае адмысловае напружанне паміж хрысціянскім звычаем успаміну святога і рэлігійна абыякавым жаданнем чарговага шоў.
Хрысціяне ў адносінах да гэтага дня падзеленыя. Адны лічаць яго адназначна дрэнным, бо прапагандуе распусту і г.д. Іншыя лічаць, што неабходна змагацца за хрысціянскі характар свята. Прыхільнікі такога погляду прапаноўваюць розныя альтэрнатывы камерцыйным шоў. Напрыклад, выкарыстоўваюць тэматыку гэтага дня, каб паразмаўляць аб хрысціянскім разуменні кахання. Або арганізоўваюцца альтэрнатыўныя хрысціянскія вечарыны, шоў, малітоўныя сустрэчы.
Афіцыйны Касцёл таксама адмяжоўваецца ад вылучэння гэтага дня. Успамін св. Валянціна перасунуты ў катэгорыю т.зв. неабавязковых успамінаў. А ад нядаўна на гэты дзень устаноўлена свята святых Кірыла і Мятода. Гэта, здаецца, яшчэ больш паглыбляе напружанне сярод вернікаў і душпастыраў, асабліва ў нашай частцы свету. Што рабіць? Ісці за літургічнымі прадпісаннямі і святкаваць дзень святых Кірыла і Мятода – апосталаў і асветнікаў славянаў? Ці ўсё ж пайсці насустрач масавай культуры, святкуючы св. Валянціна? Можа хоць так мы здолеем захаваць хрысціянскае аблічча гэтага дня?
Выява з Аdonai.pl