Андрэйкі (Андрэй, Андросы) – гэта феерверк чаканых многімі людзьмі забаваў, гульняў і вяселля з нагоды літургічнага ўспаміну св. Апостала Андрэя (30 лістапада). Гэта адно з тых народных “святаў”, у якім так моцна перапляліся хрысціянства з фальклёрам, што нават цяжка адрозніць – дзе праўда, а дзе творчая выдумка самых неверагодных традыцый і звычаяў.
У сучаснай хрысціянскай культуры Андрэйкі адзначаюцца ў выглядзе разнастайных вясёлых вечарынаў і гулянняў. У ранейшыя часы ў забабонным асяроддзі нашых продкаў ноч на святога Андрэя (з 29 на 30 лістапада) абрастала таямнічымі легендамі і забабонамі. Чуючы пра хрысціянскую традыцыю, паводле якой св. Андрэй лічыцца заступнікам сужэнстваў, людзі адразу прыдумвалі разнастайныя павер’і. Ноччу перад успамінам святога маладыя дзяўчаты і хлопцы звярталіся да св. Андрэя, каб спаслаў ім прарочы сон і паказаў іх будучых сужонкаў. Веруючыя католікі маліліся праз заступніцтва св. Андрэя, выпрошваючы ў Бога неабходных ласкаў у сферы кахання і сужэнства. Акрамя таго, праз заступніцтва гэтага святога ўзносілі да Бога свае асаблівыя маленні асобы, звязаныя з рыбалоўствам.
Нягледзячы на разнастайныя рэлігійныя і фальклёрныя традыцыі, хрысціянскае святкаванне Андрэйкаў аб’ядноўвае адна важная падзея – пачатак Адвэнту – перыяду перадкаляднага суцішэння і непасрэднай духоўнай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Улічваючы тое, што Адвэнт мае характар збліжаны да посту, паўстрымання ад гучных забаваў, то ўзнікае натуральнае жаданне выкарыстаць апошні дзень дазволеных гулянняў перад “постам”. Здаецца, менавіта набліжэнне Адвэнту стала тым рухавіком, які ператварыў дзень св. Андрэя ў вясёлае і забаўляльнае свята.
Традыцыя святкавання Андрэйкаў мае сваю багатую гісторыю. У старадаўніх крыніцах гэтае святкаванне ўпершыню ўзгадваецца ў 12 ст. ў краінах Паўднёвай і Заходняй Еўропы. А ў нашай частцы кантынента Андрэйкі шырока пачалі адзначаць у 15-16 ст. З чым звязаная такая шырокая папулярнасць Андрэйкаў? Адказ вельмі просты: св. Апостал Андрэй - гэта адзін з найбольш папулярных і шанаваных усімі хрысціянамі святых. Доказам гэтага можа быць традыцыя называць дзяцей імем святога. Таксама варта заўважыць папулярнасць г.зв. “Андрэеўскага крыжа” (у выглядзе літары “Х”) і то на самым высокім дзяржаўным узроўні (сімвал некаторых дзяржаўных службаў Расіі; галоўны элемент дзяржаўнага сцяга Шатландыі (Saltire)). Распаўсюджанасць як Андрэйкаў, так і сімвалаў св. Андрэя гаворыць пра незвычайнасць і дзейснасць заступніцтва гэтага Апостала.
Св. Андрэй быў першым Апосталам Езуса Хрыста, да Яго прывёў свайго брата - св. Пятра, які таксама стаў Апосталам. Ён паходзіў з рыбацкай сям’і, якая жыла ў Бетсаідзе (Палестына). Лёс гэтага чалавека ператварае яго ў найбольш адпаведны сімвал надыходу Адвэнта. Бо св. Андрэй належаў да першых вучняў св. Яна Хрысціцеля – Прадвесніка Новага Запавету. Ён жа стаў першым вучнем Езуса (Ян 1, 29 – 40) і прывёў да яго свайго брата (Ян 1, 41 – 42). Разам са св. Філіпам Апосталам ён першым прывёў да Хрыста язычнікаў (Ян 12, 20-22). А пасля Спаслання Духа Святога пачаў абвяшчаць Евангелле ў самых розных краінах свету. Паводле старажытных дадзеных, ён абвяшчаў Евангелле ў Малой Азіі, Візантыі, на ўзбярэжжах Чорнага мора, а нават у Эфіопіі.
Старажытныя крыніцы (“Дзеі”, 4 ст.) распавядаюць, што св. Андрэй памёр мучаніцкай смерцю каля 60 г. н.э. ў Патрасе (Ахайя, Грэцыя). Паводле традыцыі, Апостала распялі на крыжы ў выглядзе літары “Х”. Пазней яго рэліквіі з надзвычайнай пашанай захоўваліся на тэрыторыі сучаснай Грэцыі, Італіі, Шатландыі. У 1964 г. Папа Павел VI у жэсце прымірэння з Праваслаўнай Царквою перадаў між іншым Канстанцінопальскаму Патрыярху рэліквіі Галавы св. Андрэя, якія дагэтуль захоўваліся Каталіцкім Касцёлам.
Святы Андрэй Апостал – гэта адна з тых надзвычайных постацяў у Евангеллі і гісторыі Касцёла, якая ззяе прастатой і велікадушнасцю. Гэты Апостал яднае ў малітве і пашане католікаў і праваслаўных. Гэта той Апостал, асоба якога аднолькава добра дапамагае перажыць вясёлыя забавы “Андрэйкаў”, а пасля ў адвэнтавым роздуме над яго сведчаннем - чакаць непаўторную радасць Надыходу Збавіцеля.
кс. Андрэй Рылка
Выява з standrewsumner.org