3 лістапада ў літургічным календары Касцёл успамінае св. Губерта. Гэтая асоба з'яўляецца вядомай постаццю для многіх жыхароў Гродна (не толькі каталікоў), таму што герб з выявай аленя Губерта з’яўляецца гістарычным геральдычным сімвалам горада над Нёманам, які быў дадзены разам з наданнем яму магдэбурскага права ў 1496 годзе. Нанова гэты гістарычны знак быў зацверджаны дзяржаўнымі ўладамі 1 кастрычніка 1990 года афіцыйны герб Гродна.
Св. Губерт, імя якога са старыжытнанямецкай мовы азначае слаўны розумам, нарадзіўся каля 665 года. Дакладнае месца яго нараджэння невядома. Традыцыя гаворыць, што паходзіў ён са шляхецкай брабанцкай сям’і (Брабант – гістарычная назва герцагства, якое знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Бельгіі і Галандыі).
У маладосці Губерт вельмі любіў паляваць. Легенда кажа, што ў часе палявання ў Вялікую Пятніцу перад Вялікаднем 695 года, ён убачыў прыгожага белага аленя, які паміж рог меў палаючы крыж. У часе назірання гэтай цудоўнай з’явы, Губерт пачуў голас самога Хрыста, які заахвоціў яго пакінуць язычніцтва, крывавыя паляванні, грахоўныя ўцехі і пайсці на Божую службу. Словы Хрыста запалі Губерту глыбока ў сэрца, што пабудзіла яго кардынальна змяніць свой лад жыцця.
Пасля навяртання жыў ў Маастрыхце (горад на Поўдні Нідэрландаў), дзе яго духоўным апекуном быў біскуп св. Ламберт. Пасля смерці свайго кіраўніка быў намінаваны біскупам Маастрыхту.
Наследуючы свайго папярэдніка, св. Ламберта, Губерт аддана служыў справе абвяшчэння Евангелля, навяртаючы язычнікаў на сучаснай тэрыторыі Бельгіі, Францыі і Люксембургу.
Памёр 30 мая 727 года ў г. Льеж і быў пахаваны ў касцёле св. Пятра і Паўла. У хуткім часе, за вялікія заслугі ў навяртанні язычнікаў, быў абвешчаны святым. 3 лістапада 743 года яго цела было перанесена і змешчана ў галоўным алтары гэтага ж касцёла. Падчас цырымоніі перанясення цела св. Губерта, аказалася, што яно з'яўляецца нятленным.
У 825 годзе рэліквіі святога былі перанесены ў мясцовасць Анданж і змешчаны ў галоўным алтары касцёла. З таго моманту гэтая мясцовасць пачала называцца мясцовасцю св. Губерта, а касцёлу надалі тытул базілікі св. Губерта.
Св. Губерт з’яўляецца нябесным заступнікам ляснікоў і паляўнічых.
Матэрыял апрацаваны на падставе артыкула д-ра Яна Канефала, выкладчыка Люблінскага Каталіцкага Універсітэта