5 кастрычніка разам з паўсюдным Касцёлам узгадваем св. Фаустыну Кавальскую, якую багасловы сёння прылічаюць да ліку найбольш значных містыкаў Касцёла.
Яна нарадзілася трэцім дзіцём у шматдзетнай беднай, але набожнай сям’і ў сяле Глагавец. Падчас хросту дзяўчынцы далі імя Хэлена. З дзяцінства яна вылучалася набожнасцю, любоўю да малітвы, працы і паслухмянасцю, а таксама вялікай спагадлівасцю.
Сваё пакліканне дзяўчынка адчула ўжо ў 7 гадоў, але бацькі не згаджаліся аддаць яе ў манастыр. Аднак урэшце 1 жніўня 1925 года дзяўчына трапіла ў манастыр Кангрэгацыі сясцёр Божай Маці Міласэрнасці ў Варшаве.
У кангрэгацыі яна атрымала імя Марыя Фаустына. Навіцыят св. Фаустына прайшла ў Кракаве, дзе ў прысутнасці біскупа Станіслава Распонда прыняла першыя, а праз пяць гадоў вечныя манаскія шлюбы. 13 гадоў яна працавала ў некалькіх дамах кангрэгацыі, выконваючы абавязкі кухаркі і садоўніцы.
Усё жыццё Фаустыны сканцэнтравалася на паслядоўным імкненні да найбольш поўнага паяднання з Богам і на ахвярнай дапамозе Езусу ў справе ратавання душ. Суровае жыццё і знясільваючыя пасты так паслабілі яе арганізм, што ўжо ў пастуляце яе давялося паслаць ў Скалімаў, пад Варшавай, дзеля таго, каб узмацніць здароўе. Пасля першага года навіцыяту яна перажыла незвычайна балючыя містычныя выпрабаванні, а потым духоўныя і маральныя пакуты, звязаныя з ажыццяўленнем даручэння, атрыманага ад Езуса Хрыста.
Сваё жыццё с. Фаустына склала ў ахвяры за грахі свету і дзеля гэтага таксама перажывала розныя цярпенні, каб з іх дапамогай ратаваць грэшнікаў. У апошнія дні ўзмацніліся яе ўнутраныя пакуты, а таксама фізічныя немачы: развілася сухота, якая паразіла лёгкія і страўнікава-кішачную сістэму. Па гэтай прычыне яна двойчы па некалькі месяцаў знаходзілася на лячэнні ў Кракаве.
Цалкам знясіленая фізічна, але моцная духоўна, містычна з’яднаная з Богам, яна памерла з водарам святасці 5 кастрычніка 1938 году, калі ёй споўнілася толькі 33 гады, 13 з якіх яна правяла ў манастыры. Яе труна была спушчаная ў магілу на манаскіх могілках ў Кракаве, а падчас беатыфікацыйнага працэсу ў 1966 годзе яе прах быў перанесены ў капліцу.
Гэтай простай, неадукаванай, але мужнай, бязмежна адданай Богу манахіні Езус даверыў вялікую місію: стаць дзеля ўсяго свету вестуном Міласэрнасці. Ён сказаў: “Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёй Міласэрнасцю. Я не хачу караць пакутуючае чалавецтва, а жадаю вылячыць яго, наблізіўшы да Свайго Міласэрнага Сэрца” (Дзённік, 1588). “Ты – сведка Маёй Міласэрнасці, Я абраў цябе дзеля гэтай справы ў гэтым і будучым жыцці (Дзённік, 1605), (…) каб ты давала душам спазнаць Маю вялікую Міласэрнасць да іх і заахвочвала іх да даверу Маёй бяздоннай Міласэрнасці” (Дзённік 1567).
С. Віргінія