Сваёй асобай св. Францішак з Асізі ўразіў і зачараваў нашчадкаў. Хіба не было ніводнага сярод святых, акрамя Маці Божай, каму б паэзія на ўсіх важнейшых мовах свету спела столькі гімнаў хвалы. Мастацтва і разьба спяшаліся пакінуць яго постаць у творах мастацтва. Чым так уражваў людзей св. Францішак?
Св. Францішак нарадзіўся ў Асізі. Зараз там усё нагадвае пра яго і ўсё ім жыве. Тут існуе кляштар і базіліка святога, музей, дзе самы каштоўны экспанат – хабіт св. Францішка, шыты св. Кларай – латка на лаце. Памеры хабіту паказваюць, што св. Францішак быў высокага росту. Бацькі св. Францішка Ёанна Піца і Пётр Бернардонэ мелі краму з сукном і належалі да заможных жыхароў мястэчка. Паданне кажа, што маці нарадзіла сына ў стайні. На тым месцы сёння ёсць капліца з фрэскамі ХІІІ ст. і надпіс XIV ст, які распавядае пра гэтую падзею. Дзіця нарадзілася слабым, таму маці ахрысціла яго, надаўшы імя Яна Хрысціцеля. Бацька жартоўна назваў яго Францішкам, ці Французікам, з-за таго, што хлопец меў вялікую сімпатыю да французскіх купцоў, з якімі бацька меў інтарэсы. Паводле іншай версіі імя Францішак хлопец атрымаў таму, што маці мела паходжанне з французскай правінцыі Праванса.
Пасля заканчэння парафіяльнай школы Францішак дапамагаў бацьку ў гандлі. Гэтак магло б працягвацца да канца яго жыцця, калі б не адзін дзіўны сон: яму прадбачылася таямнічая постаць, паклікала яго па імені і завяла да замка, поўнага зброі, вісячай на сценах. Калі Францішак спытаў, чый гэта замак і чыя гэта зброя, то атрымаў адказ: “Гэта ўсё тваё і тваіх рыцараў”. Той сон Францішак разглядзеў як знак, што яго пакліканнем з'яўляецца не купецтва, а рыцарскі стан. Менавіта тады Фрэдэрык ІІ вёў вайну з Папам (1202-1205) на поўдні Італіі. Тады Францішак наняў сабе збраяносца, купіў каня і рушыў у свет. Адышоўшы на адлегласць у 60 км, ён зноў меў сон. Пачуў голас: “Куды ідзеш?” і загад вярнуцца ў Асізі. Дома Францішак пачаў паглыбляцца ў малітву і весці аскетычнае жыццё, чаго хатнія не маглі зразумець.
У пэўны дзень Францішак пачуў голас у касцёле: “Ідзі і аднаві мой Касцёл”. Хлопец пераканаўся, што павінен адрамантаваць касцёл св. Дам’яна, які быў у руінах. Для бацькі гэтага было зашмат. Ён завёў Францішка да біскупа Асізі і публічна пазбавіў спадчыны. Францішак адказаў, што калі зямны бацька яго выракся, то адгэтуль ён мае права называць бацькам выключна Нябеснага Айца. Памятаючы пра голас з Нябёс, Францішак хадзіў па ваколіцах і рамантаваў знішчаныя часам касцёлы. У вольны час ён наведваў хворых у прытулках і заклікаў людзей у вёсках і мястэчках да пакуты.
Дзесьці праз два гады, чытаючы Евангелле пра пасланне Езуса 12 апосталам, Францішак глыбока ўразіўся словамі “Ані торбы ў дарогу, ані дзвюх тунік, ані пасталоў, ані кія" (Мц 10, 5-16). Ён зняў сваю вопратку, апрануў хабіт, падпаясаўся шнурам, узяў кій і падаўся да касцёла св. Юрыя вучыць людзей. Усё мястэчка гаварыла пра Францішка: хтосьці ў ім бачыў дзівака, хтосьці святога. Да яго пачалі гарнуцца людзі. Праз пэўны час св. Францішак меў 12 вучняў, якім даў імя “Браты меншыя”. Усе яны за мэту абралі перайманне прыклада Хрыста ў Яго ўбогім жыцці і абвяшчэнне Евангелля. Яны пачалі абыходзіць усе вёскі і мястэчкі і заклікаць да пакуты.
Хутка з’явіліся цяжкасці. Мясцовыя святары занепакоіліся прысутнасцю “вандроўных апосталаў”, якія не мелі ні ад каго паўнамоцтваў да важнай місіі. У гэтай сітуацыі св. Францішак падаўся са сваімі таварышамі ў Рым да папы Інакенція ІІІ. Напэўна, святы моцна ўразіў Папу, вельмі асцярожнага ў зацверджанні новых манаскіх ордэнаў, калі Францішку адразу даў вуснае зацверджанне. Больш за тое, Папа параіў прыняць св. Францішку дыяканскія пасвячэнні, каб лепш выконваць сваю місію. Паводле падання, Папа бачыў сон, у якім св. Францішак і яго вучні падтрымлівалі сваімі плячыма Касцёл Божы.
Пасля вяртання св. Францішка да Асізі, св. Клара, адна з найбагацейшых дзяўчын мястэчка, пастанавіла аддаць сябе на службу Богу. У касцёле Маці Божай Анёльскай св. Францішак у прысутнасці вучняў здзейсніў яе пострыг і аблучыны. Ён бачыў у св. Клары вялікі Дар Божы. Калі браты павінны былі аддаць сябе апостальскай паслузе, Клара з паслужніцамі павінна была сваёй малітвай і пакутай рыхтаваць для іх сэрцы грэшнікаў. Так паўстаў ІІ Ордэн св. Францішка - кларысак.
У 1213 годзе св. Францішак атрымаў як ахвяраванне ад заможнага чалавека Гару Альвэрну. Гэта стала любімым месцам яго малітвы. Таксама там ён атрымаў стыгматы - адбіццё ран Пана Езуса на сваім целе. Тым часам справа св. Францішка пачала шырока распаўсюджвацца - можна сказаць, сярэдняя Італія поўнілася цэнтрамі яго духоўных сыноў. У 1215 годзе ён прыняў удзел у IV Латэранскім саборы, дзе сустрэўся са св. Дамінікам, з якім застаўся вялікім сябрам.
Пасля некалькіх генеральных капітулаў браты накіроўваліся на служэнне ў Туніс, Сірыю, Англію, Францыю, Германію.
У 1223 годзе у часе адной са сваіх місійных вандровак св. Францішак спыніўся ў Грэцыі. Быў час Божага Нараджэння, і Францішку прыйшла ў галаву ідэя зрабіць інсцэніраваную шопку – прычым дзіцятка там было сапраўдным, як і жывёлы ў стайні. Гэта была першая ў гісторыі інсцэніраваная шопка.
Занадта суровы лад жыцця павінен быў адбіцца на здароўі св. Францішка. Апошнія 2 гады яго пачалі ўсё больш дакучаць фізічныя немачы. Летам 1224 года ён падаўся на Гару Альвэрну, дзе адбыў 40-дзённы пост у гонар св. Міхала Арханёла. Менавіта падчас гэтага посту 14 верасня ва ўрачыстасць Узвышэння Крыжа святому аб’явіўся Хрыстос у постаці серафіма на крыжы і адбіў на целе Францішка свае найсвяцейшыя раны. Гэта быў першы выпадак у Касцёле гістарычна зацверджаных стыгматаў. Св. Францішак іх атрымаў на далонях і ступнях ног з выразнымі слядамі ад цвікоў. Яны крывавілі і выклікалі ў святога вялікі боль. Касцёл пацвердзіў гэты выпадак афіцыйна і ўвёў свята Стыгматаў св. Францішка 17 верасня.
Пасля атрымання стыгматаў св. Францішак быў так аслаблены, што адмовіўся ад пешых апостальскіх вандровак. Пасля ён цалкам аслеп.
4 кастрычніка 1226 года св. Францішак адышоў у жыццё вечнае са словамі 141-га Псальма на вуснах, ва ўзросце ледзьве 45 гадоў. На наступны дзень браты яго пахавалі, паклаўшы цела святога так, нібы той быў распяты на крыжы. Праз 2 гады св. Францішак быў кананізаваны.
C. Віргінія