Для с. Фаўстыны Кавальскай Маці Божая мела асаблівае значэнне. Яна была для манахіні не толькі Маці, але і выключнай Настаўніцай духоўнага жыцця.
Успамін св. Фаўстыны Кавальскай адзначаецца ў Касцёле 5 кастрычніка.
Набажэнства да Маці Божай с. Фаўстына вынесла з роднага дома, а ў манаскім жыцці яно яшчэ больш паглыбілася. Гэтаму спрыяла не толькі духоўнасць супольнасці, галоўнай Апякункай якой з’яўляецца Маці Божая Міласэрнасці, але і блізкі асабісты кантакт манахіні з Найсвяцейшай Паннай Марыяй.
Марыя для с. Фаўстыны была найперш Маці Божага Сына – Уцелаўлёнай Міласэрнасці – і таксама Маці кожнага чалавека. “Я вам Маці з неспасціжнай міласэрнасці Бога” (Дз. 449), – перадае словы Марыі с. Фаўстына. “Я не толькі Каралева неба, але і Маці Міласэрнасці і твая Маці” (Дз. 330).
Як клапатлівая Апякунка, Марыя вучыла манахіню сузіранню Бога ў сваёй душы, паслухмянасці Божай волі, мастацтву любові да крыжа і клопату аб тых цнотах, якія вызначаюць адносіны даверу Богу і міласэрнасці да бліжніх. У шматлікіх аб’яўленнях, бачаннях Яна ўказвала містычцы таямніцу Божай міласэрнасці ў сваім жыцці.
“Я ўбачыла Маці Божую, – запісала с. Фаўстына, – якая мне сказала: О, якая мілая Богу душа, якая верна ідзе за подыхам Яго ласкі. Я дала Збаўцу свету, а ты павінна казаць свету пра Яго вялікую міласэрнасць і падрыхтаваць свет да паўторнага прыйсця Яго, які прыйдзе не як міласэрны Збаўца, а як Суддзя справядлівы. О, той дзень страшны. Вызначаны дзень справядлівасці, дзень гневу Божага, дрыжаць перад ім анёлы. Кажы душам пра гэтую вялікую міласэрнасць, пакуль ёсць час міласці; калі ты зараз маўчыш, будзеш казаць у той страшны дзень за вялікую колькасць душ. Не бойся нічога, будзь вернай да канца, Я разам з табой” (Дз. 635). Марыя павучала, умацоўвала і суправаджала манахіню ў яе прароцкай місіі.
Калі манаская супольнасць Маці Божай Міласэрнасці, да якой належала с. Фаўстына, абрала Марыю нябеснай генеральнай Настаяцельніцай (15.08.1937 г.), яна ўбачыла ў сваіх бачаннях, што ўсе сёстры ахінутыя плашчом Заступніцы, і пачула словы вялікага абяцання: “Кожную, хто вытрывае ў руплівасці да самай смерці ў Маёй супольнасці, міне чыстцовы агонь, і жадаю, каб кожная адзначылася гэтымі цнотамі: пакорай і ціхасцю, чыстасцю і любоўю да Бога і бліжніх, літасцю і міласэрнасцю” (Дз. 1244). “Пасля гэтых слоў перада мной знікла ўся супольнасць, я засталася сам-насам з Найсвяцейшай Маці, якая вучыла мяне аб Божай волі, аб тым, як прымяняць яе ў жыцці, цалкам падпарадкоўваючыся Яго найсвяцейшым наказам. Немагчыма падабацца Богу, не выконваючы Яго святой волі. – Дачка Мая, настойліва даручаю табе верна спаўняць усе Божыя жаданні, бо гэта самае прыемнае для Яго святых вачэй. Вельмі хачу, каб ты адзначылася ў гэтым – у гэтай вернасці ў выкананні волі Бога. Гэтую волю Бога пастаў вышэй за ўсе ахвяры і ўсеспаленні” (Дз. 1244).
С. Фаўстына заўсёды была вельмі стараннай і вернай вучаніцай Маці Божай. Манахіня не толькі слухала Яе парады, указанні і даручэнні, але і сумленна выконвала іх. Наследаванне Марыі і выкананне Яе даручэнняў хутка прыносіла чаканыя плёны. “Чым больш я наследую Маці Божую, – пісала с. Фаўстына, – тым глыбей пазнаю Бога” (Дз. 843). Паслухмянасць Марыі асвячала яе душу (параўн. Дз. 161) і вяла да цеснага з’яднання з Езусам Хрыстом.
Няхай месяц кастрычнік, прысвечаны ружанцовай малітве, стане для нас нагодай на ўзор Апосталкі Божай Міласэрнасці будаваць асабістыя адносіны з Богам і распаліць у сабе гарачае набажэнства да Маці Божай.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч