Адзначаючы свята св. Мацвея, апостала і евангеліста, варта хаця б на хвіліну вярнуцца да моманту яго паклікання. Тое, што найбольш захапляе, а таксама ўзрушвае, – непасрэднасць і выразнасць гэтага паклікання.
Свята св. Мацвея, апостала і евангеліста, адзначаецца ў Касцёле 21 верасня.
У пэўны перыяд жыцця Мацвей займаўся зборам падаткаў – Галілея знаходзілася тады пад акупацыяй Рыма. Ён быў калабарантам, супрацоўнічаў з рымлянамі. Забіраў грошы ў бедных і аддаваў іх акупантам. Кожны, хто прыносіў да мытара даніну, напэўна, глядзеў на яго з поўнай пагардай – гэты чалавек здраджвае землякам! І менавіта да таго, хто гадамі зносіў непрыязныя позіркі і словы, раптам прыходзіць Езус…
Мацвей тады яшчэ не ведаў Яго, не ведаў, Хто такі Хрыстос. І, як напісаў евангеліст Лука, Езус асаблівым чынам паглядзеў на Мацвея. Сёння мы адкрываем, што гэты позірк – нешта абсалютна выключнае. Калі Мацвей сам піша пра той досвед, то апісвае гэта словам, якое можна перакласці як “позірк з захапленнем”, “позірк з абажаннем”. Мытар адчуў яго “ў сэрцы сваім”.
Парой на шляху свайго жыцця мы сустракаем нешчаслівых людзей. Такіх, якія патанулі ў грахах, залежнасцях, страцілі сэнс існавання… І нават калі часам спрабуем ім сказаць, што кожны мае шанс навярнуцца, кожны можа з гэтага выйсці, хоць гэта няпроста, але магчыма, то яны адказваюць, нібы ўжо “перакрэсленыя”, што іх не выправіць і ўсё ўжо страчана. У такіх сітуацыях патрэбна вяртанне ў Галілею, у памяшканне Мацвея – туды, дзе ён у момант, па адным толькі позірку Езуса ўстае, пакідае ўсё, што меў, пакідае гады называння сябе годным пагарды, бо ўбачыў у вачах Хрыста: “А Я табой захапляюся”.
Калі ў жыцці здараюцца цяжкія рэчы – асабліва такія, у якіх мы самі вінаватыя, з-за якіх уцягнуліся ў нейкія грахі, хворыя грэшныя сувязі, залежнасці, – то жудасна ад думкі, што гэта калісьці можа змяніцца. Св. Мацвей – добры прыклад таго, што заўсёды магчыма змяненне жыцця, змяненне паводзін, змяненне самога сябе. Ён даказвае нам, што можна прыкласці намаганні, можна парваць з дрэннымі звычкамі, дрэннымі паводзінамі. Такое змяненне можна ўпісаць у жыццё нават тады, калі ніхто вакол не паважае, нават тады, калі людзі зраўнялі нас з зямлёй. І не важна, правільна гэта ці не, – ніколі не трэба здавацца, адмаўляцца.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч