Св. Пятра Езус назваў “Скала”, св. Паўла паклікаў быць Апосталам народаў. Хрысціянская традыцыя падае, што яны былі зусім розныя, але злучала іх адно – любоў да Хрыста і Яго Евангелля.
Урачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.
Атрымалі новыя імёны
Абодва апосталы абралі Езуса, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім. Сымон стаў Пятром – Кіфам, значыць “скалой”, на якой Хрыстос пабудаваў Касцёл. Саўл жа пасля навяртання прыняў імя Павел, значыць “малы”, выяўляючы такім чынам сваю пакору.
Першымі абвяшчалі Евангелле ў Вечным горадзе
Апосталаў Пятра і Паўла лічаць сузаснавальнікамі хрысціянскай супольнасці ў Рыме. Там яны былі першымі, хто абвяшчаў вучэнне Езуса Хрыста.
“Князі апосталаў”
Хоць св. Павел – у адрозненне ад св. Пятра – не належаў да ліку Дванаццаці, ён называецца апосталам на падставе сваёй харызмы і паклікання.
Іх пасланні ўключаны ў Біблію
Св. Пётр пакінуў у літаратурнай спадчыне два пасланні, якія належаць да кніг Святога Пісання. А св. Павел напісаў або быў натхняльнікам стварэння ажно 13 пасланняў, уключаных у біблійны канон.
Мучаніцтва
Паводле старажытных паданняў, абодва апосталы павінны былі прыняць мучаніцкую смерць у адзін дзень. Св. Пятра ўкрыжавалі, верагодна, каля 64 года ў час панавання імператара Нерона на беразе Тыбра пад назвай “Ватыканскае поле”. Св. Павел загінуў у 67 годзе. Як рымскага грамадзяніна яго нельга было ні ўкрыжаваць, ні забіць у межах Вечнага горада, таму яму адсеклі галаву за мурамі Рыма.
Свята абодвух апосталаў святкуюць даўжэй за Божае Нараджэнне
Яшчэ ў 258 годзе ўрачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла адзначалася хрысціянамі 29 чэрвеня. Гэтая ўрачыстасць была ўключана ў літургічны каляндар нават раней за Божае Нараджэнне. У IV стагоддзі ў Рыме ўшаноўвалі апосталаў, цэлебруючы тры св. Імшы: першую – у базіліцы св. Пятра на Ватыкане, другую – у базіліцы св. Паўла за Мурамі і трэцюю – у катакомбах св. Себасцьяна.
Святыя, якія грыбы сеюць
У народнай традыцыі існавала павер’е, што пасля ўрачыстасці свсв. апосталаў Пятра і Паўла пачынаюць расці грыбы. Гэта знайшло адлюстраванне ў прыказках: “Як на Пятра і Паўла дождж пойдзе, шмат грыбоў прадкажа” ці “Калі на святых Пятра і Паўла дождж лье, адзін са святых грыбы сее”.
Самыя папулярныя святыя
Агіяграфічныя крыніцы налічваюць 91 святога і 31 бласлаўлёнага па імені Пётр, а таксама 56 святых і 20 бласлаўлёных Паўлаў.
У гонар апосталаў узведзена шмат святынь. У Ізабеліне, напрыклад, у XVIII стагоддзі пабудаваны Петрапаўлаўскі касцёл, які сёння ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі таксама існуюць парафіі пад тытулам свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, Дзітве, Граўжышках, Гожы, Іўі, Старых Васілішках, Ражанцы і Жупранах.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч