Св. Францішак з Асізі (1181(2)–1226 гг.) з’яўляецца, напэўна, адным з найбольш вядомых і найбольш шанаваных святых Каталіцкага Касцёла. Менавіта ён натхніў кардынала Хорхе Марыа Берголіа ўзяць імя Францішак, узышоўшы на Апостальскі Пасад.
Будучы багатым і бесклапотным маладым чалавекам, Францішак перажыў навяртанне, якое цалкам змяніла яго жыццё. Вельмі любіў жывёл, а людзей заахвочваў да прастаты ў жыцці і любові да бліжняга. З’яўляецца апекуном эколагаў, сляпых, убогіх і гандляроў.
Успамін св. Францішка Асізскага ў Касцёле адзначаецца 4 кастрычніка.
Прадстаўляем некалькі фактаў з жыцця св. Францішка Асізскага.
Быў адным з семярых дзяцей у сям’і.
Францішак з’яўляўся адзіным сынам у бацькоў, у якіх было яшчэ шэсць дачок. Выхоўваўся ў заможнай сям’і гандляра шоўкам і дваранкі з Праванса.
Трапіў у ваенны палон.
Францішак марыў стаць воінам. Ва ўзросце 19-ці гадоў, непасрэдна перад навяртаннем, далучыўся да войска і ўдзельнічаў у паходзе на Перуджу, што пацярпеў няўдачу. Аказаўся ў няволі больш чым на год. Дзякуй Богу, бяспечна вызваліўся.
Да душпастырскай працы натхніўся Божым словам.
Дэвізам жыцця Францішка стаў фрагмент з Евангелля паводле св. Мацвея: “Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае” (Мц 10, 9). Паступаючы згодна з гэтымі словамі Езуса, адрасаванымі вучням, ён вызначыўся са спосабам паводзін у заснаваным ім ордэне францысканцаў.
Удзельнічаў у IV Латэранскім саборы.
Верагодна, менавіта там Францішак пазнаёміўся са св. Дамінікам, які ўбачыў яго ў сне як таго, хто разам з ім наверне свет да Збаўцы. Назаўтра, як распавядае паданне, Дамінік сустрэў Францішка ў касцёле і кінуўся яму на шыю, кажучы: “Ты мой сябар, будзем трымацца разам, і ніхто нам не перашкодзіць”.
Вырушыў на сустрэчу з султанам аль-Камілем, каб давесці праўдзівасць хрысціянства.
Францішак і яго сябры рушылі на Святую Зямлю, якую займалі мусульмане, з намерам сустрэцца з егіпецкім султанам аль-Камілем. Каб паказаць вялікую веру ў навуку Хрыста, Францішак прапанаваў “выпрабаванне агнём”: неабходна было ўвасці ў бушуючае полымя. Упэўнены ў Божай падтрымцы, місіянер сказаў, што зробіць гэта першым. Аднак перад абліччам такога націску султан адмяніў выпрабаванне, і Францішак атрымаў яго згоду на абвяшчэнне Евангелля сярод мусульман.
У саракавы дзень посту перад святам св. Міхала Арханёла атрымаў стыгматы.
Сабрат, які быў тады з Францішкам, так успамінае гэтую падзею ў сваіх лістах: “Убачыў Серафіма, Анёла з шасцю крыламі на крыжы. Гэты Анёл адарыў яго вялікім дарам пяці ран Хрыста”.
Магіла святога была забытая на працягу стагоддзяў.
Цела Францішка перанеслі ў базіліку ў Асізі ў 1230 годзе. Аднак яго хутка схавалі ад страху перад сарацынамі, якія ў той час пачалі ўрывацца ў горад. Месцазнаходжанне цела было адкрыта толькі праз амаль шэсць стагоддзяў у 1818 годзе. Сёння магіла святога размешчана ў ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі ў манастыры Сакра-Канвента.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч