26 ліпеня, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Марыі Панны, распавядзем пра культ святой Ганны на тэрыторыі Іўеўскага дэканату.
На працягу гісторыі каталіцтва на іўеўскай зямлі постаць святой Ганны не была абдзелена ўвагай, а наадварот, мела вялікую папулярнасць і пашану.
Вядома, што ўжо ў 1510 г. вялікі князь літоўскі Сігізмунд І Стары пацвердзіў фундацыю драўлянага касцёла святой Ганны ў Ліпнішках. Святыня знаходзілася на рыначнай плошчы мястэчка і праіснавала два стагоддзі, да 1739 года. У 1753 г. па фундацыі ліпнішскага старасты, генерала артылерыі Яна Салагуба ў мястэчку зноў паўстаў касцёл святой Ганны, у якім змяшчаўся абраз “Навучане Марыі”. Пры касцёле працаваў шпіталь, які разам са святыняй быў знішчаны ў 1794 годзе. Праз чатыры гады вернікі ўстанавілі на гэтым месцы крыж. А ў 1830 г. замест яго была ўзведзена мураваная двух’ярусная прыдарожная капліца.
Постаць Хрыста, які нясе крыж, і сёння сустракае і праводзіць падарожнікаў. Ёсць звесткі, што на вежы ліпнішскага касцёла святога Казіміра да 1917 г. былі ўсталяваны чатыры званы, адзін з якіх меў назву “Святая Ганна”, але падчас Першай сусветнай вайны яны былі вывезены нямецкім войскам.
Святая Ганна вельмі шануецца ў яшчэ адной парафіі Іўеўскага дэканату – касцёле святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах. У адным з бакавых алтароў размешчаны яе абраз. Гэта сучасная выява. Першы абраз гэтай вялікай святой з’явіўся ў лаздунскім касцёле ў 1829 годзе. У гістарычных дакументах адзначана, што яго прывезлі з капліцы вёскі Янцэвічы. Вядома, што за год да ўзгаданай даты ў янцэвіцкую капліцу перастаў прыязджаць святар. Акрамя таго, святыня пачала служыць не толькі католікам, але і праваслаўным. Таму і было вырашана перавезці абраз у Лаздуны. Капліца ж у Янцэвічах не захавалася да нашых дзён: разам з вёскай была знішчана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у лаздунскім касцёле і ферэтрон (пераносны алтарык) з выявай святой Ганны.
Алтар святой Ганны ў Лаздунах
Не менш моцны культ святой Ганны і ў самім Іўі. Дзякуючы намаганням айцоў бернардынаў, якія знаходзіліся ў Іўі да сярэдзіны XIX стагоддзя, там існавала брацтва святой Ганны. Яно прыйшло ў парафію разам з айцамі ў XVII стагоддзі, развівалася і падтрымлівалася іх намаганнямі. Брацтва было заснавана ў Кракаве ў 1590 г. і ставіла мэтай абарону каталіцкай веры перад арыянамі і пратэстантамі. На Іўеўшчыне ж яно паўстала 24 студзеня 1632 г., калі ў Варшаве быў падпісаны дэкрэт аб яго ўстанаўленні ў Іўі. Першым у брацтва быў запісаны сам Мікалай Кішка, уладальнік Іўя, фундатар кляштара. Менавіта яго намаганнямі манахі-бернардыны з’явіліся ў Іўі.
На працягу больш чым двух стагоддзяў брацтва святой Ганны пашыралася і развівалася: штогод да суполкі далучалася па 10-20 вернікаў, прычым не толькі з Іўя, але і з іншых мясцін: біскуп Міхаіл Зянковіч, Ігнацый Агінскі з жонкай Аленай, біскуп Ігнацый Масальскі. Брацтва складалася з наступных пасад: сеньёраў, асістэнтаў, падскарбія, пісара, сакрыстыяніна, візітатараў і візітатарак хворых, кантараў і іншых. Душпастырам быў адзін з айцоў бернардынаў. Брацтва мела ўласную пячатку і выдавала ўдзельнікам друкаваныя дыпломы.
Удзельнікі брацтва збіраліся на малітву ў іўеўскай святыні ля бакавога алтара ў гонар святой Ганны, дзе быў размешчаны абраз “Навучанне Марыі”. Але трэба ўдакладніць, што абраз, які сёння знаходзіцца ў гэтым касцёле, датуецца 1894 годам, а той, першапачатковы, у пачатку мінулага стагоддзя быў перададзены ў капліцу ва Урцішках, дзе захоўваецца да нашага часу.
Такім чынам, мы бачым, што культ святой Ганны распаўсюджаны на іўеўскай зямлі і мае глыбокія гістарычныя карані. На сённяшні дзень мы маем багатую матэрыяльную спадчыну, звязаную са святой. Але вельмі важна ўсведамляць, што толькі праз малітву да святой Ганны можна атрымаць Божыя ласкі, так неабходныя кожнаму.
Раман Ярмош, Марына Пазняк