Калі не ў кожнай другой, то, напэўна, у кожнай трэцяй святыні ў Гродзенскай дыяцэзіі маецца абраз ці фігура Антонія Падуанскага. Гэта адзін з самых папулярных святых у Каталіцкім Касцёле, які здабыў ушанаванне таксама і на нашых землях.
Бласлаўлёны дождж
Гавораць, у Струбніцы, што ў 80-ці км ад Гродна, на парафіяльны фэст у гонар св. Антонія раней было шматлюдна. Сюды прыязджалі вернікі з суседніх парафій і нават з-за мяжы. Тут знаходзіцца найстаражытнейшы касцёл на Мастоўшчыне пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы.
Асаблівай пашанай у мясцовых жыхароў карыстаецца св. Антоній. Яго фігура змешчана ў бакавым алтары. Ля ўвахода ў храм можна ўбачыць вялікі камень-следавік. Па легендзе, святы пакінуў на ім адбітак сваёй ступні.
Касцел Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы
А яшчэ бытуе павер’е, што св. Антоній спасылае ў дзень фэсту на струбніцкую зямлю дождж. Старажылы прыгадваюць, што на іх памяці гэта паўтараецца з года ў год: “Нават калі смаліць сонца і на небе ні воблака – хоць трохі, але пакрапіць”. Магчыма, гэта неяк звязана з тым, што людзі раней маліліся праз заступніцтва святога, каб Бог захаваў ад неўраджаю.
І хоць парафія сёння зусім не шматлікая, культ св. Антонія тут жывы. Кожны дзень на св. Імшы ўзгадваецца яго імя. Да святога таксама шмат звяртаюцца з асабістымі просьбамі, найчасцей – каб адшукаць згубленыя рэчы. І нават мясцовы пробашч жартуе: “Калі трэба мяне знайсці, памаліцеся да св. Антонія”.
13 чэрвеня – літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага
Яго імем
На тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі маюцца касцёлы пад тытулам св. Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы, а таксама пад тытулам св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы, што на Шчучыншчыне. Там захоўваюцца рэліквіі святога.
– Я шмат гадоў прыкладваў намаганні, каб рэліквіі св. Антонія з’явіліся ў нашым касцёле, – распавядае кс. канонік Ян Рэйшаль, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку. – І ўрэшце на адпуст яны знойдуць сваё месца ў святыні.
На тэрыторыі пры мясцовым касцёле адбудзецца асвячэнне фігуры св. Антонія. Яна была ўстаноўлена сёлета з нагоды 170-годдзя кансэкрацыі святыні.
У дыяцэзіі маецца таксама капліца пад тытулам св. Антонія Падуанскага ў Карэвічах, якая адносіцца да парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. І яшчэ адна капліца пад тытулам св. Антонія Падуанскага знаходзіцца ў Клявіцы (парафія Граўжышкі, на Ашмяншчыне).
Шматлікія воты ля старадаўніх абразоў, практыка адпраўлення складковых Імшаў з інтэнцыямі да св. Антонія сведчаць аб асаблівым ушанаванні яго таксама ў многіх іншых святынях дыяцэзіі.
На гербе мястэчка
Бадай жа найбольш распаўсюджаны і ўкаранёны культ св. Антонія ў мясцовай традыцыі ў Адэльску. У 2010 годзе ў аграгарадку быў асвечаны помнік у гонар святога, зацверджаны герб з яго выявай. У касцёле захоўваюцца рэліквіі заступніка мястэчка.
Штогод тут ладзіцца грандыёзны фэст у гонар св. Антонія. З даўніх часоў на яго з’язджаюцца людзі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы, Расіі. У 2019 годзе ў Адэльск на ўрачыстасці прыбыла арганізаваная пешая пілігрымка з Гродна.
Апошні дзесятак гадоў фэст святкуецца на мясцовым узроўні, і гэты дзень нават з’яўляецца вольным ад працы. Здаўна тут, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, “бежмаванне на Антонія” і іншыя сакраманты. Сёлета парафіяне прымаюць перэгрынацыю копій цудадзейных абразоў Маці Божай з марыйных санктуарыяў Беларусі, духоўна рыхтуюцца да фэсту праз 40-гадзіннае набажэнства.
Урачыстасці ў гонар св. Антонія на Гродзеншчыне, 13 чэрвеня
Малая Бераставіца – адпустовая св. Імша ў 12.00
Каменка – адпустовая св. Імша ў 18.30
Струбніца – адпустовая св. Імша ў 12.00
Адэльск – “вігілійная” св. Імша з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 12 чэрвеня ў 18.00, працэсія з фігурай святога вакол касцёла; адпустовая св. Імша з удзелам арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча 13 чэрвеня ў 12.00, святочная праграма
Жалудок – адпустовая св. Імша з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 10.00, на якой у касцёл будуць унесены рэліквіі св. Антонія
Ліда – св. Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў 8.00, 9.00, 18.30
Гродна – св. Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў 7.30, 9.00, 10.30, 12.30, 19.00; св. Імшы ў касцёле Маці Божай Анёльскай у 8.00, 9.30, 11.00, 12.30, 19.00
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла