Пантыфікат св. Яна XXIII доўжыўся няпоўныя 5 гадоў (1958–1963 гг.), аднак за гэты час быў зроблены вялікі ўклад у мадэрнізацыю Касцёла ва ўмовах зменлівага свету. Папа паспеў арганізаваць II Ватыканскі сабор, паспрыяў дыялогу Касцёла з іншымі краінамі, рэлігіямі і канфесіямі, а таксама ангажыраваўся ў мірнае вырашэнне кубінскага крызісу. Яго апошняя энцыкліка Pacem in terris (“Мір на зямлі”), апублікаваная 60 гадоў таму 11 красавіка, вядома як Пасланне міру папы Яна ХХIII.
“[...] і да ўсіх людзей добрай волі”
У традыцыйным звароце на пачатку энцыклікі св. Ян ХХІІІ упершыню ў гісторыі Касцёла выкарыстаў фармулёўку “і да ўсіх людзей добрай волі”. Звычайна такія дакументы Пантыфікі кіравалі да духавенства і вернікаў. Можна сустрэць меркаванні, што, між іншым, папярэдні досвед дыпламатычных місій у розных краінах, а таксама вопыт сталага назіральніка ў UNESCO дапамаглі Анджэла Ранкалі, будучаму Пантыфіку, глыбей зразумець неабходнасць супрацоўніцтва з рознымі людзьмі, якіх, незалежна ад перакананняў, аб’ядноўвае жаданне дзейнічаць на карысць дабра.
Важны голас Папы
Энцыкліку Pacem in terris цалкам перадрукавала амерыканская газета New York Times, а яе тэкст адмыслова быў уручаны тагачаснаму сакратару ААН. Таксама дакумент быў пазітыўна прыняты ў Савецкім Саюзе. Энцыкліка стала першай у гісторыі, падпісанне якой Пантыфікам перадавалася па тэлебачанні. Гэтыя адметнасці сведчаць аб тым, што яна мела вялікае значэнне не толькі ў каталіцкім асяроддзі, але і ва ўсім свеце, які апынуўся пад пагрозай ядзернай вайны.
Папярэджвалі дакумент таксама звароты Святога Айца да кіраўнікоў краін, публічныя прамовы... Св. Ян XXIII заклікаў вырашаць усе спрэчныя пытанні за сталом перамоў. З уласнага досведу ён ведаў, якую трагедыю прыносіць ваенны канфлікт. Падчас Першай сусветнай вайны служыў санітарам у войску, а пасля – капеланам. У гады Другой сусветнай вайны прычыніўся да ратавання габрэяў з краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Закранаючы асновы
Хоць папярэднікі Пантыфіка таксама закраналі пытанні людскіх свабод, Pacem in terris стала першым такога кшталту дакументам Касцёла, дзе сістэматычна і поўна былі пералічаны правы і абавязкі чалавека. Іх асновай было названа натуральнае права кожнай асобы і яе годнасць.
Энцыкліка змяніла традыцыю каталіцкага навучання ў гэтай галіне і стала асновай для пасаборнай дэкларацыі пра рэлігійную свабоду Dignitatis humanae (“Вартасць чалавечай асобы”). У яе першай частцы чытаем: “Правы чалавека ўключаюць у сябе [...] магчымасць пакланяцца Богу ў адпаведнасці з патрабаваннямі свайго чыстага сумлення і вызнаваць сваю рэлігію ў прыватным і публічным парадку” (14); “Чалавек таксама мае права на законную абарону сваіх правоў і на эфектыўную, роўную для ўсіх і адпаведную сапраўдным прынцыпам справядлівасці абарону” (27).
Адкрытасць на дыялог
Звяртаючыся да католікаў у апошняй частцы Pacem in terris у падраздзеле пад загалоўкам “Супрацоўніцтва католікаў з некатолікамі ў сферы зямных спраў” Святы Айцец піша: “Аднак у той жа час [католікі] павінны заняць аб’ектыўнае добразычлівае стаўленне да поглядаў іншых, не спрабаваць павярнуць усё на сваю карысць і праяўляць гатоўнасць да лаяльнага супрацоўніцтва ў імкненні агульнымі сіламі дасягнуць таго, што альбо добрае па сваёй прыродзе альбо да дабра вядзе” (157). Гэтыя словы, напісаныя напрыканцы пантыфікату, сталі адлюстраваннем дзеянняў Папы, накіраваных на будаванне дыялогу ў экуменічным напрамку.
Св. Ян ХХІІІ быў першым біскупам Рыма, які ад моманту разарвання адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Касцёлам Англіі (1534 г.) прыняў на прыватнай аўдыенцыі англіканскага арцыбіскупа кентэрберыйскага Джэфры Фішэра. Пасля распачацця Другога Ватыканскага Сабору Пантыфік сустрэўся і з шэрагам іншых прадстаўнікоў пратэстанцкіх Касцёлаў. Ён быў асобай, якая шукала таго, што аб’ядноўвае таксама з прадстаўнікамі ўсходняга хрысціянства і юдаізму.
У інтэрв’ю для Ватыканскага радыё з нагоды 50-годдзя абвяшчэння энцыклікі Pacem in terris асабісты сакратар папы Яна ХХІІІ арцыбіскуп Ларыс Капавіла сказаў пра яго так: “Ян ХХІІІ не сцвярджаў, што здольны вырашыць усе праблемы, – ён толькі заклікаў усіх без выключэння ставіцца адзін да аднаго, як браты, дзеці Божыя”.
Папа правоў чалавека, Папа надзеі і запрашэння, “добры Папа”… Адзначыўшыся адкрытасцю і чалавекалюбствам, а таксама рашучасцю і паслядоўнасцю, ён здолеў зрабіць так шмат для Каталіцкага Касцёла і ўсяго свету.
Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская