Святыя – хто яны? Нехта можа сказаць, што да такіх людзей адносяцца Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты ці нават Мар’яна Бярнацкая, якая аддала жыццё за іншага чалавека на нашай зямлі. Яны сапраўды святыя. Яны шмат зрабілі для Бога і людзей. А ці можна сёння сустрэць святога?
Чаму мы не бачым святых
Святыя жывуць сярод нас, у нашых сем’ях і супольнасцях. Вось толькі часта сучаснаму чалавеку, які мае прытуплены зрок, заўважыць іх няпроста.
На экране гаджэта іншы вобраз “святога” – гэта суперэлегантная асоба з модным гадзіннікам, аўтамабілем, якою захапляюцца ўсе, якой заўсёды шанцуе. Сучасны чалавек аслеп, углядаючыся ў манітор камп’ютэра ці смартфона, дзе ўжо мала што засталося ад сапраўднай рэальнасці. Віртуальны свет захоплівае, але трэба ўмець глядзець за межы экрана і адрозніваць натуральнае жыццё ад “падробкі”.
Святыя побач з намі
Кожны з нас штодзённа сустракае святых. Цяжка паверыць? Трэба ўважліва глядзець, і мы іх абавязкова заўважым.
Вы можаце спытаць: “Дзе? Калі?”. Тады, калі заходзім у краму, а прадавец сустракае з усмешкай. Калі спадарыня, якая стаіць за прылаўкам, падае нам каўбасу з душэўным “калі ласка”. Калі заходзім у перапоўнены аўтобус, а хтосьці адступае на два крокі, каб вызваліць месца для іншага. Калі бачым маладую маму, якая вядзе дзяцей у садок ці школу і цярпліва тлумачыць непаседам правілы дарожнага руху. Калі малады чалавек нахіляецца, каб вярнуць білет, які выпаў з кішэні старэйшай асобы. Калі кожны дзень з сэрцам і адданасцю, нягледзячы на мізэрны заробак і адсутнасць матывацыі, звычайны камунальны работнік, службовец, механік, пекар ці інжынер становіцца на сваё працоўнае месца, каб служыць іншым. І трэба сказаць, што яны і ёсць святыя! Хоць мала хто з іх будзе ўзнесены да хвалы алтара.
Святасць з’яўляецца бескарыслівым дарам сябе іншаму.
Усе вядомыя нам святыя штодзённа займаліся звычайнымі справамі, якім надавалі незвычайныя значэнні, можна сказаць, звышнатуральныя, боскія. Бо які ж гэта ўчынак – сапраўды вучыць, як св. Ян Боско, сапраўды лячыць, як св. Ян Божы, сапраўды клапаціцца пра прыроду, як св. Францішак Асізскі, сапраўды быць дзіцём, як св. Станіслаў Костка, сапраўды быць сужэнствам, сям’ёй, як святыя Зэлія і Людвік Мартэн – бацькі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, сапраўды быць сябрам, на якога заўсёды можна разлічваць, як П’ер Джорджыа Фрасаці…
Убачым дабро ў людзях
Ці бачым цяпер, колькі яшчэ святых жыве вакол нас? Кожны дзень праходзім каля іх, не звяртаючы ўвагі на тое, колькі робяць дабра. Многія людзі жывуць згодна прынцыпу “што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых, вы Мне зрабілі” (параўн. Мц 25, 40). Аднойчы яны пачулі, што былі названы Богам па імені. А можа, я таксама адзін з іх?
Нягледзячы на столькі зла і нянавісці, якія пануюць навокал, дастаткова супакоіць рассеяны зрок, які сочыць за тысячамі сенсацыйных навін, а слых суцішыць спакойнымі гукамі прыроды, каб заўважыць, што свет поўны добрых людзей. Людзей, падобных да таго, нелюбімага ў часы Хрыста, самараніна, які сустракае збітага разбойнікамі чалавека. Нягледзячы на нежаданне ўсяго свету, менавіта ён аказаўся самым чалавечным, г. зн. святым чалавекам.
Таму давайце імкнуцца да высокіх ідэалаў. Мы ўсе можам дасягнуць гэтых вышынь – не толькі адзінкі. Будзьма святымі, бо наш Пан святы!
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч